Кожны чалавек бяз веданьня — дурны, будзе асаромлены кожны залатар, [які робіць] ідала, бо тое, што зрабіў, падман, і няма духа ў іх.
Яны бачаць марнасьць і прарочаць фальшыва, кажучы: “Кажа ГОСПАД”, а ГОСПАД не пасылаў іх, і яны чакаюць, што споўніцца слова [іхняе].
Дзеля гэтага вось, надыходзяць дні, і Я наведаю Бабілон, і ўся зямля ягоная будзе асаромленая, і ўсе забітыя будуць ляжаць пасярод яго.
А з рэштак робіць бога, ідала для сябе, перад якім кленчыць, якому пакланяецца, і моліцца да яго, кажучы: «Ратуй мяне, бо ты — бог мой!»
Ніхто ня можа служыць двум панам; бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць, ці аднаго будзе трымацца, а другім пагарджаць. Ня можаце Богу служыць і мамоне.
Ідалы народаў — срэбра і золата, творы рук чалавечых.
Маюць вусны, і не гавораць, маюць вочы, і ня бачаць;
маюць вушы, і ня чуюць, і духу няма ў вуснах іхніх.
Падобныя да іх будуць тыя, што робяць іх, усе, хто на іх спадзяецца.
Яны ставяць валадароў, але без Мяне; ставяць князёў, але Я ня ведаю [пра гэта]. Са срэбра свайго і золата свайго зрабілі ідалаў для сябе на загубу сваю.
Але тое, што заколваюць пагане, для дэманаў заколваюць, а не для Бога. А я не хачу, каб вы сталіся супольнікамі дэманаў.
і ня зьявіцца ўжо ў табе сьвятло сьвечкі, і голас жаніха і нявесты ня будзе чутны ўжо ў табе, бо купцы твае былі магнатамі зямлі, бо чараваньнямі тваімі падманутыя ўсе народы.
Бо Эгіпет — чалавек, а ня Бог; і коні іхнія — гэта цела, а ня дух! І ГОСПАД узьніме руку Сваю, і спатыкнецца той, які дапамагае, і ўпадзе той, якому дапамагаюць, і ўсе яны разам загінуць.
Бо народ Мой забыўся пра Мяне, для марноты яны паляць кадзіла! І будуць яны спатыкацца на шляхах сваіх, на сьцежках старадаўніх, будуць хадзіць па сьцежках, па дарозе няходжанай.
Дык адносна ежы, ахвяраванай ідалам, мы ведаем, што ідал у сьвеце — нішто, і што няма іншага Бога, акрамя Аднаго.
I ўсё, што Я сказаў вам, захоўвайце, і імя багоў іншых ня ўзгадвайце, няхай ня будзе чуваць [яго] з вуснаў тваіх.
якія кажуць відушчым: «Ня мейце відзежаў!», а прадказальнікам: «Не прадказвайце нам гэтых рэчаў справядлівых, але кажыце нам тое, што нам падабаецца, прадказвайце нам прыемнае.
Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў: “Ня слухайце словаў прарокаў, якія прарочаць вам. Яны зводзяць вас; прамаўляюць прыдумкі сэрца свайго, а ня [слова] з вуснаў ГОСПАДА.
Яны замянілі праўду Божую на хлусьню, і пакланяліся, і служылі стварэньню замест Таго, Які стварыў, Які дабраслаўлёны на вякі. Амэн.
Я не пасылаў прарокаў гэтых, а яны [самі] пабеглі. Я не прамаўляў да іх, а яны прарочаць.
І станецца ў той дзень, кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Я вынішчу імёны ідалаў з зямлі, і ня будуць іх болей узгадваць, і таксама прарокаў [фальшывых] і духа нячыстага Я выганю з зямлі.
І пайшла ты да валадара з алеем, і павялічыла масьці свае, і паслала далёка пасланцоў сваіх, і зыходзіла аж да адхлані.
якія кажуць дрэву: “Ты — бацька мой”, і камяню: “Ты мяне нарадзіў”. Бо яны павярнуліся да Мяне плячыма, а не абліччам, але ў часе гора свайго клічуць: “Устань і ратуй нас!”
Ён жа, адказваючы, сказаў яму: «Напісана: “Ня хлебам адным будзе жыць чалавек, але ўсякім словам, што выходзіць з вуснаў Божых”».
Павернуцца назад і засаромяцца сорамам тыя, якія спадзяваліся на ідалаў, якія казалі балванам: «Вы — богі нашыя».
Калі будзеш клікаць, не абароніць цябе зграмаджэньне [ідалаў] тваіх, але ўсіх іх разьвее вецер і падхопіць бура. А хто спадзяецца на Мяне, возьме ў спадчыну зямлю і паселіцца на гары Маёй сьвятой.
І сталася, праз розгалас пра распусту сваю яна апаганіла зямлю гэтую і чужаложыла з камянём і дрэвам.
Асаромяцца ўсе, што балванам служаць, што ідаламі сваімі хваляцца. Пакланіцеся Яму, усе богі!
Яны вярнуліся да беззаконьня бацькоў сваіх даўнейшых, якія не хацелі слухаць словаў Маіх, і яны пайшлі да багоў чужых, каб служыць ім. Дом Ізраіля і дом Юды зламалі запавет Мой, які Я заключыў з бацькамі іхнімі.
Памножацца прыкрасьці ў тых, якія сьпяшаюцца за [богам] чужым; я ня буду выліваць ахвяры іхняй крывавай, ані імёнаў іхніх ня буду браць у вусны мае.
І пойдуць гарады Юды і жыхары Ерусаліму, і будуць клікаць багоў, якім яны кадзілі, але яны ня выратуюць іх у час бяды.
[Ёсьць такі,] што забівае ў ахвяру вала і забівае чалавека; ахвяроўвае барана і скручвае галаву сабаку, складае ахвяру хлебную і ўжывае кроў сьвіньні, паліць кадзіла і шануе ідала. Як яны выбралі шляхі свае, і душа іхняя ўпадабала брыдоту,
І ўзялі яны бычка, якога ён даў ім, і падрыхтавалі, і клікалі імя Баала ад раніцы аж да паўдня, кажучы: «Баал, адкажы нам!» Але не было ані голасу, ані адказу. І яны скакалі кругом ахвярніка, які зрабілі.
І апоўдні Ільля пачаў сьмяяцца з іх, і казаў: «Клічце моцным голасам, бо гэта ж бог. Можа, ён нечым заняты, або недзе выйшаў, або ў дарозе, або сьпіць, і яго трэба пабудзіць».
Адказаў Данііл валадару і сказаў: «Таямніцу, якую валадар патрабуе, ня могуць патлумачыць валадару ані мудрацы, ані астролягі, ані чараўнікі, ані варажбіты.
І рэшта людзей, што не была забітая плягамі гэтымі, не навярнулася ад справаў рук сваіх, каб не пакланяцца дэманам і ідалам залатым, і срэбным, і мядзяным, і каменным, і драўляным, якія ані бачыць ня могуць, ані чуць, ані хадзіць;
Гэта кажа ГОСПАД. Не вучыцеся шляху народаў гэтых і ня бойцеся знакаў нябесных, бо іх баяцца народы гэтыя.
Не заключай запавет з жыхарамі той зямлі, бо яны будуць распусьнічаць з багамі сваімі, і будуць складаць ахвяры багам сваім, і паклічуць цябе, і ты будзеш есьці ахвяры іхнія,
падымаюць яго на плечы і носяць, і стаўляюць яго на месцы ягоным; і ён стаіць, і з месца свайго ня рухаецца, а калі хто кліча яго, не адказвае і ад бяды не ратуе.
І прыбраў ён службітаў паганскіх, якіх паставілі валадары Юды, і якія кадзілі на ўзгорках у гарадах Юды і ў ваколіцах Ерусаліму, і якія кадзілі Баалу, сонцу, месяцу, сузор’ям і ўсяму войску нябеснаму.
Я зьнішчаю знакі брахлівых і выяўляю дурасьць прадказальнікаў, адсылаю назад мудрацоў і веданьне іхняе ператвараю ў глупоту.
Бо тыя народы, у зямлю якіх ты ўваходзіш, слухаюць тых, хто глядзіць на аблокі ці займаецца варажбой; гэтага не дазваляе табе ГОСПАД, Бог твой.
Але прыйдзе да цябе і тое, і іншае. Раптам, у адзін дзень і сіроцтва, і ўдоўства зваляцца на цябе, нягледзячы на мноства чараваньняў тваіх, нягледзячы на моц мноства заклёнаў тваіх.
А ГОСПАД — Бог праўдзівы. Ён — Бог жывы і Валадар вечны. Ад гневу Ягонага дрыжыць зямля, і народы ня могуць устаяць перад гневам Ягоным.
Вось так кажыце ім: “Богі, якія не стварылі неба і зямлю, зьнікнуць з зямлі і з-пад неба гэтага”.
А ўчынкі цела яўныя, яны ёсьць чужалоства, распуста, нячыстасьць, бессаромнасьць,
Вось я, Павал, кажу вам, што, калі вы абрэзваецеся, Хрыстос вам ня дасьць ніякай карысьці.
ідалапаклонства, чараўніцтва, варожасьць, сваркі, рэўнасьць, ярасьць, сварлівасьць, нязгода, герэзіі,
зайздрасьць, забойствы, п’янства, гулянкі і падобнае гэтаму. Гэта наперад кажу вам, як і раней казаў, што тыя, якія гэтак робяць, не ўспадкаемяць Валадарства Божага.
І правёў ён сына свайго праз агонь, і займаўся варажбой і чараваньнямі, і паставіў тых, што выклікаюць духаў памерлых, і варажбітоў, і шмат рабіў ён зла ў вачах ГОСПАДА, каб гнявіць Яго.
Бо непакорнасьць — [такі самы] грэх, як варажба, а сваволя — як пакланеньне ідалам. За тое, што ты адкінуў слова ГОСПАДА, Ён адкінуў цябе, як валадара».
Бо гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля. Няхай ня зводзяць вас прарокі вашыя, якія сярод вас, і варажбіты вашыя; не зьвяртайце ўвагі на сны вашыя, якія вы сьніцё.
І таксама Ёсія вынішчыў тых, якія выклікалі духаў памерлых, і варажбітоў, і [зьнішчыў] тэрафімаў, ідалаў і ўсе брыдоты, якія былі бачаныя ў зямлі Юды і ў Ерусаліме, каб выканаць словы Закону, запісаныя ў кнізе, якую знайшоў сьвятар Хількія ў Доме ГОСПАДА.
і даволі з тых, што займаліся непатрэбнымі вучэньнямі, папрыносіўшы кнігі, спалілі перад усімі, і палічылі кошт іхні, і знайшлі пяцьдзясят тысячаў срэбнікаў.
І вы ня слухайце прарокаў вашых, і варажбітоў вашых, і сноў вашых, і прадказальнікаў вашых, і чараўнікоў вашых, якія вам гавораць, кажучы: “Ня будзеце служыць валадару Бабілонскаму”.
Няхай ня знойдзецца ў цябе той, хто сына свайго або дачку праводзіць праз агонь, ці глядзіць на аблокі, ці займаецца варажбой ці чараваньнем,
ці займаецца заклёнамі, пытаецца ў духаў [памёршых] або выклікае памёршых.
Бо агідны для ГОСПАДА кожны, хто гэтак робіць. Дзеля гэтых брыдотаў выганяе іх ГОСПАД ад аблічча твайго.
І калі скажуць вам: «Спытайцеся ў тых, якія выклікаюць духаў памерлых і ў варажбітоў, якія цьвіркочуць і мармычуць», [адкажыце]: «Ці ж народ ня мусіць зьвяртацца да Бога свайго? Ці ж у памёршых [пытацца] пра жывых?»
Яны — як пудзіла на гародзе, яны не гавораць і, носячы, носяць іх, бо ня ходзяць яны. Ня бойцеся іх, бо ня могуць яны рабіць ані ліхое, ані добрае.
І супраць душы, якая зьвернецца да тых, што выклікаюць духаў [памерлых], або да варажбітоў, каб распусьнічаць з імі, Я зьвярну аблічча Маё, і выкараню яго спаміж народу яго.
Ідалы іхнія — срэбра і золата, творы рук чалавечых.
Маюць вусны, і не гавораць; маюць вочы, і ня бачаць;
маюць вушы, і ня чуюць, маюць ноздры, і нюху няма;
рукі ў іх, і ня мацаюць; ногі ў іх, і ня ходзяць; і не выказваюцца горлам сваім.
І сказаў ГОСПАД мне: «Прарокі гэтыя хлусьню абвяшчаюць у імя Маё. Я не пасылаў іх, і не загадваў ім, і не прамаўляў да іх. Відзежы хлусьлівыя, прадказаньні пустыя, мары сэрцаў сваіх — вось што яны прарочаць вам.
Заставайся з заклёнамі тваімі і з мноствам чараваньняў тваіх, у якіх практыкавалася ад юнацтва твайго. Можа, будзеш мець з іх карысьць, а можа, напалохаеш [каго].
Ты стамілася ад мноства дарадцаў тваіх. Няхай стануць і ратуюць цябе тыя, якія мераюць неба і глядзяць за зоркамі, і прадказваюць на кожны месяц, што мае прыйсьці да цябе.
Бо балваны гавораць беззаконьне, і прадказальнікі бачаць хлусьню і распавядаюць пра сны марныя, пацяшаюць марнасьцю. Дзеля гэтага яны бадзяюцца, як авечкі; яны прыгнечаныя, бо няма пастыра.
І ён праводзіў сыноў сваіх праз агонь у даліне Бэн-Гінном, і гадаў, і чараваў, і варажыў, і паставіў тых, якія выклікаюць мёртвых, і тых, якія выклікаюць духаў, і павялічваў учынкі ліхія ў вачах ГОСПАДА, каб гнявіць Яго.
I паклікаў фараон мудрацоў і чараўнікоў, і ўчынілі варажбіты Эгіпецкія варажбою сваёю тое самае.
А звонку — сабакі і чараўнікі, і распусьнікі, і забойцы, і ідалапаклоньнікі, і ўсе, якія любяць і чыняць падман.
Не рабіце сабе ідалаў і выяваў, і не стаўляйце слупоў, і каменных фігураў не стаўляйце ў зямлі вашай, каб пакланяцца ім. Бо Я — ГОСПАД, Бог ваш.
І наблізіўся Ільля да ўсяго народу, і сказаў: «Дакуль вы будзеце кульгаць на абедзьве нагі? Калі ГОСПАД ёсьць Бог, ідзіце за Ім, а калі Баал — [бог], ідзіце за ім». Але народ ані слова не адказаў яму.
Зьбярыцеся і прыходзьце, наблізьцеся разам, выратаваныя з народаў. Ня ведаюць [нічога] тыя, якія носяць драўлянага ідала свайго і моляцца да бога, які ня можа збавіць.
Народ Мой пытаецца ў дрэва свайго, і кій ягоны адказвае яму, бо дух распусты зьвёў у аблуду [яго], і яны чыняць распусту, [адступаючы] ад Бога свайго.
Былі ж і фальшывыя прарокі, як і ў вас будуць фальшывыя настаўнікі, якія ўвядуць згубныя герэзіі і адракуцца Уладара, Які адкупіў іх, сьцягваючы на сябе хуткую загубу.
Улюбёныя! Ня ўсякаму духу верце, але выпрабоўвайце духаў, ці ад Бога яны, бо шмат фальшывых прарокаў прыйшло ў сьвет.
Гэта кажа ГОСПАД: «Пракляты чалавек, які спадзяецца на чалавека і які цела робіць рамяном [сваім], а ад ГОСПАДА адварочваецца сэрца ягонае!
А для палахлівых і бязьверных, і брыдотных, і забойцаў, і распусьнікаў, і чараўнікоў, і ідалапаклоньнікаў, і ўсіх хлусьлівых частка іхняя — у возеры, якое палае агнём і серкаю. Гэта — другая сьмерць».
Бо паўстануць фальшывыя хрысты і фальшывыя прарокі і дадуць вялікія знакі і цуды, каб падмануць, калі магчыма, і выбраных.
Калі паўстане сярод цябе прарок або той, які сьніць сны, і пакажа табе знак або цуд.
Укамянуй яго камянямі, і ён памрэ, бо ён хацеў адцягнуць цябе ад ГОСПАДА, Бога твайго, Які вывеў цябе з зямлі Эгіпецкай, з дому няволі.
І ўвесь Ізраіль пачуе гэта, і будзе баяцца, і кіне рабіць гэткія рэчы, ліхоту ў асяродзьдзі тваім.
Калі пачуеш у адным з гарадоў тваіх, якія ГОСПАД, Бог твой, дае табе на пражываньне, як нехта кажа:
“Выйшлі з асяродзьдзя твайго людзі, сыны Бэліяла, і яны зводзяць жыхароў гораду свайго, кажучы: "Хадзем і будзем служыць багам чужым, якіх ня ведаеце"”, —
тады распытай, і дасьледуй, і добра правер. І вось, праўду гаворыць слова гэтае і такую брыдоту робяць у асяродзьдзі тваім.
Тады, забіваючы, забі вострывам мяча жыхароў гораду гэтага і аддай закляцьцю яго і ўсё, што ў ім; і жывёлу ягоную [заб'еш] вострывам мяча.
А ўсю здабычу з яго зьбяры на сярэдзіну плошчы і спалі агнём горад і ўсю здабычы дашчэнту для ГОСПАДА, Бога твайго, і будзе ён у руінах на вякі, і не адбудуецца болей.
І няхай не прыліпне да рукі тваёй нічога з заклятага, каб ГОСПАД адвярнуў ярасьць гневу Свайго, і зьявіў табе літасьць, і зьлітаваўся над табой, і памножыў цябе, як Ён прысягнуў бацькам тваім,
калі будзеш слухаць голас ГОСПАДА, Бога твайго, захоўваючы ўсе прыказаньні Ягоныя, якія я загадваю табе сёньня, і робячы тое, што слушна ў вачах ГОСПАДА, Бога твайго.
і споўніцца той знак або цуд, які ён прадказаў, і скажа [той прарок]: “Пойдзем за іншымі багамі, якіх ты ня ведаеш, і будзем ім служыць”,
ня слухай словаў такога прарока або таго, які сьніць сны, бо выспрабоўвае вас ГОСПАД, Бог ваш, каб даведацца, ці ты любіш ГОСПАДА, Бога твайго, усім сэрцам тваім і ўсёй душой тваёй.
Вось, Я — супраць прарокаў са снамі фальшывымі, кажа ГОСПАД, яны распавядаюць іх і падманваюць народ Мой хлусьнёй сваёй і махлярствам сваім. Я не пасылаў іх і не загадваў ім; і няма ад іх карысьці для народу гэтага, кажа ГОСПАД.
Вы кажаце: «Мы заключылі запавет са сьмерцю і з адхланьню зрабілі дамову. Калі пройдзе біч навалы [ворагаў], ён ня дойдзе да нас, бо хлусьню мы зрабілі прыстанішчам нашым, і ў ашуканстве мы схаваліся».
І памёр Саўл за правіну сваю, якою правініўся супраць ГОСПАДА, супраць слова ГОСПАДА, якога ён не пільнаваў, і таксама за тое, што пытаўся ў чараўніцы, каб шукаць рады,
[Зьвяртайцеся] да Закону і да сьведчаньня! Калі яны ня будуць казаць паводле слова гэтага, няма для іх [сьвятла] зараніцы.
А Дух выразна кажа, што ў апошнія часы некаторыя адыйдуць ад веры, зважаючы на духаў падманлівых і вучэньні дэманавы,
Глядзіце, каб хто не збаламуціў вас філасофіяй і пустым падманам паводле традыцыі чалавечай, паводле стыхіяў сьвету, а не паводле Хрыста.