ІСАІ 42 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Іс 42 1 Вось, Слуга Мой, Якога Я трымаю, выбраны Мой, у Якім мае ўпадабаньне душа Мая. Я ўсклаў Дух Мой на Яго, і Ён дасьць суд народам. 2 Ён ня будзе крычаць і ня ўзьніме [голас], і ня будзе чуцён голас Ягоны на вуліцах. 3 Трысьціны надламанай ня зломіць, і лёну, які дыміцца, не патушыць. Ён прынясе суд у праўдзе. 4 Ён ня стоміцца і не зьняможацца, аж пакуль не ўстановіць на зямлі суд, і на Закон Ягоны чакаюць астравы. 5 Гэта кажа Бог, ГОСПАД, Які стварыў неба і расьцягнуў яго, Які ўмацаваў зямлю і тое, што вырастае з яе, Які даў дыханьне людзям на ёй і духа [ўсім] тым, якія ходзяць па ёй. 6 Я, ГОСПАД, паклікаў Цябе ў праведнасьці, і Я буду трымаць Цябе за руку Тваю і ахоўваць Цябе, і Я пастаўлю Цябе як запавет для народу, як сьвятло для паганаў, 7 каб адкрыць вочы сьляпым, і вывесьці з няволі вязьняў і з вязьніцы тых, якія сядзяць у цемры. 8 Я — ГОСПАД, гэта імя Маё; і славы Маёй Я не аддам іншаму, і хвалы Маёй — ідалам. 9 Вось, [прадказаныя] раней [падзеі] прыйшлі, і новыя Я паведамлю; перш, чым яны зьдзейсьняцца, Я дам пачуць вам [пра іх]. 10 Сьпявайце ГОСПАДУ сьпеў новы, хвалу Ягоную — з канцоў зямлі. Няхай шуміць мора і ўсё, што ў ім, астравы і жыхары іхнія. 11 Няхай радуецца пустыня і гарады ейныя, паселішчы, у якіх жыве Кедар! Няхай гамоняць радасна жыхары Сэлі, з вяршыняў гор няхай усклікаюць. 12 Няхай аддаюць славу ГОСПАДУ і хвалу Ягоную абвяшчаюць на астравах! 13 ГОСПАД прыходзіць, як волат і як ваяр, выклікае на бой, узьнімае кліч, гукае пераможна над ворагамі Сваімі. 14 Я маўчаў ад вякоў, стрымліваўся, цярпеў; [цяпер] буду крычаць, як тая, якая нараджае, буду стагнаць і глытаць паветра. 15 Спустошу горы і ўзгоркі, і высушу ўсю зеляніну іхнюю, і перамяню рэкі ў астравы, а азёры высушу. 16 І Я павяду сьляпых па шляху, якога ня ведаюць, і па сьцежках, якіх ня ведаюць, дам ім хадзіць. І перамяню цемру перад абліччам іхнім у сьвятло, і крывыя шляхі выпрастую. Гэтыя ўсе словы Я споўню і не пакіну іх. 17 Павернуцца назад і засаромяцца сорамам тыя, якія спадзяваліся на ідалаў, якія казалі балванам: «Вы — богі нашыя». 18 Глухія, слухайце, і вы, сьляпыя, углядайцеся, каб бачыць! 19 Хто так сьляпы, як слуга Мой, і так глухі, як пасланец Мой, якога Я пасылаю? Хто сьляпы, як дасканалы [Мой]? І хто сьляпы, як слуга ГОСПАДА? 20 Ты бачыў шмат, але не зважаў; меў адкрытыя вушы, але ня чуў. 21 ГОСПАД захацеў дзеля праведнасьці Сваёй узьвялічыць Закон і праславіць [яго]. 22 Але гэты народ абрабаваны і спустошаны, усе яны ў пячорах зьвязаныя і ў вязьніцах замкнёныя; сталіся здабычай, і няма каму выратаваць; яны спустошаныя, і няма каму сказаць: «Аддай!» 23 Хто з вас паслухае гэта, зьверне на гэта ўвагу і пачуе пра будучыню? 24 Хто аддаў Якуба на рабаваньне, і Ізраіль — на спусташэньне? Хіба ня ГОСПАД, супраць Якога мы грашылі, і не хацелі хадзіць шляхамі Ягонымі, і ня слухалі Закону Ягонага? 25 І Ён выліў на яго жар гневу Свайго і жахі вайны; і палала вакол яго, але ён не пазнаў [гэтага]; і паліла яго, але ён ня браў [гэтага] да сэрца. |