ЗАХАРЫІ 13 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Зах 13 1 У той дзень адчыніцца крыніца для дому Давіда і для жыхароў Ерусаліму дзеля [абмыцьця] грэху і нячыстасьці. 2 І станецца ў той дзень, кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Я вынішчу імёны ідалаў з зямлі, і ня будуць іх болей узгадваць, і таксама прарокаў [фальшывых] і духа нячыстага Я выганю з зямлі. 3 І станецца, калі нехта будзе яшчэ прарочыць [хлусьліва], тады бацька ягоны і маці ягоная, якія нарадзілі яго, скажуць яму: «Ты ня маеш жыць, бо ты гаворыш хлусьню ў імя ГОСПАДА»; і праб’юць яго [мячом] бацька ягоны і маці ягоная, якія нарадзілі яго, за тое, што ён [хлусьню] прарочыць. 4 І станецца ў той дзень, што засаромеюцца прарокі, кожны за відзеж свой, калі прарочылі яны, і ня будуць апранаць кажух касматы, каб ашукваць. 5 І скажа ён: «Я — не прарок, я — чалавек, які абрабляе зямлю, бо зямля — набытак мой з маладосьці маёй». 6 І скажуць яму: «Што гэта за раны на руках тваіх?» І ён скажа: «Паранілі мяне ў доме тых, якія любяць мяне». 7 Абудзіся, меч, на Пастыра Майго і на Мужа, Які блізкі Мне, кажа ГОСПАД Магуцьцяў. Удар пастыра, і расьсеюцца авечкі! І Я павярну руку Маю на ягнятак. 8 І станецца на ўсёй зямлі, кажа ГОСПАД, што дзьве часткі на ёй будуць вынішчаны, загінуць, а трэцяя [частка] застанецца на ёй. 9 І Я правяду гэтую трэцюю [частку] праз агонь, і ачышчу іх, як ачышчаюць срэбра, і выспрабую іх, як выпрабоўваюць золата. Ён будзе клікаць імя Маё, і Я адкажу яму і скажу: «Гэта народ Мой», і ён скажа: «ГОСПАД — [гэта] Бог мой!» |