4 ЦАРСТВАЎ 21 - Біблія (пераклад А.Бокуна)2 Вал 21 1 Манаса меў дванаццаць гадоў, калі стаў валадаром, і пяцьдзясят пяць гадоў ён валадарыў у Ерусаліме. Імя маці ягонай — Хефцыба. 2 І рабіў ён ліхоту ў вачах ГОСПАДА паводле агідаў народаў, якіх выгнаў ГОСПАД перад абліччам сыноў Ізраіля. 3 І ён вярнуў і адбудаваў узгоркі, якія быў зьнішчыў Эзэкія, бацька ягоны, і пабудаваў ахвярнікі Баалу, і зрабіў Астарту, якую быў зрабіўшы Ахаў, валадар Ізраіля, і пакланяўся ўсяму войску нябеснаму, і служыў яму. 4 І пабудаваў ён ахвярнікі ў доме ГОСПАДА, пра які сказаў ГОСПАД: «У Ерусаліме Я зьмяшчу імя Маё». 5 І пабудаваў ён ахвярнікі ўсяму войску нябеснаму на абодвух панадворках Дому ГОСПАДА. 6 І правёў ён сына свайго праз агонь, і займаўся варажбой і чараваньнямі, і паставіў тых, што выклікаюць духаў памерлых, і варажбітоў, і шмат рабіў ён зла ў вачах ГОСПАДА, каб гнявіць Яго. 7 І паставіў ён выяву Астарты, якую зрабіў, у Доме [Божым], пра які ГОСПАД сказаў Давіду і Салямону, сыну ягонаму: «У гэтым Доме і ў Ерусаліме, які Я выбраў з усіх каленаў Ізраіля, Я зьмяшчу імя Маё на вякі. 8 І ўжо больш ня будзе нага Ізраіля блукаць далёка ад зямлі, якую Я даў бацькам іхнім, калі толькі будуць яны выконваць усё тое, што Я загадаў ім, іўвесь Закон, які даў ім Майсей, слуга Мой». 9 Але яны ня слухалі Яго, і зьвёў іх Манаса, каб рабілі горш, чым народы, якія вынішчыў ГОСПАД перад абліччам сыноў Ізраіля. 10 І прамаўляў ГОСПАД праз слугаў Сваіх, прарокаў, кажучы: 11 «За тое, што Манаса, валадар Юды, робіць брыдоты, горшыя, чым усё, яшто рабілі Амарэйцы перад ім, і ўвёў у грэх нават Юду ідаламі сваімі, 12 дзеля гэтага так кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля: “Я навяду ліха на Ерусалім і Юду, што ў кожнага, хто пачуе [пра гэта], зазьвініць у абодвух вушах ягоных. 13 І Я працягну над Ерусалімам [меральны] шнур Самарыі і грунтвагу дому Ахава, і вытру Ерусалім, як выціраецца міска, вытру і перавярну дагары дном. 14 І Я адкіну рэшту спадчыны Маёй, і аддам іх у рукі ворагаў іхніх, і стануцца яны рабункам і здабычай усіх ворагаў іхніх. 15 За тое, што яны рабілі ліхоту ў вачах Маіх і гнявілі Мяне з таго дня, як выйшлі бацькі іхнія з Эгіпту, аж па гэты дзень”». 16 Таксама Манаса праліваў вельмі шмат крыві нявіннай, аж напоўніў ёю Ерусалім ад краю да краю, ня лічачы грахоў, у якія ўвёў Юду, робячы ліхоту ў вачах ГОСПАДА. 17 А іншыя дзеяньні Манасы, і ўсё, што ён зрабіў, і грахі ягоныя, якімі грашыў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Юды. 18 І супачыў Манаса з бацькамі сваімі, і быў пахаваны ў садзе дому свайго, у садзе Узіі. І стаў валадаром пасьля яго Амон, сын ягоны. 19 Амон меў дваццаць два гады, калі стаў валадаром, і валадарыў ён у Ерусаліме два гады. Імя маці ягонай — Мэшулемэт, дачка Харуца з Ётбы. 20 І рабіў ён ліхоту ў вачах ГОСПАДА, як Манаса, бацька ягоны, 21 і хадзіў усімі шляхамі, якімі хадзіў бацька ягоны, і служыў ідалам, якім служыў бацька ягоны, і пакланяўся ім. 22 І пакінуў ён ГОСПАДА, Бога бацькоў сваіх, і не хадзіў шляхам ГОСПАДА. 23 І змовіліся супраць Амона слугі ягоныя, і забілі валадара ў доме ягоным. 24 Але народ зямлі забіў усіх, якія былі змовіўшыся супраць валадара Амона, і паставілі сабе на валадара замест яго Ёсію, сына ягонага. 25 А іншыя дзеяньні Амона, якія ён рабіў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Юды. 26 І пахавалі яго ў садзе Узіі ў магіле ягонай. І стаў валадаром пасьля яго Ёсія, сын ягоны. |