1 ЯНА 4 - Біблія (пераклад А.Бокуна)1 Ян 4 1 Улюбёныя! Ня ўсякаму духу верце, але выпрабоўвайце духаў, ці ад Бога яны, бо шмат фальшывых прарокаў прыйшло ў сьвет. 2 З гэтага вы пазнаеце Духа Божага: усякі дух, які вызнае Ісуса Хрыста, Які прыйшоў у целе, ёсьць ад Бога, 3 а ўсякі дух, які не вызнае Ісуса Хрыста, Які прыйшоў у целе, ня ёсьць ад Бога, і гэта [дух] антыхрыста, пра якога вы чулі, што ён прыйдзе, і цяпер ёсьць ужо ў сьвеце. 4 Дзеткі! Вы — ад Бога, і вы перамаглі іх, бо Той, Які ў вас, большы за таго, які ў сьвеце. 5 Яны — ад сьвету, дзеля гэтага гавораць ад сьвету, і сьвет слухае іх. 6 Мы — ад Бога. Хто ведае Бога, той слухае нас; хто не ад Бога, той ня слухае нас. З гэтага мы пазнаем духа праўды і духа падману. 7 Улюбёныя! Будзем любіць адзін аднаго, бо любоў — ад Бога, і кожны, хто любіць, народжаны ад Бога і ведае Бога. 8 Хто ня любіць, той не пазнаў Бога, бо Бог ёсьць любоў. 9 У гэтым выявілася любоў Божая да нас, што Бог паслаў у сьвет Сына Свайго Адзінароднага, каб мы жылі праз Яго. 10 У гэтым любоў, што ня мы палюбілі Бога, але што Ён палюбіў нас і паслаў Сына Свайго як перамольваньне за грахі нашыя. 11 Улюбёныя! Калі Бог гэтак палюбіў нас, і мы павінны любіць адзін аднаго. 12 Бога ніхто ніколі ня бачыў. Калі мы любім адзін аднаго, Бог у нас застаецца, і любоў Ягоная дасканалая ў нас. 13 З гэтага мы пазнаем, што мы застаемся ў Ім, і Ён — у нас, што Ён даў нам ад Духа Свайго. 14 І мы бачылі і сьведчым, што Айцец паслаў Сына як Збаўцу сьвету. 15 Хто вызнае, што Ісус ёсьць Сын Божы, у тым застаецца Бог, і ён — у Богу. 16 І мы пазналі і паверылі ў любоў, якую мае да нас Бог. Бог ёсьць любоў, і хто застаецца ў любові, застаецца ў Богу, і Бог — у ім. 17 Дзеля гэтага дасканаліцца любоў сярод нас, каб мы мелі адвагу ў дзень суду, бо які Ён, гэткія і мы ў сьвеце гэтым. 18 Страху няма ў любові, але дасканалая любоў прэч выганяе страх, бо ў страху ёсьць мучэньне; а хто баіцца, той у любові недасканалы. 19 Мы любім Яго, бо Ён першы палюбіў нас. 20 Калі хто кажа: «Я люблю Бога», і брата свайго ненавідзіць, той хлус, бо хто ня любіць брата свайго, якога бачыць, як можа любіць Бога, Якога ня бачыць? 21 І мы маем ад Яго гэткае прыказаньне, каб той, хто любіць Бога, любіў і брата свайго. |