МАЦЬВЕЯ 4 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Мц 4 1 Тады Ісус заведзены быў Духам у пустыню дзеля спакушэньня праз д’ябла, 2 і, прапасьціўшы сорак дзён і сорак начэй, нарэшце згаладнеў. 3 І, падыйшоўшы да Яго, спакусьнік сказаў: «Калі Ты — Сын Божы, скажы, каб камяні гэтыя сталіся хлябамі». 4 Ён жа, адказваючы, сказаў яму: «Напісана: “Ня хлебам адным будзе жыць чалавек, але ўсякім словам, што выходзіць з вуснаў Божых”». 5 Потым бярэ Яго д’ябал у сьвяты горад, і стаўляе на самым версе сьвятыні, 6 і кажа Яму: «Калі Ты — Сын Божы, кінься ўніз, бо напісана: “Анёлам Сваім загадае пра Цябе, і на руках панясуць Цябе, каб не спатыкнуўся аб камень нагою Тваёю”». 7 Ісус сказаў яму: «Ізноў жа напісана: “Не спакушай Госпада, Бога твайго”». 8 Ізноў бярэ Яго д’ябал на вельмі высокую гару, і паказвае Яму ўсе валадарствы сьвету і славу іх, 9 і кажа Яму: «Усё гэта дам Табе, калі, упаўшы, паклонішся мне». 10 Тады Ісус кажа яму: «Адыйдзі ад Мяне, шатан! Бо напісана: “Госпаду, Богу твайму, пакланяйся і Яму аднаму служы”». 11 Тады пакідае Яго д’ябал; і вось, анёлы прыступіліся і служылі Яму. 12 А пачуўшы, што Ян у вязьніцы, Ісус адыйшоў у Галілею. 13 І, пакінуўшы Назарэт, прыйшоў і асеў у Капэрнауме прыморскім, у межах Завулёна і Нэфталі, 14 каб споўнілася сказанае праз прарока Ісаю, які кажа: 15 «Зямля Завулёна і зямля Нэфталі, на дарозе прыморскай за Ярданам, Галілея паганская, 16 народ, які сядзеў у цемры, убачыў сьвятло вялікае, і тым, што сядзелі ў краіне і ценю сьмерці, сьвятло зазьзяла». 17 З таго часу Ісус пачаў абвяшчаць і казаць: «Навярніцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае». 18 Праходзячы ж недалёка ад мора Галілейскага, Ён убачыў двух братоў, Сымона, называнага Пятром, і Андрэя, брата ягонага, якія закідалі сеткі ў мора, бо яны былі рыбаловы, 19 і кажа ім: «Ідзіце за Мною, і Я зраблю вас лаўцамі чалавекаў». 20 І яны адразу, пакінуўшы сеці, пайшлі за Ім. 21 Ідучы адтуль далей, убачыў Ён іншых двух братоў, Якуба Заўдыявага і Яна, брата ягонага, у чаўне з Заўдыем, бацькам іхнім, якія правілі сеці свае, і паклікаў іх. 22 І яны адразу, пакінуўшы човен і бацьку свайго, пайшлі за Ім. 23 І хадзіў Ісус па ўсёй Галілеі, навучаючы ў сынагогах іхніх і абвяшчаючы Эвангельле Валадарства, і аздараўляючы ўсякую хваробу і ўсякую немач у народзе. 24 І прайшлі пра Яго чуткі па ўсёй Сірыі, і прыводзілі да Яго ўсіх нядужых, з рознымі хворасьцямі і пакутамі, і апанаваных дэманамі, і люнатыкаў, і спараліжаваных, і Ён іх аздараўляў. 25 І ішлі за Ім шматлікія натоўпы з Галілеі, і Дэкапалю, і Ерусаліму, і Юдэі, і з таго боку Ярдану. |