ПСАЛТЫР 106 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Пс 106 1 Альлелюя! Хвалеце ГОСПАДА, бо Ён добры, бо міласэрнасьць Ягоная на вякі. 2 Хто выкажа магутнасьць ГОСПАДА, дасьць пачуць усю хвалу Ягоную? 3 Шчасьлівыя тыя, што захоўваюць суд і робяць праведнасьць у кожным часе. 4 Памятай пра мяне, ГОСПАДЗЕ, праз ласкавасьць да народу Твайго! Наведай мяне са збаўленьнем Тваім, 5 каб я ўгледзеў дабро выбранцаў Тваіх, каб я радаваўся радасьцю народу Твайго, каб хваліўся разам са спадчынаю Тваёю! 6 Саграшылі мы разам з бацькамі нашымі, правініліся і адступіліся. 7 Бацькі нашыя ў Эгіпце не зразумелі цудаў Тваіх, ня памяталі мноства міласэрнасьці Тваёй, бунтаваліся каля мора, пры моры Чырвоным. 8 Але Ён збавіў іх дзеля імя Свайго, каб зьявіць магутнасьць Сваю. 9 Ён утаймаваў мора Чырвонае, і яно высахла; і Ён правёў іх праз бяздоньне як праз пустыню. 10 I збавіў іх з рукі ненавісьніка, і выбавіў іх з рукі ворага. 11 І пакрылі воды прыгнятальнікаў іхніх, ніводзін з іх не застаўся. 12 І хоць яны паверылі словам Ягоным і сьпявалі хвалу Яму, 13 але хутка забыліся пра дзеі Ягоныя, не чакалі на раду Ягоную. 14 І зажадалі жаданьнем у пустыні, і выпрабоўвалі Бога ў [зямлі] бязьлюднай. 15 І Ён даў ім тое, чаго хацелі, і спаслаў зьнемажэньне ў душу іхнюю. 16 I пазайздросьцілі Майсею ў табары, і Аарону, сьвятому ГОСПАДА. 17 Расчынілася зямля, і праглынула Датана, і пакрыла грамаду Авірама, 18 і загарэўся агонь пад грамадою іхняю, полымя спаліла бязбожнікаў. 19 Яны зрабілі цяля пад Харэвам і пакланяліся перад літым [ідалам]; 20 і замянілі Славу сваю на вобраз вала, які есьць траву. 21 Яны забыліся на Бога, Збаўцу свайго, Які вялікае ўчыніў у Эгіпце, 22 цуды ў зямлі Хама, страшныя [рэчы] каля мора Чырвонага. 23 І сказаў Ён, што вынішчыць іх, калі б не Майсей, выбранец Ягоны, які стаў у выломе перад абліччам Ягоным, каб адвярнуць ярасьць Ягоную, каб Ён ня вынішчыў іх. 24 І пагрэбавалі яны зямлёй пажаданай, не паверылі словам Ягоным. 25 І наракалі ў намётах сваіх, ня слухаліся голасу ГОСПАДА. 26 І Ён падняў руку Сваю на іх, каб пападалі яны ў пустыні, 27 і пападала насеньне іхняе сярод народаў, І Ён расьцярушыўіх па зямлі. 28 І яны далучыліся да Баал-Пэгора, і елі ахвяры мёртвых, 29 і злавалі [Яго] дзеяньнямі сваімі, і абрынулася на іх пляга. 30 І паўстаў Пінхас, і спынілася пляга. 31 І залічана яму гэта за праведнасьць з пакаленьня ў пакаленьне на вякі. 32 І ўгнявілі яны [Бога] каля водаў Мэрывы, і з-за іх пацярпеў Майсей, 33 бо бунтаваліся супраць духа ягонага, і ён неразважна гаварыў вуснамі сваімі. 34 Яны ня зьнішчылі народаў, як ім казаў ГОСПАД, 35 і зьмяшаліся з паганамі, і навучыліся справаў іхніх, 36 і служылі ідалам іхнім, і яны сталіся для іх пасткаю, 37 і ахвяроўвалі сыноў сваіх і дачок сваіх дэманам, 38 і пралівалі кроў бязьвінную, кроў сыноў сваіх і дачок сваіх, якую ахвяроўвалі ідалам Ханаанскім, і апаганілася зямля ад крыві. 39 І апаганілі сябе ўчынкамі сваімі, чужаложылі ў дзеяньнях сваіх. 40 І распаліўся гнеў ГОСПАДА на народ Ягоны, і абрыдла Яму спадчына Ягоная. 41 І Ён аддаў іх у рукі паганаў, і запанавалі над імі тыя, што ненавідзелі іх. 42 І ўціскалі іх ворагі іхнія, і яны скарыліся пад рукою іхняю. 43 Шмат разоў Ён выратоўваў іх, але яны бунтаваліся ў задумах сваіх і паніжаны былі за беззаконьне сваё. 44 Але Ён глянуў на іх у горы іх, пачуўшы галашэньне іхняе, 45 і ўзгадаў на іх дзеля запавету Свайго, і пашкадаваў іх дзеля мноства міласэрнасьці Сваёй, 46 і Ён даў літасьць да іх перад абліччам усіх, што паняволілі іх. 47 Збаў нас, ГОСПАДЗЕ, Божа наш, і зьбяры нас ад паганаў, каб мы славілі сьвятое імя Тваё і хваліліся славай Тваёю! 48 Дабраслаўлёны ГОСПАД, Бог Ізраіля, ад веку і на вякі! І няхай скажа ўвесь народ: «Амэн! Альлелюя!» |