Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

АДКРЫЦЦЁ 9 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


Адкр 9

1 І пяты анёл затрубіў, і ўбачыў я зорку, якая ўпала з неба на зямлю, і дадзены быў ёй ключ ад калодзежа бездані,

2 і адчыніла яна калодзеж бездані, і ўзьняўся з калодзежа дым, як дым з вялікае печы; і зацьмілася сонца і паветра ад дыму з калодзежа.

3 І з дыму выйшла на зямлю саранча, і дадзена ёй улада, як маюць уладу скарпіёны зямныя,

4 і сказана ёй, каб не рабіла шкоды ані траве зямной, ані ўсякай зеляніне, ані ўсякаму дрэву, а толькі адным людзям, якія ня маюць пячаткі Божае на ілбах сваіх;

5 і дадзена ёй, каб не забівала іх, але каб мучыліся пяць месяцаў, і мучэньне ад яе, як мучэньне ад скарпіёна, калі ўджаліць чалавека.

6 І ў тыя дні людзі будуць шукаць сьмерці і ня знойдуць яе, і будуць жадаць памерці, і сьмерць будзе ўцякаць ад іх.

7 І выгляд саранчы падобны да коней, якія падрыхтаваныя на бітву, і на галовах у яе быццам вянкі, падобныя да золата; і абліччы ў яе быццам абліччы чалавечыя,

8 і яна мела валасы, як валасы жаночыя, і зубы ў яе былі як у ільвоў.

9 І мела яна панцыры, быццам панцыры жалезныя, і гук крылаў ейных быццам гук мноства калясьніцаў, [запрэжаных] коньмі, якія бягуць на бітву,

10 і мае хвасты, падобныя да скарпіёнавых, і ў хвастах у яе джала было, і ўлада яе — рабіць шкоду людзям пяць месяцаў,

11 і мае над сабою за валадара анёла бездані, імя якога па-гебрайску — Абаддон, а па-грэцку мае імя Апаліён.

12 Адно гора прайшло; вось, прыходзяць яшчэ два горы за ім.

13 І шосты анёл затрубіў, і я пачуў адзін голас з чатырох рагоў залатога ахвярніку, што перад Богам,

14 які казаў да шостага анёла, што меў трубу: «Разьвяжы чатырох анёлаў, якія зьвязаныя над вялікай ракой Эўфрат».

15 І былі разьвязаныя чатыры анёлы, якія былі падрыхтаваныя на гадзіну, і дзень, і месяц, і год, каб забіць трэцюю частку людзей.

16 І лічба коннага войска — два дзясяткі тысячаў дзясяткаў тысячаў; і я пачуў лічбу іх.

17 І гэтак я ўбачыў коней у відзежы, і вершнікаў на іх, якія мелі панцыры агністыя і гіяцынтавыя, і серкавыя; і галовы ў коней, як галовы ў ільвоў, і з храпаў іхніх выходзіць агонь, і дым, і серка.

18 Трыма гэтымі была забіта трэцяя частка людзей: агнём, і дымам, і серкаю, што выходзілі з храпаў іхніх.

19 Бо ўлада іхняя — у храпах іхніх, а хвасты іхнія падобныя да зьмеяў, маюць галовы і імі робяць шкоду.

20 І рэшта людзей, што не была забітая плягамі гэтымі, не навярнулася ад справаў рук сваіх, каб не пакланяцца дэманам і ідалам залатым, і срэбным, і мядзяным, і каменным, і драўляным, якія ані бачыць ня могуць, ані чуць, ані хадзіць;

21 і не навярнуліся ад забойстваў сваіх, і ад чараўніцтва свайго, і ад распусты сваёй, і ад крадзяжоў сваіх.

Сачыце за намі:



Аб'явы