АСІІ 8 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Ос 8 1 Трубу [паднясі] да вуснаў тваіх! Як арол [наляціць] на Дом ГОСПАДА, бо яны парушылі запавет Мой і ад Закону Майго адступіліся. 2 Да Мяне клікалі: «Божа мой, мы ведаем Цябе, мы, Ізраіль!» 3 Адкінуў Ізраіль дабро. Вораг будзе перасьледаваць яго. 4 Яны ставяць валадароў, але без Мяне; ставяць князёў, але Я ня ведаю [пра гэта]. Са срэбра свайго і золата свайго зрабілі ідалаў для сябе на загубу сваю. 5 Адкіне [іх] цяля тваё, Самарыя! Распаліўся гнеў Мой супраць іх. Як доўга ня будзеце захоўваць нявіннасьць? 6 Бо і яно з Ізраіля; разьбяр зрабіў яго, і яно ня ёсьць богам, на кавалкі разваліцца цяля Самарыі. 7 Бо яны пасеялі вецер, і пажнуць буру. Ня будзе ў яго збожжа; парастак ня дасьць мукі, а калі і дасьць, чужынцы праглынуць яе. 8 Праглынуты Ізраіль; ён стаўся між народамі як начыньне непатрэбнае. 9 Бо яны зыйшлі да Асура, як дзікі асёл самотны; Эфраім наймае сабе каханкаў. 10 Хоць яны наймалі ў народаў, цяпер Я зьбяру іх, і яны адчуюць крыху цяжар валадара князёў, 11 бо Эфраім намножыў ахвярнікі, каб грашыць, былі ў яго ахвярнікі, каб грашыць. 12 Пішучы, напісаў Я для яго найвялікшыя рэчы Закону Майго, але яны за чужое палічылі гэта. 13 Як ахвяры з дароў Маіх ахвяруюць мяса і ядуць яго, але ГОСПАД ня мае ўпадабаньня ў іх. Цяпер Ён узгадае беззаконьне іхняе і наведае грахі іхнія; яны вернуцца ў Эгіпет. 14 І забыўся Ізраіль пра Творцу свайго, і пабудаваў сьвятыні; і Юда памножыў гарады ўмацаваныя, але Я пашлю агонь на гарады ягоныя, і ён пажарэ замкі ягоныя. |