МАЦЬВЕЯ 7 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Мц 7 1 Не судзіце, каб не былі суджаныя. 2 Бо якім судом судзіце, такім будзеце суджаны, і якою меркаю мераеце, гэткаю і вам адмераюць. 3 Што ты глядзіш на сучок у воку брата твайго, а бервяна ў сваім воку ня бачыш? 4 Ці як скажаш брату твайму: “Дазволь, выму сучок з вока твайго”, а вось, у воку тваім — бервяно? 5 Крывадушнік! Вымі перш бервяно з вока твайго, і тады ўбачыш, як выняць сучок з вока брата твайго. 6 Не давайце сьвятога сабакам і ня кідайце пэрлаў вашых перад сьвіньнямі, каб яны не патапталі іх нагамі сваімі і, павярнуўшыся, не парвалі вас. 7 Прасіце, і будзе вам дадзена; шукайце, і знойдзеце; стукайцеся, і адчыняць вам. 8 Бо кожны, хто просіць, атрымлівае, і хто шукае, знаходзіць, і хто стукаецца, таму адчыняць. 9 Ці ёсьць між вамі чалавек, які, калі сын ягоны папросіць хлеба, дасьць яму камень? 10 І калі папросіць рыбы, дасьць яму зьмяю? 11 Дык калі вы, будучы злымі, умееце добрыя дары даваць дзецям вашым, тым больш Айцец ваш, Які ў небе, дасьць добрае тым, што просяць у Яго. 12 Дык усё, што хочаце, каб вам рабілі людзі, тое і вы ім рабіце; бо ў гэтым Закон і Прарокі. 13 Уваходзьце праз цесную браму, бо шырокая брама і прасторны шлях, што вядуць да загубы, і шмат хто ўваходзіць праз іх, 14 бо цесная брама і вузкі шлях, што вядуць у жыцьцё, і мала хто знаходзіць іх. 15 Сьцеражыцеся фальшывых прарокаў, якія прыходзяць да вас у авечым адзеньні, а ўнутры яны — ваўкі драпежныя. 16 Паводле пладоў іхніх пазнаеце іх. Ці зьбіраюць з церняў вінаград або з асоту фігі? 17 Гэтак усякае добрае дрэва дае плады добрыя, а благое дрэва дае плады дрэнныя. 18 Ня можа дрэва добрае даваць плады дрэнныя, ані благое дрэва даваць плады добрыя. 19 Усякае дрэва, якое не дае добрага плоду, сьсякаюць і кідаюць у агонь. 20 Таму паводле пладоў іхніх пазнаеце іх. 21 Ня кожны, хто кажа Мне: “Госпадзе! Госпадзе!”, увойдзе ў Валадарства Нябеснае, але той, хто выконвае волю Айца Майго, Які ў небе. 22 Многія скажуць Мне ў той дзень: “Госпадзе, Госпадзе! Ці не ў Тваё імя мы прарочылі? І ці не ў Тваё імя выганялі дэманаў? І ці не ў Тваё імя шмат цудаў чынілі?” 23 І тады прызнаюся ім: “Я ніколі ня ведаў вас. Адыйдзіцеся ад Мяне, вы, што чыніце беззаконьне”. 24 Дык кожнага, хто слухае гэтыя словы Мае і выконвае іх, прыраўняю да чалавека мудрага, які пабудаваў дом свой на скале. 25 І пайшоў дождж, і разьліліся рэкі, і падзьмулі вятры, і ўдарылі на дом той; і ён ня ўпаў, бо быў умацаваны на скале. 26 А кожны, хто слухае гэтыя словы Мае і не выконвае іх, будзе падобны да чалавека дурнога, які пабудаваў дом свой на пяску. 27 І пайшоў дождж, і разьліліся рэкі, і падзьмулі вятры, і ўдарылі на дом той, і ён упаў, і было падзеньне ягонае вялікае». 28 І сталася, калі Ісус скончыў гэтыя словы, натоўпы дзівіліся з вучэньня Ягонага, 29 бо Ён вучыў іх, як той, хто мае ўладу, і не як кніжнікі. |