Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

КАЛАСЯНАЎ 2 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


Кал 2

1 Бо хачу, каб вы ведалі, якую вялікую барацьбу я маю дзеля вас і дзеля тых, што ў Ляадыкеі, і дзеля ўсіх, якія ня бачылі аблічча майго ў целе,

2 каб суцешыліся сэрцы іхнія, злучаныя ў любові і дзеля ўсякага багацьця пэўнага разуменьня, дзеля пазнаньня тайны Бога — і Айца, і Хрыста,

3 у Якім усе скарбы мудрасьці і веданьня схаваныя.

4 А кажу гэта, каб хто ня ўвёў вас у зман пераканаўчымі словамі.

5 Бо хоць я і адсутны целам, але духам я з вамі, радуючыся і бачачы ваш парадак і ўмацаванасьць веры вашае ў Хрыста.

6 Дык як вы прынялі Хрыста Ісуса, Госпада, так хадзіце ў Ім,

7 укарэненыя і збудаваныя ў Ім, і сьцьверджаныя ў веры, як вы былі навучаныя, багацеючы ў ёй з падзякаю.

8 Глядзіце, каб хто не збаламуціў вас філасофіяй і пустым падманам паводле традыцыі чалавечай, паводле стыхіяў сьвету, а не паводле Хрыста.

9 Бо ў Ім жыве ўся поўня Боства цялесна,

10 і вы напоўненыя ў Ім, Які ёсьць галава ўсякага начальства і ўлады.

11 У Ім і вы абрэзаныя абразаньнем, не рукою зробленым, якое зьняла цела грахоў цялесных, абразаньнем Хрыстовым.

12 Пахаваныя з Ім у хрышчэньні, у Ім вы і ўваскрэсьлі праз веру ў дзеяньне Бога, Які ўваскрасіў Яго з мёртвых,

13 і вас, якія былі мёртвыя ў грахах і неабразаньні цела вашага, Ён ажывіў разам з Ім, дараваўшы нам усе грахі,

14 сьцёршы рукапіс пастановаў, што былі супраць нас; і забраў яго спасярод, прыбіўшы да крыжа,

15 распрануўшы начальствы і ўлады, адважна аддаў іх на сорам, трыюмфуючы над імі ў Ім.

16 Дык няхай ніхто ня судзіць вас за ежу, ці за пітво, ці за ўдзел у сьвяце, ці маладзіку, ці субоце.

17 Гэта ёсьць цень таго, што мае быць, а цела — Хрыстовае.

18 Няхай ніхто не пазбавіць вас нагароды праз самавольнае ўпакорваньне і набажэнства анёлам, уваходзячы ў тое, чаго ня бачыў, дарэмна ўзганарыўшыся розумам цела свайго

19 і не трымаючыся Галавы, ад якое ўсё цела, вязямі і вузламі змацаванае і злучанае, расьце ўзрастаньнем Божым.

20 Дык калі вы памерлі разам з Хрыстом для стыхіяў сьвету, чаго ж, быццам жывучы ў сьвеце, трымаецеся пастановаў:

21 «Не дакранайся, і не каштуй, і не чапай»,

22 што ўсё [вядзе] да сапсутасьці праз [само] ўжываньне, паводле пастановаў і вучэньня чалавечага?

23 Гэтае слова нібыта мае мудрасьць у самавольным набажэнстве, упакорваньні і мардаваньні цела, не ў пашане да таго, што насычае цела.

Сачыце за намі:



Аб'явы