ГАЛЯТАЎ 4 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Гал 4 1 Кажу вось: увесь час, пакуль спадкаемца — немаўля, ён нічым ня лепшы за слугу, хоць ён пан усяго, 2 але ён пад наглядчыкамі і аканомамі аж да вызначанага бацькам часу. 3 Гэтак і мы, калі былі немаўлятамі, былі паняволеныя стыхіям сьвету. 4 А калі прыйшла поўня часу, Бог паслаў Сына Свайго, Які быў з жанчыны і быў пад Законам, 5 каб адкупіць тых, якія пад Законам, каб нам атрымаць усынаўленьне. 6 А як вы — сыны, Бог паслаў у сэрцы вашыя Духа Сына Свайго, Які кліча: «Абба, Ойча!» 7 Так што ты ўжо не слуга, але сын; а калі сын, дык і спадкаемца Бога праз Хрыста. 8 Але тады, ня ведаючы Бога, вы служылі тым, якія паводле прыроды ня ёсьць богі. 9 Цяпер жа, пазнаўшы Бога, а больш пазнаныя Богам, як вы вяртаецеся ізноў да нядужых і ўбогіх стыхіяў, якім зноў хочаце служыць нанова? 10 Вы сочыце за днямі, і месяцамі, і порамі, і гадамі. 11 Баюся за вас, ці не надарма я працаваў у вас. 12 Прашу вас, браты, будзьце, як і я, бо і я, як вы. Вы нічым ня скрыўдзілі мяне. 13 А вы ведаеце, што я ў нядужасьці цела дабравесьціў вам раней, 14 і вы не пагардзілі спакусай маёй, якая ў целе маім, і не адапхнулі, але прынялі мяне, як анёла Божага, як Хрыста Ісуса. 15 Дык якое было шчасьце вашае! Бо сьведчу вам, што калі б было магчыма, вырваўшы вочы вашыя, вы далі б мне. 16 Дык ці ж я стаўся ворагам вашым, кажучы вам праўду? 17 Рупяцца пра вас нядобра, але хочуць аддзяліць вас [ад нас], каб вы рупіліся пра іх. 18 А добра рупіцца пра добрае заўсёды, а ня толькі, калі я прысутны ў вас, 19 дзеткі мае, якімі ізноў мучуся ў радзінах, пакуль не ўкшталтуецца ў вас Хрыстос. 20 Хацеў бы я цяпер быць прысутным у вас і зьмяніць голас мой, бо я зьбянтэжаны вамі. 21 Скажыце мне вы, якія хочаце быць пад Законам: ці ж вы ня слухаеце Закону? 22 Бо напісана, што Абрагам меў двух сыноў: аднаго ад служкі і аднаго ад свабоднай. 23 Але той, які ад служкі, народжаны паводле цела, а той, які ад свабоднай, — праз абяцаньне. 24 Гэта ёсьць алегорыя. Бо гэта два запаветы: адзін — ад гары Сынай, які нараджае на няволю, які ёсьць Агар. 25 Бо Агар ёсьць гара Сынай у Арабіі і адпавядае цяперашняму Ерусаліму, які ў няволі з дзецьмі сваімі; 26 а Ерусалім, які ўгары, — свабодны, ён ёсьць маці ўсім нам. 27 Бо напісана: «Узьвесяліся, няплодная, якая не нараджала; загукай і закрычы ты, якая, якая ня мучылася ў радзінах, бо шмат дзяцей у самотнай, больш, чым у той, якая мае мужа». 28 А мы, браты, паводле Ісаака — дзеці абяцаньня. 29 Але як тады той, які быў народжаны паводле цела, перасьледаваў таго, які паводле духа, гэтак і цяпер. 30 Але што кажа Пісаньне? «Выгані служку і сына ейнага, бо сын служкі ня будзе спадкаемцам разам з сынам свабоднай». 31 Дык вось, браты, мы — дзеці ня служкі, але свабоднай. |