ГАЛЯТАЎ 5 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Гал 5 1 Дык стойце ў свабодзе, якою вызваліў нас Хрыстос, і не патрапляйце ізноў пад ярмо няволі. 2 Вось я, Павал, кажу вам, што, калі вы абрэзваецеся, Хрыстос вам ня дасьць ніякай карысьці. 3 Зноў жа сьведчу ўсякаму чалавеку, які абрэзваецца, што ён павінен выканаць увесь Закон. 4 Вы, якія апраўдваецеся праз Закон, зьнішчылі [ў сабе] Хрыста, адпалі ад ласкі. 5 Бо мы духам праз веру чакаем надзеі праведнасьці. 6 Бо ў Хрысьце Ісусе ня мае сілы ані абразаньне, ані неабразаньне, але вера, якая дзейнічае праз любоў. 7 Вы беглі добра. Хто перашкодзіў вам, каб вы ня мелі перакананасьці ў праўдзе? 8 Гэткае перакананьне не ад Таго, Які вас кліча. 9 Малая кісьля ўсё цеста квасіць. 10 Я перакананы наконт вас у Госпадзе, што вы ня будзеце думаць аніяк іначай. А той, хто вас трывожыць, хто б ён ні быў, атрымае асуджэньне. 11 Калі ж я, браты, усё яшчэ абвяшчаю абразаньне, чаму я перасьледаваны? Тады зьнішчанае будзе згаршэньне крыжа. 12 О, каб былі адсечаны тыя, якія вас бунтуюць! 13 Бо вы да свабоды пакліканыя, браты. Толькі каб свабода ня [сталася] нагодай для [пажаданьняў] цела, але праз любоў служыце адзін аднаму. 14 Бо ўвесь Закон у адным слове спаўняецца: «Любі бліжняга твайго як самога сябе». 15 Калі ж адзін аднаго кусаеце і зьядаеце, глядзіце, ня будзьце зьнішчаныя адзін адным. 16 А я кажу: хадзіце [паводле] духа і пажаданьняў цела ня будзеце спаўняць. 17 Бо цела жадае насупраць духу, а дух — насупраць целу: яны адзін аднаму працівяцца, каб вы рабілі ня тое, што б хацелі. 18 Калі ж вы ведзеныя духам, вы не пад Законам. 19 А ўчынкі цела яўныя, яны ёсьць чужалоства, распуста, нячыстасьць, бессаромнасьць, 20 ідалапаклонства, чараўніцтва, варожасьць, сваркі, рэўнасьць, ярасьць, сварлівасьць, нязгода, герэзіі, 21 зайздрасьць, забойствы, п’янства, гулянкі і падобнае гэтаму. Гэта наперад кажу вам, як і раней казаў, што тыя, якія гэтак робяць, не ўспадкаемяць Валадарства Божага. 22 Плод жа Духа — любоў, радасьць, супакой, доўгацярплівасьць, ласкавасьць, добрасьць, вера, 23 ціхасьць, стрыманасьць. Супраць гэтакіх няма Закону. 24 А тыя, якія Хрыстовыя, укрыжавалі цела з пакутамі і пажаданьнямі. 25 Калі мы жывем [паводле] Духа, дык і ходзім сьледам за Духам. 26 Не шукайма пустой славы, адзін аднаго раздражняючы, адзін аднаму зайздросьцячы. |