Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ПСАЛТЫР 31 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


Пс 31

1 Кіраўніку хору. Псальм Давіда.

2 У Табе, ГОСПАДЗЕ, я маю надзею, ня дай мне асароміцца на вякі, у праведнасьці Тваёй выратуй Ты мяне!

3 Прыхілі да мяне вуха Тваё, хутчэй выратуй мяне! Будзь для мяне скалою, каб абаперціся [мне], домам умацаваным, каб збавіць мяне!

4 Бо Ты — скала мая і замчышча маё, дзеля імя Твайго Ты будзеш весьці мяне і накіроўваць мяне.

5 Ты мяне выцягнеш з сеці, якую таемна [наставілі] супраць мяне, бо Ты — апора мая.

6 У рукі Твае аддаю я дух мой; Ты выбавіў мяне, ГОСПАДЗЕ, Бог праўды.

7 Ненавіджу я тых, што захоўваюць ілжывую марнасьць, бо я на ГОСПАДА спадзяюся.

8 Я буду радавацца і весяліцца праз міласэрнасьць Тваю, бо Ты глянуў на пакуты мае, спазнаў трывогі душы маёй,

9 і не аддаў мяне ў рукі ворага, паставіў ногі мае на вольны прастор.

10 Зьлітуйся нада мною, ГОСПАДЗЕ, бо я — прыгнечаны. Ад тугі высахла вока маё, і душа мая, і нутро маё.

11 Бо зьнікае ў смутку жыцьцё маё, і гады мае — ва ўздыханьні. Спатыкнулася ў беззаконьні маім сіла мая, і высахлі косткі мае.

12 Я стаўся ганьбаю для ўсіх, што ўціскаюць мяне, і нават для суседзяў маіх, страхоцьцем — для знаёмых маіх; хто бачыць мяне на вуліцы, уцякае ад мяне.

13 Я забыты ў сэрцах, як мёртвы; я стаўся як посуд разьбіты.

14 Бо я чуў зласлоўе ад многіх, жах наўкола! Яны сабраліся разам супраць мяне, яны задумалі ліхое, каб забраць душу маю.

15 Але я на Цябе спадзяюся, ГОСПАДЗЕ! Я кажу: «Ты — мой Бог!»

16 У руцэ Тваёй час мой; выратуй мяне з рукі ворагаў маіх і тых, якія перасьледуюць мяне.

17 Няхай сьвеціць аблічча Тваё над слугою Тваім; збаў мяне праз міласэрнасьць Тваю!

18 ГОСПАДЗЕ, ня дай Ты мне асароміцца, бо да Цябе я клічу! Няхай асаромяцца бязбожнікі, няхай яны змоўкнуць у пекле,

19 няхай занямеюць вусны хлусьлівыя, якія кажуць дзёрзка супраць праведніка з пыхлівасьцю і пагардай!

20 Якая вялікая добрасьць Твая, якую Ты захоўваеш для тых, што баяцца Цябе, і якую ўчыняеш тым, што маюць надзею ў Табе насуперак сынам чалавечым!

21 Пад заслонай аблічча Твайго Ты хаваеш іх ад закалотаў людзкіх, Ты засланяеш іх, як у намёце, ад языкоў, якія звадку [прыносяць].

22 Дабраслаўлёны ГОСПАД, бо Ён учыніў мне цуды міласэр­насьці ў горадзе ўмацаваным.

23 А я сказаў у зьбянтэжанасьці маёй: «Я адкінуты ад вачэй Тваіх!» Але Ты пачуў голас маленьня майго, калі я галасіў да Цябе!

24 Любіце ГОСПАДА, усе багабойныя Ягоныя! Верных захоўвае ГОСПАД, але тым, якія дзейнічаюць пыхліва, Ён адплочвае з лішкам.

25 Будзьце цьвёрдыя і ўмацуйце сэрца вашае, вы, якія спадзяецеся на ГОСПАДА!

Сачыце за намі:



Аб'явы