І Я зраблю з цябе вялікі народ, і буду цябе дабраслаўляць, і ўзвялічу імя тваё, і ты будзеш дабраславеннем.
ДРУГІ ЗАКОН 2:7 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года) Госпад, Бог твой, дабраславіў цябе ў кожнай справе рук тваіх; ведае Ён шлях твой, і ў той час, як ты сорак гадоў праходзіў гэтую вялікую пустыню, прабываў з табой Госпад, Бог твой, і нічога табе не бракавала. Біблія (пераклад А.Бокуна) Бо ГОСПАД, Бог твой, дабраславіў цябе ў кожнай справе рук тваіх. Ён ведае вандроўку тваю ў гэтай пустыні вялікай. Вось, сорак гадоў ГОСПАД, Бог твой, з табою, і нічога табе не бракавала"”. Біблія (пераклад В. Сёмухі) бо Гасподзь, Бог твой, дабраславіў цябе ў любой дзеі рук тваіх, спрыяў табе ў час падарожжа твайго па вялікай пустыні гэтай; вось, сорак гадоў Гасподзь, Бог твой, з табою; ты ні ў чым ня меў нястачы. |
І Я зраблю з цябе вялікі народ, і буду цябе дабраслаўляць, і ўзвялічу імя тваё, і ты будзеш дабраславеннем.
І Госпад дабраславіў асаблівым чынам майго гаспадара, і быў ён узвялічаны. Ён даў яму авечак і валоў, срэбра і золата, паслугачоў і паслугачак, вярблюдаў і аслоў.
І вось, сеяў Ізаак у той зямлі, і сабраў у тым годзе стакротны плён, і дабраславіў яго Госпад.
Кажа яму Лабан: «О, каб я знайшоў ласку перад абліччам тваім! Я пераканаўся, што Госпад дабраславіў мяне дзеля цябе.
І той добра разумеў, што Госпад з ім, і ва ўсім, што ён рабіў, рука Яго ім кіравала.
дабраславіў Госпад дом егіпцяніна дзеля Язэпа, і было дабраславенне Госпада на ўсёй маёмасці яго: як у доме, так і на полі.
Сорак гадоў карміў Ты іх у пустыні, і ні ў чым не мелі яны патрэбы; адзенне іх не нішчэла, ды ногі іх не пухлі.
Хай будзе велічнасць Госпада Бога нашага над намі, і справы рук нашых умацуй над намі, і справу рук нашых умацуй.
А сыны Ізраэля елі манну сорак гадоў, пакуль не прыйшлі ў зямлю заселеную; а: «Што гэта?» елі яны гэтую ежу, аж пакуль не прыбылі да межаў зямлі Ханаан.
«Ідзі і крычы ў вушы Ерузаліму, кажучы: гэта кажа Госпад: “Я памятаю цябе, прывабнасць тваёй маладосці і любоў, калі ты была нарачонаю, калі хадзіла ты за Мною па пустыні, у зямлі, якой ніхто не засявае.
Вывеў жа Я вас з зямлі Егіпецкай, і вёў вас праз пустыню сорак гадоў, каб вы атрымалі ў спадчыну зямлю амарэяў.
І ў першы дзень другога месяца, у другім годзе па выхадзе з Егіпта прамовіў Госпад да Майсея ў пустыні Сінай у палатцы сустрэчы, кажучы:
сыны вашы будуць пастухамі ў пустыні сорак гадоў і будуць цярпець за распусту вашу, пакуль не знікнуць трупы вашы ў пустыні.
Па ліку сарака дзён, на працягу якіх аглядалі вы зямлю, — год будзе залічаны за дзень, — сорак гадоў вы будзеце выносіць несправядлівасці вашы і даведаецеся, што такое помста Мая.
На тое сказаў Бог Балааму: «Не можаш ты ісці з імі і нельга табе праклінаць народ, бо ён дабраславёны».
І, узгневаўшыся на Ізраэля, Госпад вадзіў яго па пустыні сорак гадоў, пакуль не вымерла ўсё пакаленне, якое рабіла зло перад абліччам Госпада.
І сказаў ім: «Калі Я пасылаў вас без капшука і без торбы і пасталоў, ці ж вам не хапала чаго?» І яны сказалі: «Анічога».
Потым пакінулі мы Гарэб і прайшлі ўсю тую вялікую і страшную пустыню, якую вы бачылі, праз гару амарэйскую, як загадаў нам Госпад, Бог наш, і прыйшлі ў Кадэс-Барнэ.
Час жа, які мы ішлі з Кадэс-Барнэ да пераправы праз ручай Зарэд, — трыццаць восем гадоў, аж пакуль не загінула ў лагеры ўсё тое пакаленне людзей, здатных да бою, як ім у гэтым пакляўся Госпад,
ды не даў вам Госпад сэрца, што разумее, ды вачэй, якія бачаць, і вушэй, якія маглі б чуць, аж да сённяшняга дня.
І вёў я вас сорак гадоў праз пустыню; не сцёрлася адзенне ваша, сандалі на нагах вашых ад старасці не знасіліся.
Сорак гадоў блукалі сыны Ізраэля па пустыні, пакуль не загінулі ўсе ваяры, людзі, якія выйшлі з Егіпта, якія не чулі голасу Госпада і якім Ён прысягнуў, што не пакажа ім зямлю, якою Ён прысягнуў бацькам іх, што дасць ім зямлю, што ацякае малаком і мёдам.