НЭЭМІІ 9 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 А ў дваццаць чацвёрты дзень гэтага месяца сабраліся ізраэльцы ў час посту і ў зрэбніцах, і з пасыпанымі попелам галовамі. 2 І аддзялілася пакаленне Ізраэля ад усякага чужынца; і падняліся, і вызналі ўсе грахі свае і правіннасці бацькоў сваіх. 3 І падняліся, каб стаяць, і чвэрць дня чыталі з кнігі закону Госпада, Бога іх; і чвэрць вызнавалі свае грахі і пакланяліся Госпаду, Богу свайму. 4 А на ўзвышэнне для левітаў сталі: Ешуа, і Бані, і Кадмігэль, і Сэбанія, Буні, Сэрэбія, Бані, і Ханані, і закрычалі ўголас да Госпада, Бога свайго. 5 І левіты: Ешуа, і Кадмігэль, Бані, Гасабнія, Сэрэбія, Годыя, Сэбанія, Пэтагія сказалі: «Устаньце і дабраславіце Госпада, Бога вашага, спакон веку і навек, ды дабраславіце велічнае імя славы Яго, вышэй за ўсякае дабраславенне і хвалу! 6 Ты, Госпадзе, адзіны; Ты стварыў неба і нябёсы нябёсаў, ды ўсё войска іх, зямлю і ўсё, што на ёй, мора і ўсё, што ў ім; і Ты ажыўляеш усё гэта, і нябеснае войска Табе пакланяецца. 7 Ты Той, Госпадзе, Божа, Які выбраў Абрама і вывеў яго з Ура Халдэйскага, і даў яму імя Абрагам. 8 І Ты знайшоў у ім сэрца, вернае Табе, і заключыў Ты з ім запавет, каб даць нашчадкам яго зямлю хананея, хетэя, амарэя і феразея, евусея і гергесея; і Ты споўніў словы Свае, бо Ты — справядлівы. 9 І Ты ўбачыў смутак бацькоў нашых у Егіпце, і пачуў лямант іх каля Чырвонага мора. 10 І Ты паказаў знакі і цуды на фараоне, і на ўсіх паслугачах яго, і на ўсім народзе яго зямлі; бо ведаў Ты, што яны пагардліва ставіліся да іх, і ўславіў Ты імя Сваё па сённяшні дзень. 11 І Ты раздзяліў мора перад імі, і перайшлі яны сярэдзінай мора, па сухому; а тых, хто гнаўся за імі, укінуў Ты ў глыбіні мора, як камень у бурлівыя воды. 12 І слупам воблачным павёў Ты іх удзень, і слупам агню быў для іх ноччу, каб асвятляць ім дарогу, якой ішлі. 13 Таксама Ты сышоў на гару Сінай, і гаварыў з імі з неба; і даў Ты ім суд справядлівы, і закон верны, пастановы і прыказанні добрыя. 14 І паказаў Ты ім асвячоную Тваю суботу, і прыказанні, і пастановы, і закон даў ім праз рукі раба Твайго Майсея. 15 Таксама хлеб з неба даў Ты ім у час голаду іх, і ваду вывеў Ты ім са скалы ў час смагі іх; і сказаў ім, каб увайшлі і валодалі зямлёю, над якой падняў Ты руку Сваю, каб даць яе ім. 16 Але яны, бацькі нашыя, трымалі сябе пагардліва, і зацвярдзелі каркі іх, і не слухалі прыказанняў Тваіх. 17 І не захацелі яны слухаць, і не памяталі цудаў Тваіх, якія чыніў Ты ім, і зацвярдзелі каркі іх, і нахілілі галаву сваю, каб вярнуцца ў Егіпет, у сваю няволю. Але Ты — Бог ласкавы, спагадлівы і міласэрны, цярплівы ды вялікай літасці, Ты не адвярнуўся ад іх. 18 І нават тады, калі зрабілі сабе цяля літое, і гаварылі: “Гэта бог твой, які вывеў цябе з Егіпта”, і дапусціліся вялікіх блюзненняў, 19 Ты, у бязмежнай міласэрнасці Сваёй, не пакінуў іх у пустыні: слуп воблака не адступіў ад іх удзень, каб весці іх дарогаю; і слуп агню — ноччу, каб асвятляць ім дарогу, па якой мелі ісці. 20 І даў Ты ім Свайго добрага Духа, каб ён вучыў іх, і манны Сваёй не забраў ад іх вуснаў, і ваду даў Ты ім у час іх смагі. 21 Сорак гадоў карміў Ты іх у пустыні, і ні ў чым не мелі яны патрэбы; адзенне іх не нішчэла, ды ногі іх не пухлі. 22 І даў Ты ім царствы і народы, і выдзеліў ім часткі; і яны авалодалі зямлёй Сэгона, цара Хесебона, і зямлёй Ога, цара Басана. 23 І памножыў Ты сыноў іх, як зоркі на небе; ды ўвёў іх у зямлю, якую абяцаў бацькам іх, што ўвойдуць і будуць валодаць ёю. 24 І ўвайшлі сыны, і авалодалі зямлёю, і Ты ўпакорыў перад імі жыхароў зямлі Ханаанскай; ды аддаў іх у іх рукі, і цароў іх, і народы зямлі, каб зрабілі з імі, як ім падабаецца. 25 Такім чынам, занялі яны гарады ўмацаваныя і зямлю ўраджайную; і завалодалі дамамі, напоўненымі ўсякім дабром, студнямі, зробленымі іншымі людзьмі, вінаграднікамі і гаямі аліўкавымі ды мноствам дрэў пладовых. І елі яны, і насычаліся, і растлусцелі дзеля вялікай дабраты Тваёй. 26 Але ўгнявілі яны Цябе, і ўзбунтаваліся супраць Цябе, і пакінулі закон Твой; і пазабівалі прарокаў Тваіх, якія ім нагадвалі, каб вярнуліся да Цябе: ды дапусціліся вялікіх блюзненняў. 27 І аддаў Ты іх у рукі ворагаў іх, каб здзекаваліся над імі; і яны ў час гора свайго прызвалі Цябе, і Ты пачуў іх з нябёсаў, і ў бязмежнай літасці Тваёй даў Ты ім збаўцаў, каб збаўлялі яны іх з рук ворагаў іх. 28 І, пажыўшы ў супакоі, зноў вярнуліся яны, каб чыніць ліхоту перад абліччам Тваім; ды Ты аддаў іх у рукі ворагаў іх, і яны валадарылі над імі. І яны зноў навярнуліся і прызвалі Цябе; Ты ж выслухоўваў іх з неба і шмат разоў вызваляў іх у Сваёй вялікай міласэрнасці. 29 І заклінаў Ты іх, каб навярнуць да закону Твайго; але яны трымаліся пагардліва, і не паслухалі прыказанняў Тваіх, і грашылі адносна законаў Тваіх, якія, калі споўніць чалавек, то будзе жыць у іх, і зрабілі яны бунтарскім плячо сваё, і зацвярдзеў іх карак, і не выслухалі яны. 30 І шкадаваў Ты іх многа гадоў, і заклінаў іх Духам Тваім і праз рукі прарокаў Тваіх, і не выслухалі яны; і аддаў Ты іх у рукі народаў чужых земляў. 31 Але ў міласэрнасці найвялікшай Сваёй не вынішчыў іх і не пакінуў Ты іх; бо Ты — Бог міласэрны і міласцівы. 32 Дык цяпер, Божа наш, вялікі, магутны і страшны, захоўваючы запавет і міласэрнасць, хай не будуць малымі ў Цябе ўсе беды, што наведалі нас, цароў нашых, і князёў нашых, і святароў нашых, і прарокаў нашых, і бацькоў нашых ды ўвесь народ Твой, ад дзён цароў асірыйскіх аж па гэты дзень. 33 І Ты справядлівы ва ўсім, што прыйшло на нас, бо Ты справядліва зрабіў, а мы бязбожна паводзілі сябе. 34 Цары нашы, князі нашы, святары нашы і бацькі нашы не споўнілі закону Твайго ды не зважалі на прыказанні Твае і на сведчанні Твае, якімі сведчыў перад імі. 35 І яны ў царствах сваіх і ў дабраце Тваёй вялікай, якую Ты даў ім, і ў зямлі надта абшырнай і ўрадлівай, якую Ты ім даў, не служылі Табе ды не адвярнуліся ад учынкаў сваіх найгоршых. 36 І вось, мы самі сёння сталі нявольнікамі ў зямлі, якую Ты даў бацькам нашым, каб спажывалі плады яе і багацце яе, мы самі сталі нявольнікамі. 37 І плады яе памнажаюцца для цароў, якіх ты паставіў над намі дзеля нашых грахоў, і яны валодаюць целамі нашымі і жывёлай нашай па сваёй волі, і мы знаходзімся ў вялікім прыгнёце. 38 Такім чынам, дзеля ўсяго гэтага мы заключаем і падпісваем дагавор, і паставяць на ім пячатку князі нашы, левіты нашы і нашы святары». |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)