ЁВА 23 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 У адказ Ёў сказаў: 2 «І сёння з горыччу жальба мая, бо рука Яго ўзнеслася цяжарам над стогнам маім. 3 О, каб я спазнаў, дзе знайсці Яго, і каб падышоў да пасада Яго! 4 Пакладу я перад Ім суд і напоўню вусны свае нараканнямі, 5 каб ведаў я словы, якімі Ён адкажа мне, і каб зразумеў, што Ён будзе гаварыць мне. 6 Ці ж з вялікім запалам будзе Ён спрачацца са мною? Не! Ён будзе толькі слухаць! 7 Тады справядлівы будзе судзіцца з Ім, і ад Суддзі свайго пайшоў бы я ў цэласці. 8 Калі пайду я на ўсход — Ён не з’явіцца, і калі пайду на захад — не здагадаюся, дзе Ён. 9 Калі далей пайду налева, не знайду Яго; калі павярну направа, не ўбачу Яго. 10 А Ён ведае дарогу маю, і калі выпрабуе мяне, я выйду [чысты], як золата. 11 Нага мая трымаецца слядоў Яго, я пільную дарогу Яго і не збочваю з яе. 12 Ад загадаў вуснаў Яго не адступаюся, і ў сэрцы сваім захоўваю словы вуснаў Яго. 13 Бо Ён адзіны, і хто адштурхне Яго? І што толькі хоча душа Яго, тое робіць. 14 Калі Ён на мне споўніў волю Сваю, то і іншых падобных рэчаў ёсць у Яго багата. 15 Таму я хвалююся ў прысутнасці Яго і, калі гляджу на Яго, ахоплены страхам. 16 Бог улагодзіў сэрца маё, і Усемагутны ўстрывожыў мяне, 17 бо не загінуў я ад надыходу цемры і змрок не агарнуў аблічча майго. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)