ЛУКАША 22 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Набліжалася ж свята Праснакоў, якое называецца Пасхай. 2 І першасвятары і кніжнікі шукалі, як бы забіць Яго, але баяліся людзей. 3 Шатан жа ўвайшоў у Юду, якога празывалі Іскарыётам, аднаго з дванаццаці; 4 і ён выйшаў і дамовіўся з першасвятарамі і начальнікамі, як выдаць ім Ісуса. 5 Яны ж узрадаваліся і вырашылі даць яму грошы. 6 І паабяцаў ён ім, ды шукаў нагоды, каб выдаць Яго ім не пры людзях. 7 І надышоў дзень праснакоў, у які належала ахвяраваць Пасху. 8 І паслаў Ісус Пётру і Яна, кажучы: «Ідзіце і прыгатуйце нам Пасху, каб мы з’елі». 9 А яны сказалі Яму: «Дзе хочаш, каб прыгатавалі?» 10 І Ён сказаў ім: «Вось, калі вы будзеце ўваходзіць у горад, сустрэнецца вам чалавек, што будзе несці збан вады; ідзіце за ім у дом, у які ўвойдзе. 11 Ды скажыце гаспадару дома: “Вучыцель кажа табе: “Дзе пакой, у якім Я з вучнямі Маімі мог бы з’есці пасху?” 12 Ён вам пакажа вялікую святліцу засланую, там прыгатуйце». 13 Пайшоўшы, знайшлі ўсё, як Ён сказаў ім, і прыгатавалі пасху. 14 А калі надышла гадзіна, узлег Ён і дванаццаць Апосталаў з Ім. 15 І гаворыць ім: «Жаданнем вялікім жадаў Я з’есці гэтую пасху з вамі перш, чым буду цярпець. 16 Бо кажу вам: не буду ўжо яе есці, пакуль не споўніцца яна ў Валадарстве Божым». 17 І, узяўшы келіх, склаў падзяку і сказаў: «Бярыце яго і падзяліце між сабой. 18 Бо кажу вам: адсюль не буду піць з плода вінаграду, пакуль не прыйдзе Валадарства Божае». 19 І, узяўшы хлеб, склаў падзяку, і паламаў, і даў ім, кажучы: «Гэта Цела Маё, каторае за вас даецца. Гэта рабіце ў Маю памяць». 20 Падобна і келіх [узяў] па вячэры, кажучы: «Гэты келіх ёсць Новы Запавет у Крыві Маёй, якая за вас праліваецца. 21 Аднак вось рука таго, хто выдае Мяне, разам з Маёю на стале. 22 Сын Чалавечы, праўда, адыходзіць паводле таго, як вызначана; аднак гора таму чалавеку, якім Ён выдаецца». 23 І яны пачалі пытацца адзін аднаго, хто з іх той, які збіраецца гэта ўчыніць. 24 І сталася спрэчка між імі, хто з іх павінен лічыцца большым. 25 Але Ён сказаў ім: «Цары народаў валадараць над імі, і тыя, хто над імі маюць уладу, завуцца дабрадзеямі. 26 Але вы не так: і хто ў вас большы, хай будзе як меншы, і правадыр – як паслугач. 27 Бо хто большы: ці той, хто ўзлягае, ці той, хто паслугуе? Ці не той, хто сядзіць пры стале? Я, аднак, пасярод вас як той, што паслугуе. 28 Вы ж ёсць тыя, што вытрывалі пры Мне ў выпрабаваннях Маіх. 29 Я вам пераказваю Валадарства, як Мне пераказаў Айцец Мой, 30 каб вы елі і пілі пры стале Маім у Валадарстве Маім, і сядзелі на пасадах, судзячы дванаццаць пакаленняў Ізраэля». 31 [І сказаў Госпад:] «Сімоне, Сімоне! Вось шатан дабіваўся вас, каб пасеяць, як пшаніцу; 32 але Я маліўся за цябе, каб не заняпала вера твая. І ты, з часам навярнуўшыся, умацоўвай братоў тваіх». 33 Той жа сказаў Яму: «Госпадзе, я гатовы з Табой ісці ў вязніцу і на смерць». 34 Але Ён сказаў: «Кажу табе, Пётра, не запяе певень сёння, як тройчы зрачэшся, што ведаеш Мяне». 35 І сказаў ім: «Калі Я пасылаў вас без капшука і без торбы і пасталоў, ці ж вам не хапала чаго?» І яны сказалі: «Анічога». 36 Сказаў ім тады: «А цяпер хто мае капшук, хай возьме, таксама і торбу, а хто не мае, хай прадасць туніку сваю і купіць меч. 37 Бо кажу вам: мусіць споўніцца на Мне тое, што напісана: “І да злачынцаў быў залічаны”. Бо тое, што адносіцца да Мяне, спаўняецца». 38 А яны сказалі: «Госпадзе, вось тут два мечы». І Ён сказаў ім: «Хопіць». 39 І, выйшаўшы, Ісус па звычаю накіраваўся на гару Аліўную, а за Ім пайшлі і вучні Яго. 40 І, калі прыбыў на месца, сказаў ім: «Маліцеся, каб не ўвайшлі ў спакушэнне». 41 І Сам аддаліўся, адышоўшы ад іх, як кінуць камень, ды, упаўшы на калені, маліўся, 42 кажучы: «Ойча, калі хочаш, пранясі гэты келіх міма Мяне! Аднак не Мая воля, але Твая хай станецца». 43 І з’явіўся Яму анёл з неба, умацоўваючы Яго. А Ён, будучы ў агоніі, тым даўжэй маліўся. 44 І стаўся пот Яго, як кроплі крыві, што сцякае на зямлю. 45 І, калі падняўся ад малітвы і прыйшоў да вучняў, убачыў, што яны спяць ад смутку. 46 І гаворыць ім: «Чаму спіце? Падымайцеся і маліцеся, каб не ўвайшлі ў спакушэнне». 47 Калі яшчэ Ён гэта гаварыў, вось, натоўп, і наперадзе яго адзін з дванаццаці, які называўся Юда, і ён наблізіўся да Ісуса, каб пацалаваць Яго. 48 А Ісус сказаў яму: «Юда, пацалункам Сына Чалавечага выдаеш?» 49 А тыя, што вакол Яго былі, бачачы, што мае адбыцца, сказалі: «Госпадзе, ці не ўдарыць нам мечам?» 50 Ды адзін з іх ударыў паслугача першасвятара і адсёк яму правае вуха. 51 А Ісус, адказваючы, гаворыць: «Спыніцеся, хопіць!» і, дакрануўшыся да вуха яго, аздаравіў яго. 52 Затым сказаў Ісус тым, што прыйшлі па Яго, першасвятарам, і кіраўнікам святыні, і старэйшынам: «Як на разбойніка выйшлі вы з мечамі і кіямі? 53 Калі штодзень знаходзіўся Я з вамі ў святыні, не паднялі вы на Мяне рук; але цяпер ваш час і ўлада цемры». 54 І, узяўшы Яго, павялі і прывялі ў дом першасвятара. Пётра ж ішоў за імі здалёк. 55 А калі распалілі вогнішча пасярод двара і заселі вакол агню, сядзеў між іх і Пётра. 56 І, калі ўбачыла нейкая служка, што ён сядзіць пры святле, і ўгледзелася ў яго, сказала: 57 «І гэты быў з Ім». А ён зрокся Яго, кажучы: 58 «Жанчына, я не ведаю Яго!» А праз кароткі час, убачыўшы яго, нехта іншы сказаў: «І ты з іх». Пётра ж гаворыць: «О чалавеча, гэта не я». 59 А калі прайшло каля гадзіны часу, нехта іншы настойваў, кажучы: «Сапраўды, і гэты быў з Ім, бо і ён галілеец». 60 І гаворыць Пётра: «Чалавеча, не ведаю, што ты кажаш». І зараз, калі ён яшчэ гаварыў, запяяў певень. 61 І Госпад, павярнуўшыся, глянуў на Пётру; і Пётра ўспомніў слова Госпада, як яму прадказаў: «Перш, чым запяе певень, тройчы зрачэшся Мяне». 62 І, выйшаўшы вон, Пётра горка заплакаў. 63 А мужы, якія трымалі Ісуса, здзекаваліся з Яго і білі, 64 і закрылі Яму твар, і пыталіся ў Яго, кажучы: «Праракуй, хто ўдарыў Цябе?» 65 Ды многа іншых блюзненняў гаварылі на Яго. 66 А калі настаў дзень, сабраліся старэйшыны народа, і першасвятары, і кніжнікі і прывялі Яго ў свой сінедрыён, 67 кажучы: «Калі Ты – Хрыстос, дык скажы нам». А Ён гаворыць ім: «Калі скажу вам, не паверыце Мне, 68 а калі спытаюся, не адкажаце Мне і не вызваліце. 69 Але адгэтуль будзе Сын Чалавечы сядзець праваруч Магутнасці Бога». 70 Дык сказалі яны ўсе: «Дык Ты – Сын Божы?» Ён гаворыць ім: «Вы самі кажаце, што гэта Я». 71 Дык яны сказалі: «Якая нам яшчэ патрэба ў сведчанні? Бо мы самі чулі з вуснаў Яго». |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)