ЯНА 10 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто не ўваходзіць у аўчарню праз дзверы, але пранікае інакш, той злодзей і разбойнік; 2 а хто ўваходзіць праз дзверы, той пастыр над авечкамі. 3 Яму прыдзвернік адчыняе, і авечкі слухаюцца яго голасу, і сваіх авечак кліча ён па імю ды выпускае іх. 4 А калі выпусціць сваіх авечак, ідзе перад імі наперадзе, а авечкі ідуць за ім, бо ведаюць яго голас; 5 а за чужым яны не пойдуць, але ўцякаюць ад яго, бо голасу чужых не ведаюць». 6 Такую прыпавесць сказаў ім Ісус; але яны не зразумелі, што значыць тое, што ім гаварыў. 7 Дык сказаў ім Ісус ізноў: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: Я – дзверы для авечак. 8 Усе, колькі іх не прыйшло перада Мною, – злодзеі яны і разбойнікі, але авечкі не паслухалі іх. 9 Я – дзверы: калі хто праз Мяне ўвойдзе, будзе збаўлены; і ўвойдзе, і выйдзе, ды знойдзе пашу. 10 Злодзей не прыходзіць інакш, каб толькі красці, забіваць і губіць; Я ж прыйшоў, каб мелі жыццё і мелі ўдосталь. 11 Я – Пастыр добры. Добры Пастыр аддае за авечак жыццё Сваё. 12 Але найміт ды той, хто не пастыр, у каго авечкі не свае, бачыць, што набягае воўк, кідае авечак ды ўцякае, – а воўк хапае іх і разганяе авечак, – 13 А найміт уцякае, бо ён – найміт і не рупіцца пра авечак. 14 Я – добры Пастыр і ведаю Маіх, і яны Мяне ведаюць, 15 як ведае Мяне Айцец, а Я ведаю Айца; і жыццё Маё аддаю за авечак. 16 Ды і іншых авечак маю, якія не з гэтай аўчарні, і тых належыць Мне прывесці, і будуць яны слухаць голасу Майго, і станецца адзін статак і адзін Пастыр. 17 Таму любіць Мяне Айцец, што Я жыццё Маё аддаю, каб зноў яго атрымаць. 18 Ніхто ў Мяне яго не адбірае, але Я па Сваёй волі аддаю яго. Маю ўладу аддаваць яго і маю ўладу яго атрымаць. Такі загад атрымаў Я ад Айца Майго». 19 Дзеля таго ўзнікла зноў спрэчка між юдэямі з-за гэтых слоў. 20 Затым многія з іх гаварылі: «Дэмана мае і шалее! Нашто Яго слухаць?» 21 Іншыя ж казалі: «Гэта не словы апанаванага дэманам. Ці ж дэман можа сляпым вяртаць зрок?» 22 Сталася тады ў Ерузаліме ўрачыстасць пасвячэння святыні; была зіма, 23 і хадзіў Ісус па святыні ў прысенках Саламона. 24 Тады абступілі Яго юдэі і казалі Яму: «Дакуль будзеш бянтэжыць душу нашу? Калі Ты – Хрыстос, скажы нам яўна». 25 Адказаў ім Ісус: «Сказаў Я вам, а вы не верыце; справы, якія Я выконваю ў імя Айца Майго, яны сведчаць пра Мяне. 26 Але вы не верыце, бо вы не з Маіх авечак, як Я сказаў вам. 27 Авечкі Мае слухаюцца голасу Майго, і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мной, 28 і Я даю ім жыццё вечнае, і не прападуць вечна, і ніхто не вырве іх з Маёй рукі. 29 Айцец Мой, Які даў Мне іх, большы за ўсіх, і ніхто не можа вырваць іх з рукі Айца Майго. 30 Я і Айцец – адно». 31 Дык зноў юдэі схапілі камяні, каб Яго ўкаменаваць. 32 Адказаў ім Ісус: «Многа добрых учынкаў паказаў Я вам ад Айца Майго, дык за які з гэтых учынкаў кідаеце ў Мяне камяні?» 33 Адказалі Яму юдэі, кажучы: «Не камянуем Цябе за добрую справу, але за блюзненне, за тое, што Ты, хоць Ты чалавек, робіш Сябе Богам». 34 Адказаў ім Ісус: «Ці ж у законе вашым не напісана: “Я сказаў: вы – багі”? 35 Калі назваў багамі тых, для якіх было прызначана слова Божае, – а Пісанне памыліцца не можа, – 36 аб Тым, Каго Айцец усвяціў і паслаў у свет, вы кажаце: “Ты блюзніш!”, бо Я сказаў: “Я – Сын Божы”? 37 Калі Я не раблю спраў Айца Майго, не верце Мне. 38 Але калі раблю, дык, калі вы Мне верыць не хочаце, верце справам, каб спазналі і паверылі, што Айцец – ува Мне, а Я – у Ім». 39 Імкнуліся затым Яго ўзяць, але Ён ухіліўся ад іх рук. 40 І пайшоў зноў за Ярдан, у месца, дзе раней хрысціў Ян, ды там застаўся. 41 І многія прыходзілі да Яго і казалі: «Ян, што праўда, ніводнага знака не ўчыніў; але ўсё, што Ян аб Ім сказаў, было праўдай». 42 І многія там паверылі ў Яго. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)