ЛІКІ 14 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Дык увесь народ ў тую ноч плакаў уголас, 2 і наракалі на Майсея і Аарона ўсе сыны Ізраэля, гаворачы: «Лепш было б, каб мы паўміралі ў Егіпце або ў той бязлюднай пустыні! 3 Навошта завёў нас Госпад у гэтую зямлю, каб мы загінулі ад меча, а жонкі і дзеці нашы пайшлі ў палон? Ці не лепш нам вярнуцца ў Егіпет? 4 Адзін аднаму казалі: “Паставім сабе правадыра і вернемся ў Егіпет”». 5 Пачуўшы гэта, Майсей і Аарон палі вобліч на зямлю перад усёй грамадою сыноў Ізраэля. 6 А Ешуа, сын Нуна, і Калеб, сын Ефоны, якія самі аглядалі зямлю, раздзёрлі шаты свае 7 і казалі ўсёй грамадзе сыноў Ізраэля: «Зямля, якую мы абышлі, вельмі добрая. 8 Калі ласкавы будзе Госпад, то ўвядзе нас у яе і дасць нам зямлю, што ацякае малаком і мёдам. 9 Не бунтуйце супраць Госпада і не палохайцеся народа той зямлі, бо, як хлеб, мы можам іх праглынуць. Адышла ад іх уся дапамога; Госпад з намі; не бойцеся». 10 І калі ўся грамада залямантавала і хацела іх укаменаваць, над палаткай сустрэчы з’явілася слава Госпада перад усімі сынамі Ізраэля, 11 і прамовіў Госпад да Майсея: «Дакуль будзе зневажаць Мяне народ гэты? І дакуль не будзе ён верыць усім знакам, якія Я ўчыніў перад ім? 12 Такім чынам, Я адведаю іх пошасцю і вынішчу; з цябе ж зраблю вялікі народ, мацнейшы за іх». 13 І Майсей сказаў Госпаду: «Хай пачуюць егіпцяне, з грамады якіх вывеў Ты народ гэты магутнасцю Сваёй, 14 і хай яны скажуць жыхарам той зямлі, бо яны чулі, што Ты, Госпадзе, знаходзішся ў народзе гэтым і паказваешся тварам да твару, і воблака Тваё пакрывае іх, і Ты ідзеш перад імі ўдзень у слупе воблачным, а ўначы — у слупе вогненным. 15 І калі гэты народ заб’еш да апошняга чалавека, народы, якія чулі голас Твой, скажуць: 16 “Госпад не мог увесці народ у зямлю, аб якой ім прысягнуў, таму забіў іх у пустыні!” 17 Дык хай уславіцца магутнасць Госпада, як Ты прысягнуў, кажучы: 18 “Госпад цярплівы ў бязмежнай міласэрнасці, што прабачае правіннасць і злачынствы і не пакідае нікога без пакарання, Ён карае грахі бацькоў на сынах да трэцяга і чацвёртага пакалення”. 19 Малю, даруй грэх народу гэтаму дзеля вялікай міласэрнасці Тваёй, як Ты быў ласкавы да народа гэтага ад Егіпта аж да гэтага месца». 20 І сказаў Госпад: «Вось жа, Я прабачаю паводле слова твайго. 21 Я жыву, і слава Госпада напаўняе ўсю зямлю! 22 І ўсё ж людзі, якія бачылі веліч Маю і знакі, якія чыніў Я ў Егіпце і ў пустыні, спакушалі Мяне ўжо дзесяць разоў і не слухаліся голасу Майго, 23 не пабачаць яны зямлі, якою прысягнуў Я бацькам іх, і ніхто з тых, хто зневажаў Мяне, не будзе аглядаць яе. 24 Паслугача Свайго Калеба, поўнага іншага духа, які ідзе за Мною, увяду Я ў тую зямлю, якую ён абышоў, і нашчадкі яго авалодаюць ёю. 25 Таму што Амалек і хананеі жывуць у далінах, заўтра здыміцеся з лагера і вярніцеся ў пустыню шляхам да Чырвонага мора». 26 І казаў Госпад Майсею і Аарону, гаворачы: 27 «Дакуль гэтая грамада найгоршая будзе наракаць на Мяне? Чуў Я нараканні сыноў Ізраэля. 28 Таму скажы ім: “Жыву Я, кажа Госпад, як вы гаварылі, бо Я чуў, гэтак зраблю вам! 29 У гэтай пустыні будуць ляжаць трупы вашы! Усе, што палічаны былі ад дваццаці гадоў і вышэй і што наракалі на Мяне, 30 не ўвойдзеце вы ў зямлю, над якой Я падняў руку Сваю, каб пасяліць вас, апрача Калеба, сына Ефоны, і Ешуа, сына Нуна. 31 Дзяцей жа вашых, пра якіх вы гаварылі, што будуць яны здабычай ворагаў, Я ўвяду, каб убачылі зямлю, якая вам не спадабалася. 32 Вашы трупы будуць ляжаць у гэтай пустыні; 33 сыны вашы будуць пастухамі ў пустыні сорак гадоў і будуць цярпець за распусту вашу, пакуль не знікнуць трупы вашы ў пустыні. 34 Па ліку сарака дзён, на працягу якіх аглядалі вы зямлю, — год будзе залічаны за дзень, — сорак гадоў вы будзеце выносіць несправядлівасці вашы і даведаецеся, што такое помста Мая. 35 Я, Госпад, сказаў і так зраблю гэтай найгоршай грамадзе, што ўзбунтавалася супраць Мяне: у гэтай пустыні вы загінеце і памраце”». 36 Такім чынам, усе людзі, якіх паслаў Майсей на агляданне зямлі і якія, вярнуўшыся, прымусілі ўсю грамаду наракаць, падаючы ліхія весткі аб зямлі, 37 памерлі і былі ўдараны ў прысутнасці Госпада. 38 Аднак Ешуа, сын Нуна, і Калеб, сын Ефоны, засталіся жывымі з усіх, хто хадзілі аглядаць зямлю. 39 І ўсе гэтыя словы пераказаў Майсей усім сынам Ізраэля, і народ вельмі засмуткаваў. 40 І вось, устаўшы раніцай, узышлі яны на вяршыню гары і казалі: «Гатовы мы пайсці ў зямлю, пра якую казаў Госпад, бо мы зграшылі», 41 Майсей сказаў ім: «Чаму вы пераступаеце слова Госпада? Гэта не пойдзе вам на карысць. 42 Не ідзіце, бо няма Госпада з вамі, каб не загінулі вы ад ворагаў вашых! 43 Амалекцы і хананеі перад вамі, ад іх меча загінеце, таму што вы не пажадалі знайсці супакой у Госпадзе, і не будзе з вамі Госпад». 44 Але, ахутаныя цемраю, яны ўзышлі на вяршыню гары; каўчэг жа Госпадава запавету і Майсей не выйшлі з лагера. 45 І выйшлі амалекцы і хананеі, што пражывалі на гары, і, удараючы іх і забіваючы, гналі іх аж да Хормы. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)