ДРУГІ ЗАКОН 29 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Гэткія вось словы запавету, які загадаў Госпад Майсею, каб заключыў з сынамі Ізраэля ў зямлі Мааба, апрача запавету, які заключыў з імі на Гарэбе. 2 І склікаў Майсей увесь Ізраэль, і сказаў ім: «Вы бачылі ўсё, што ў зямлі Егіпецкай на вашых вачах зрабіў Госпад фараону, і ўсім паслугачам яго, і ўсёй зямлі яго, 3 тыя вялікія плягі, якія бачылі вочы вашы, тыя знакі і цуды вялізныя, 4 ды не даў вам Госпад сэрца, што разумее, ды вачэй, якія бачаць, і вушэй, якія маглі б чуць, аж да сённяшняга дня. 5 І вёў я вас сорак гадоў праз пустыню; не сцёрлася адзенне ваша, сандалі на нагах вашых ад старасці не знасіліся. 6 Хлеба вы не елі, віна і сікеры не пілі, каб вы ведалі што Я — Госпад, Бог ваш. 7 І прыйшлі вы потым на гэтае месца, і Сэгон, цар Хесебона, і Ог, цар Басана, выступілі супраць вас вайною, і мы іх пабілі. 8 І забралі мы іх зямлю, і аддалі яе ва ўласнасць пакаленням Рубэна і Гада і палове пакалення Манасы. 9 Дык беражыце словы гэтага запавету і спаўняйце іх, каб мелі вы поспех ва ўсім, што робіце. 10 Вы стаіце сёння ўсе ў прысутнасці Госпада, Бога вашага; князі вашы, кіраўнікі пакаленняў вашых, старэйшыны вашы, суддзі, таксама кожны ізраэлец, 11 дзеці і жонкі вашы, і чужаземец твой, які з табой прабывае ў лагеры, пачынаючы ад дрывасекаў аж да тых, якія чэрпаюць ваду тваю, 12 каб увайшоў ты, прычым пад прысягай, у запавет Госпада, Бога твайго, які сёння Госпад, Бог твой, заключыў з табою, 13 каб зрабіць цябе сёння Сваім народам і каб Ён быў тваім Богам, як сказаў табе і як прысягнуў бацькам тваім, Абрагаму, Ізааку і Якубу. 14 Не толькі з вамі аднымі заключаю я гэты запавет і зацвярджаю гэтай прысягай, 15 але з усімі тут прысутнымі разам з намі перад Госпадам, Богам нашым, і з тымі, каго сёння тут з намі няма. 16 Вы ж ведаеце, як мы жылі ў зямлі Егіпецкай і як ішлі між народамі, праз якія вы прайшлі. 17 Бачылі вы брыдоты і ідалаў іх, дрэвы і камяні, срэбра і золата, якім яны пакланяліся. 18 Хай не будзе часам паміж вас мужчыны або жанчыны, сям’і або пакалення, якога сэрца было б сёння адвернута ад Госпада, Бога вашага, каб ісці і служыць багам гэтых народаў, ды каб гэтак не знайшоўся паміж вас корань, які родзіць атруту і палын. 19 Калі б хто чуў словы гэтага праклёну і патураў сабе ў сэрцы сваім, кажучы: “Супакой мець буду, хоць буду жыць у крывадушнасці сэрца свайго,” — той сцягвае загубу на зямлю як абводненую, так і сухую. 20 Госпад не даруе яму, але тады тым больш узгарыцца гнеў Яго і лютасць супраць таго чалавека, і прыйдуць на яго ўсе праклёны, якія запісаны ў гэтым скрутку, і вынішчыць Госпад імя яго з-пад неба, 21 і аддзеліць яго на загубу з усіх пакаленняў Ізраэля, паводле ўсіх праклёнаў запавету, што запісаны ў гэтай кнізе закону. 22 Тады будучыя пакаленні, сыны вашы, якія народзяцца пасля вас, і прыхадні, якія прыбудуць здалёк, убачаць плягі гэтае зямлі і немачы, якімі будзе караць яе Госпад, і скажуць: 23 “Серка, і соль, і пажарышча — уся яго зямля, так што не будзе яна больш засяваная і не зазелянее яна, як пасля загубы Садома і Гаморы, Адамы і Себаіма, якія Госпад знішчыў у гневе Сваім і раз’ятранасці”. 24 Тады скажуць усе народы: “Чаму Госпад зрабіў так зямлі гэтай? Чаму такая бязмежная раз’ятранасць гневу?” 25 І адкажуць: “Бо пакінулі яны запавет Госпада, Бога бацькоў іх, які заключыў Ён з імі, калі вывеў іх з зямлі Егіпецкай, 26 і служылі яны багам чужым, і пакланяліся ім, тым, якіх не ведалі і якія не былі ім прызначаны, 27 таму ўзгарэўся гнеў Госпада супраць гэтай зямлі, і навёў Ён на яе ўсе праклёны, якія ў гэтым скрутку запісаны. 28 І выгнаў Ён іх з зямлі іх у гневе, раз’ятранасці і абурэнні страшным, і выгнаў іх у зямлю чужую, як гэта сёння было пацверджана”». 29 Скрытае належыць Госпаду, Богу нашаму, а адкрытае — нам і сынам нашым аж навек, каб спаўнялі мы ўсе словы гэтага закону. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)