Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ДРУГІ ЗАКОН 2 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Тады, павярнуўшы, накіраваліся мы ў пустыню праз Чырвонае мора, як мне сказаў Госпад, і шмат часу абыходзілі наўкола гару Сэір.

2 І Госпад сказаў мне:

3 «Досыць вам хадзіць вакол гэтае гары, павярніце на поўнач.

4 Вось жа, загадай народу і скажы: “Вы будзеце праходзіць праз межы братоў вашых, сыноў Эзава, што жывуць у Сэіры і баяцца вас. Дык будзьце ўважлівымі,

5 не выступайце супраць іх, бо Я не дам вам зямлі іх ні на стапу нагі дзеля таго, што гару Сэір Я даў ва ўладанне Эзаву.

6 Ежу купляйце ў іх за грошы і ежце; таксама і ваду купляйце, набірайце і піце”».

7 Госпад, Бог твой, дабраславіў цябе ў кожнай справе рук тваіх; ведае Ён шлях твой, і ў той час, як ты сорак гадоў праходзіў гэтую вялікую пустыню, прабываў з табой Госпад, Бог твой, і нічога табе не бракавала.

8 І, калі абмінулі мы братоў нашых, сыноў Эзава, якія пражывалі ў Сэіры, дарогай на Арабу, ад Элата і Эцыён-Гебэра, мы завярнулі і пайшлі дарогай, якая вядзе ў пустыню Мааб.

9 Тады сказаў мне Госпад: «Не варагуй супраць Мааба і не пачынай з імі вайны, Я не дам нічога ва ўладанне табе з іх зямлі, бо аддаў Ар ва ўладанне сынам Лота».

10 Першымі пасяленцамі яе былі эмімы, народ вялікі, шматлікі і такі ж высокі, як анакімы;

11 залічалі іх да рэфаімаў, як і анакімаў. Нарэшце маабцы называюць іх эмімамі.

12 У Сэіры жылі раней харэі, але сыны Эзава выгналі іх і выгубілі, каб пасяліцца на іх месцы, як зрабіў Ізраэль у зямлі валадарання свайго, якую даў ім Госпад.

13 «Дык уставайце і перайдзіце праз ручай Зарэд». І перайшлі мы ручай Зарэд.

14 Час жа, які мы ішлі з Кадэс-Барнэ да пераправы праз ручай Зарэд, — трыццаць восем гадоў, аж пакуль не загінула ў лагеры ўсё тое пакаленне людзей, здатных да бою, як ім у гэтым пакляўся Госпад,

15 рука Якога была супраць іх, каб вынішчыць іх пасярод лагера.

16 Калі згінулі ўсе, здатныя да вайны пасярод народа,

17 сказаў мне Госпад, кажучы:

18 «Ты пяройдзеш сёння межы Мааба, горад пад назваю Ар,

19 і падыдзеш блізка да сыноў Амона. Высцерагайся, не ваюй з імі і не пачынай бою, бо Я не дам табе нічога з зямлі сыноў Амона, бо аддаў яе ва ўладанне сынам Лота».

20 І яна лічылася зямлёй рэфаімаў, калісьці жылі ў ёй рэфаімы, якіх аманіцяне завуць замзумімамі.

21 Народ гэта вялікі, шматлікі і высокі ростам, як анакімы, але знішчыў іх Госпад перад абліччам іх, ды ўчыніў так, што яны пасяліліся на месцы іх.

22 Таксама зрабіў Ён з сынамі Эзава, што жывуць у Сэіры, вынішчаючы харэяў і перадаючы ім зямлю іх, якою валодаюць яны аж да гэтага часу.

23 У той спосаб і авімаў, якія пражывалі ў паселішчах аж да Газы, выгубілі кафтарымы, якія прыбылі з Кафтора, каб пасяліцца на іх месцы.

24 «Уставайце, вырушыце ў дарогу, пераходзьце ручай Арнон: вось жа, Я аддаў у рукі твае Сэгона, цара Хесебона, амарэя; і бяры ва ўласнасць яго зямлю і пачынай вайну супраць яго.

25 Сёння ж Я пачну распаўсюджваць страх і жах перад табою на народы, што жывуць пад усім небам, каб, пачуўшы імя тваё, яны баяліся і дрыжалі перад табою».

26 Дык выправіў я паслоў з пустыні Кадэмот да Сэгона, цара Хесебона, з словамі мірнымі, кажучы:

27 «Я прайду праз зямлю тваю. Я пакрочу гасцінцам, проста, і не збочу ані ўправа, ані ўлева.

28 Харчаванне прадавай мне за плату, каб меў я што есці. Таксама ваду прадавай мне за грошы, каб я меў што піць. Дазволь мне толькі прайсці пехатою,

29 як дазволілі мне сыны Эзава, якія жывуць у Сэіры, і маабцы, якія жывуць у Ары, аж пакуль я дайду да Ярдана і перайду ў зямлю, якую мае даць нам Госпад, Бог наш».

30 Але цар Хесебона Сэгон не захацеў дазволіць нам прайсці праз яго [зямлю], бо закамяніў яму дух Госпад, Бог твой, і сэрца яго зрабіў упорыстым, каб быў ён аддадзены ў рукі твае, як гэта і сталася сёння.

31 Госпад сказаў мне: «Вось, Я пачынаю аддаваць табе Сэгона і зямлю яго. Пачынай займаць яе!»

32 І выйшаў супраць нас Сэгон з усім народам сваім на вайну каля Ясы.

33 І выдаў яго нам Госпад, Бог наш; і пабілі мы яго, і сыноў яго, і ўвесь народ яго.

34 У той час авалодалі мы ўсімі гарадамі яго і палажылі праклён на кожны горад, мужчын і жанчын, і дзяцей, і нікога з іх не пакінулі жывога,

35 апроч жывёлы, якую сабе пазабіралі, ды апроч таго, што захапілі ў гарадах, занятых намі.

36 Ад Араэра, што на беразе ручая Арнон, і ад горада ў даліне аж да Галаада не было горада, які б пазбег нашых заваёў; усё аддаў нам Госпад, Бог наш,

37 за выключэннем зямлі сыноў Амона, да якой ты не набліжаўся; мясцовасцей вакол ручая Ябок, гарадоў у гарах, ды ўсіх месцаў, на якія даў нам забарону Госпад, Бог наш.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы