Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

АМОСА 2 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Гэта кажа Госпад: “Дзеля трох злачынстваў Мааба і з прычыны чатырох не адмяню слова, таму што спаліў косці цара Эдома на вапну.

2 Дык пашлю агонь на Мааба, ён паглыне палацы Карыёта, ды прападзе ў час завірухі ваеннай Мааб, у гармідары і пры гуку трубы:

3 знішчу з пасярод яго суддзю і разам з ім пазабіваю ўсіх яго князёў”, — кажа Госпад.

4 Гэта кажа Госпад: “Дзеля трох збродняў Юды і з прычыны чатырох не адмяню слова, таму што адкінулі закон Госпадаў і загадаў Яго не захавалі, звялі іх ідалы іх, за якімі хадзілі бацькі іх;

5 дык сашлю агонь на Юду, і паглыне ён палацы Ерузаліма”.

6 Гэта кажа Госпад: “Дзеля трох збродняў Ізраэля і з прычыны чатырох не адмяню слова, таму што за срэбра прадаюць справядлівага, а беднага — за пару сандаляў.

7 У пыле зямлі топчуць яны галовы бедных, а дарогу ўбогіх крывяць; а сын і бацька яго ходзяць да [той самай] дзяўчыны, каб зняважыць Маё святое імя.

8 І на вопратках, узятых у залог, вылежваюцца пры кожным ахвярніку, і віно, атрыманае з абвінавачаных, п’юць у доме Бога свайго.

9 Я знішчыў з-пад іх аблічча амарэяў, вышыня якіх была падобнай да вышыні кедраў, а моц — быццам дубоў; я знішчыў плод іх зверху, а знізу — карані яго.

10 Вывеў жа Я вас з зямлі Егіпецкай, і вёў вас праз пустыню сорак гадоў, каб вы атрымалі ў спадчыну зямлю амарэяў.

11 І пасярод сыноў вашых узняў прарокаў, а паміж юнакоў вашых — назіраў. Ці не было так, сыны Ізраэля?” — кажа Госпад.

12 А вы назарэйцаў паілі віном, а прарокам забаранялі, кажучы: “Не праракуйце”.

13 Вось жа, Я прыцісну вас да зямлі, як прыціскае воз, загружаны снапамі.

14 У спрытнага не стане сілы ўцячы, ды дужы не адчуе сілы сваёй, а волат не ўратуе душу сваю;

15 лучнік не ўстаіць, ані спрытны не ўратуецца на нагах сваіх, а коннік на кані не ўратуе душу сваю.

16 Нават наймацнейшы духам сярод волатаў уцячэ голы ў той дзень”, — кажа Госпад.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы