Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ПСАЛТЫР 107 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Алілуя. Вызнавайце Госпада, бо Ён добры, бо на векі міласэрнасць Яго.

2 Хай скажуць тыя, якія былі адкуплены Госпадам, якіх Ён адкупіў з рукі праціўніка.

3 і сабраў іх з [розных] краін, з усходу і з захаду, з поўначы і ад мора.

4 Яны блудзілі па пустыні, па бязлюддзі, не знаходзілі дарогі да горада абжытага.

5 Адчувалі голад і смагу, душа іх змарнела ў іх.

6 І пачалі яны ўсклікаць да Госпада, калі прыцяснялі іх, і Ён вызваліў іх з няшчасцяў іх.

7 І вывеў іх простай дарогай, каб дайшлі да горада абжытага.

8 Хай вызнаюць Госпада за Яго міласэрнасць і за Яго цуды для сыноў чалавечых,

9 бо насыціў Ён душу таго, хто адчуваў смагу, і напоўніў дабротамі душу, што моцна прагне.

10 Сядзелі яны ў цемры і ў цені смерці, звязаныя галечай і жалезам,

11 бо паднялі яны бунт супраць слоў Бога і пагардзілі парадай Найвышэйшага.

12 І ўпакорыў Ён сэрца іх пакутамі, саслабелі яны і не было нікога, хто ўспамог бы.

13 І пачалі яны ўсклікаць да Бога, калі прыцяснялі іх, і Ён вызваліў іх з няшчасцяў іх.

14 І вывеў іх з цемры і з ценю смерці ды паламаў іх путы.

15 Хай вызнаюць Госпада за Яго міласэрнасць і за Яго цуды для сыноў чалавечых,

16 бо разбіў Ён бронзавыя брамы і выламаў жалезныя запоры.

17 Сталіся яны бязглуздымі на шляху несправядлівасці сваёй і за беззаконнасці свае былі прыніжаны;

18 ад любой ежы адмовілася душа іх і наблізіліся яны да самых брамаў смерці.

19 І пачалі яны ўсклікаць да Бога, калі прыцяснялі іх, і Ён вызваліў іх з няшчасцяў іх.

20 Паслаў Сваё слова і аздаравіў іх і вырваў іх з пагібелі іх.

21 Хай вызнаюць Госпада за Яго міласэрнасць і за Яго цуды для сыноў чалавечых,

22 хай складаюць ахвяру падзякі і хай абвяшчаюць справы Яго з радасцю.

23 Тыя, што на караблях пусціліся ў мора, тыя, што займаюцца працай на вялікіх водах,

24 самі бачылі справы Госпада і цуды Яго ў глыбінях.

25 Сказаў Ён і ўзняў віхуру навальніцы, і пачалі ўздымацца хвалі Яго.

26 Уздымаліся аж пад неба і ападалі зноў на ніз, душа іх млела ў ліхой прыгодзе.

27 Устрывожыліся яны і захісталіся, як п’яны, і паглынута была ўся іх мудрасць.

28 І пачалі яны ўсклікаць да Бога, калі прыцяснялі іх, і Ён вывеў іх з няшчасцяў іх.

29 І асадзіў Ён навальніцу Яго ў лёгкі ветрык, і суцішыліся хвалі Яго.

30 І ўзвесяліліся, што яны сціхлі, і вывеў Ён іх у гавань іх жадання.

31 Хай вызнаюць Госпада за Яго міласэрнасць і за Яго цуды для сыноў чалавечых.

32 І хай узносяць Яго на сходзе народа ды на пасяджэнні старшынаў хай хваляць Яго.

33 Рэкі змяніў Ён у пустыню, а аазісы — у пустую зямлю,

34 урадлівую зямлю — у салёны стэп дзеля ліхасці жыхароў яе.

35 Змяніў Ён пустыню ў вадаёмы, а зямлю сухую — у аазіс.

36 І сабраў там прагнучых, і заснавалі яны горад абжыты.

37 Засеялі палі і насадзілі вінаграднікі, і здабылі яны плады для пажытку свайго.

38 І дабраславіў Ён іх, і памножыліся яны надзвычайна, і жывёлы іх не паменшыў.

39 І засталося іх мала, і змарнелі яны ад прыгнёту ліхіх і ад пакуты.

40 Праліў Ён пагарду на князёў і прымусіў іх блудзіць па пустыні бездарожнай.

41 І падняў беднага з убогасці, і разрасціў сем’і, як стада.

42 Убачаць справядлівыя і ўзвесяляцца, і ўсякая несправядлівасць зацісне вусны.

43 Хто ж мудры і будзе трымацца гэтага, зразумее міласэрнасць Божую.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы