Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

АСІІ 13 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Калі Эфраім прамаўляў, страх браў; быў ён правадыром у Ізраэлі. Вось жа, зграшыў праз Баала і памёр.

2 І цяпер грашаць яны далей: адліваюць сабе са срэбра свайго статуі, ідалаў паводле свайго разумення; гэта ўсё работа рамеснікаў. «Ім, — кажуць яны, — складайце ахвяры!» — і людзі цалуюць цялят.

3 Дзеля таго будуць яны падобнымі да воблакаў ранішніх і да расы ранішняй, што скора знікае, або стануцца, як мякіна з току, ветрам хапаная, ды як дым з коміна.

4 «Я ж — Госпад, Бог твой ад зямлі Егіпецкай; і Бога па-за Мною не знойдзеш, і Збаўцы па-за Мною няма.

5 Я пасвіў цябе на пустэчы, у зямлі засухі пустыннай.

6 На выганах сваіх былі накормлены, а наеўшыся, паднялі сэрца сваё, і таму забыліся пра Мяне.

7 А Я ім буду, як ільвіца, і, як пантэра, цікаваць буду пры дарозе.

8 Кінуся на іх, як мядзведзіца на захопе львянятак, раздзяру запоры сэрца іх; і з’ем іх там, як леў; палявы звер разарве іх.

9 Знішчаю цябе, Ізраэль; хто ж твой успаможца?

10 Дзе ж цар твой, каб цябе ратаваў ва ўсіх тваіх гарадах, і дзе суддзі твае, аб якіх ты казаў: “Дай мне цара і князёў”?

11 Даю табе цара ў гневе Маім і адбяру зноў у абурэнні Сваім.

12 Схаваная злачыннасць Эфраіма, скрыты грэх яго.

13 Болі парадзіхі прыйдуць на яго; будзе ён сынам неразумным, бо ў свой час стане ён пры выйсці з улоння.

14 Ці ж з рукі пекла маю вызваліць іх і ад смерці выбавіць іх? Дзе твае пошасці, о смерць? Дзе твая загуба, о пекла? Шкадаванне скрыта перад вачамі Маімі».

15 Хоць бы ён меў плён між братамі, прыйдзе вецер усходні, вецер Госпадаў, што прыходзіць з пустыні, высушыць крыніцы яго і высушыць студні іх. Ён зрабуе ўсе багацці, ўсё начынне каштоўнае.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы