Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ЛІКІ 22 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Потым сыны Ізраэля пайшлі далей і расклаліся лагерам на раўнінах Мааба, на другім баку Ярдана, насупраць Ерыхона.

2 А Балак, сын Сэфора, бачачы ўсё, што зрабіў Ізраэль амарэям,

3 дужа напужаў маабскі народ, бо быў ён шматлікі. І, паколькі баяўся Мааб сыноў Ізраэля,

4 сказаў старэйшынам мадыянцаў: «Цяпер гэтае мноства з’есць усё вакол, як вол звычайна есць траву на полі». Тады царом Мааба быў Балак, сын Сэфора.

5 І паслаў ён пасланцоў да Балаама, сына Бэора, у Пэтор, што над ракой у зямлі маабцаў, каб паклікаць яго і сказаць яму: «Вось, выйшаў народ з Егіпта і пакрыў паверхню зямлі, пасяліўшыся насупраць мяне.

6 Дык прыйдзі і пракляні народ гэты, бо ён дужэйшы за мяне; о, каб якім чынам я здолеў перамагчы яго і выгнаць з маёй зямлі. Бо ведаю, што каго ты дабраславіш, будзе дабраславёны, а каго ты праклянеш, будзе пракляты».

7 Вось, выбраліся старэйшыны маабцаў са старэйшынамі мадыянцаў у дарогу, трымаючы ў руках падарункі для вешчуна. І, калі прыбылі да Балаама і перадалі яму ўсе словы Балака,

8 ён ім адказаў: «Пераначуйце тут ноч, і я адкажу вам, што скажа мне Госпад». Калі засталіся старэйшыны маабцаў у Балаама,

9 прыйшоў Бог і сказаў яму: «Што гэта за людзі ў цябе?»

10 Ён адказаў: «Балак, сын Сэфора, цар маабцаў, даслаў да мяне іх,

11 каб сказаць: “Вось народ, які выйшаў з Егіпта, пакрыў паверхню зямлі; прыйдзі і пракляні мне яго, каб мог я якім-небудзь чынам з ім ваяваць і выгнаць яго”».

12 На тое сказаў Бог Балааму: «Не можаш ты ісці з імі і нельга табе праклінаць народ, бо ён дабраславёны».

13 І раніцай устаў ён, і сказаў князям Балака: «Вяртайцеся ў сваю зямлю, бо Госпад не дазволіў мне ісці з вамі».

14 Усталі тады князі Мааба, і прыйшлі да Балака, і сказалі яму: «Балаам не пажадаў ісці з намі».

15 Дык Балак паслаў яшчэ больш князёў, і болей дастойных, чым раней.

16 Як толькі прыбылі яны да Балаама, сказалі яму: «Так кажа Балак, сын Сэфора: “Не адмаўляйся прыйсці да мяне;

17 я гатовы табе выказаць вялікую пашану і, што пажадаеш, дам табе. Прыйдзі і пракляні мне народ гэты”».

18 Балаам адказаў: «Калі б даваў мне Балак поўны дом свой срэбра і золата, то не змог бы я пераступіць слова Госпада, Бога майго, як у малых рэчах, так і ў вялікіх.

19 Прашу, застаньцеся таксама ў гэтую ноч, а я даведаюся, што скажа мне зноў Госпад».

20 І прыйшоў Бог да Балаама ноччу і кажа яму: «Калі прыйшлі гэтыя людзі паклікаць цябе, то ўстань і ідзі з імі, але зробіш толькі тое, што Я табе скажу».

21 І ўстаў Балаам раніцай і, асядлаўшы сваю асліцу, рушыў разам з імі.

22 І ўзгарэўся гнеў Бога, што ён паехаў; і паўстаў Анёл Госпадаў на дарозе супраць Балаама, каб затрымаць яго; ён жа меў двух паслугачоў і ехаў на сваёй асліцы.

23 Калі асліца заўважыла Анёла Госпадава, што стаяў на дарозе, выцягнуўшы меч у руцэ сваёй, сышла з дарогі і пайшла ў поле. Калі Балаам ударыў яе і захацеў павярнуць яе на дарогу,

24 Анёл Госпадаў стаў на цеснай дарозе паміж двума мурамі, якімі былі абкружаны вінаграднікі.

25 Калі асліца ўбачыла Анёла Госпадава, яна прыціснулася да мура і зашчаміла нагу седака. Ён жа пачаў яе біць ізноў;

26 і Анёл Госпадаў перайшоў у месца цеснае, дзе ані справа, ані злева ніяк не можна было яго абмінуць, і закрыў дарогу.

27 І калі асліца ўбачыла Анёла Госпадава, што стаяў, лягла яна пад ногі седака; ён, узлаваны, яшчэ мацней біў бакі яе палкаю.

28 Тады адкрыў Госпад вусны асліцы, і яна сказала Балааму: «Што я табе зрабіла? Чаму б’еш мяне вось ужо трэці раз?»

29 Балаам адказаў: «Бо ты працівілася мне. Каб меў я меч у руцэ, забіў бы цябе!»

30 Асліца сказала: «Ці ж я не твая асліца, на якой ездзіш ад пачатку да сённяшняга дня? Скажы: ці рабіла я табе калі-небудзь штосьці падобнае?» А ён кажа: «Ніколі».

31 Раптам адкрыў Госпад вочы Балаама, і ён угледзеў Анёла Госпадава, што стаяў на дарозе, выцягнуўшы меч у руцэ сваёй; і пакланіўся ён тады анёлу да зямлі.

32 Сказаў яму Анёл Госпадаў: «Навошта трэці раз біў ты асліцу сваю? Я прыбыў, каб заступіць табе дарогу, бо нядобрая твая дарога і мне варожая.

33 І, бачачы мяне, асліца тры разы ўхілялася ад мяне; і каб не ўхілялася, забіў бы цябе, а яе пакінуў бы жывою».

34 Балаам сказаў: «Зграшыў я, бо не ведаў, што ты заступіў мне дарогу; а цяпер, калі табе не падабаецца, вярнуся назад».

35 Анёл Госпадаў сказаў: «Ідзі з тымі людзьмі, але сцеражыся, каб не гаварыць нічога іншага, акрамя таго, што Я табе загадаю». І пайшоў Балаам з князямі Балака.

36 Калі пачуў Балак, што Балаам ідзе, выйшаў яму насустрач у Ар-Маабе, што знаходзіўся на самай мяжы Арнона;

37 і ён сказаў Балааму: «Ці ж не пасылаў я да цябе пасланцоў, каб паклікаць цябе? Чаму не адразу прыбыў ты да мяне? Няўжо я не магу ўшанаваць цябе?»

38 Балаам яму адказаў: «Вось, я прыбыў да цябе; ці ж магу што другое гаварыць, апрача таго, што мне ў вусны Бог уклаў?»

39 Дык пайшлі Балак разам з Балаамам і прыбылі ў Карыят-Хусот.

40 І, калі Балак пазабіваў валоў і авечак, паслаў ён іх Балааму і князям, што з ім былі.

41 А з надыходам раніцы Балак завёў Балаама на вышыні Баала, і ўбачыў ён частку ізраэльскага народа.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы