ІСУСА 5 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Такім чынам, усе цары амарэяў, якія пражывалі за Ярданам на заходнім баку, і ўсе цары Ханаана, якія валодалі землямі, блізкімі да Вялікага мора, пачулі, што Госпад высушыў воды Ярдана перад сынамі Ізраэля, аж пакуль яны не пераправіліся; аслабела ў іх сэрца, і страцілі яны адвагу перад сынамі Ізраэля. 2 У той час сказаў Госпад да Ешуа: «Зрабі сабе нажы каменныя і абрэж сыноў Ізраэля зноў, другі раз». 3 Зрабіў ён нажы каменныя і абрэзаў сыноў Ізраэля на ўзгорку Аралот. 4 А гэта прычына другога абразання: увесь народ мужчынскага роду, які выйшаў з Егіпта, усе ваяры памерлі, вандруючы па пустыні; 5 яны ўсе былі абрэзаны. Народ жа, які нарадзіўся ў пустыні, не быў абрэзаны. 6 Сорак гадоў блукалі сыны Ізраэля па пустыні, пакуль не загінулі ўсе ваяры, людзі, якія выйшлі з Егіпта, якія не чулі голасу Госпада і якім Ён прысягнуў, што не пакажа ім зямлю, якою Ён прысягнуў бацькам іх, што дасць ім зямлю, што ацякае малаком і мёдам. 7 Сыны іх сталі на месца бацькоў і былі абрэзаны Ешуа, бо яны па нараджэнні не былі абрэзаны і ніхто іх у дарозе не абразаў. 8 А калі ўсе былі абрэзаны, заставаліся ў тым самым месцы лагерам, пакуль не ачунялі. 9 І сказаў Госпад да Ешуа: «Сёння зняў Я з вас ганьбу Егіпецкую». І названа было тое месца Галгал, і захавалася назва гэтая да сённяшняга дня. 10 І заставаліся сыны Ізраэля ў Галгале, і чатырнаццатага дня месяца святкавалі пасху вечарам на раўнінах Ерыхонскіх; 11 і на другі дзень елі плады той зямлі, праснакі і зерне пражанае. 12 Манна спынілася ад другога дня, калі пачалі есці плады той зямлі, і не елі ўжо гэтае ежы сыны Ізраэля, а харчаваліся ў той год пладамі зямлі Ханаанскай. 13 Калі ж Ешуа быў на полі каля горада Ерыхона, падняў вочы і ўбачыў мужчыну, што стаяў насупраць яго, трымаючы аголены меч; і падышоў Ешуа да яго, і спытаўся: «Ці на нашым баку ты, ці на баку ворагаў нашых?» 14 Ён адказаў: «Не; я кіраўнік войска Госпада, і вось я прыйшоў». Тады Ешуа ўпаў вобліч і, пакланіўшыся, сказаў: «Што скажа Госпад слузе свайму?» 15 І князь войска Госпада сказаў Ешуа: «Здымі абутак з ног тваіх: бо месца, на якім ты стаіш, — святое». І Ешуа зрабіў, як яму было загадана. 16 А Ерыхон быў абкружаны мурам і замкнуўся перад сынамі Ізраэля, і ніхто не асмельваўся выходзіць з яго або ў яго ўваходзіць. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)