БЫЦЦЁ 39 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 А Язэп быў завезены ў Егіпет. І купіў яго Патыфар, урадовец фараона, начальнік варты, егіпцянін, з рук ізмаэльцаў, якімі быў ён прыведзены. 2 І Госпад быў з ім, і ён быў чалавекам, якому добра вялося ва ўсім, і ён жыў у доме гаспадара свайго. 3 І той добра разумеў, што Госпад з ім, і ва ўсім, што ён рабіў, рука Яго ім кіравала. 4 І Язэп знайшоў ласку ў гаспадара свайго, і паслугаваў яму. І сталася, пасля таго, як той паставіў яго над домам сваім і ўсё, што меў, даручыў яму, 5 дабраславіў Госпад дом егіпцяніна дзеля Язэпа, і было дабраславенне Госпада на ўсёй маёмасці яго: як у доме, так і на полі. 6 І той аддаў усё, што меў, у рукі Язэпа, і не ведаў з ім ніякага іншага клопату, акрамя як пра хлеб, якім пасіляўся. А быў Язэп прыгожы тварам і прывабны знешне. 7 Дык звярнула вочы свае на Язэпа жонка гаспадара яго і кажа: «Спі са мною». 8 Але ён не згадзіўся і сказаў ёй: «Вось жа, гаспадар мой усё мне даручыў і не рупіцца ні пра што ў доме сваім, 9 і не можа ніхто быць важнейшым у доме гэтым, чым я; і нічога мне не забараніў, апроч цябе, ты ж жонка яго. Дык як я магу дапусціцца гэтага вялікага злачынства і грашыць супраць Бога?» 10 І падобнымі словамі штодзень дакучала жанчына юнаку, але ён адмаўляўся ад чужаложства. 11 Здарылася аднаго дня, што ўвайшоў Язэп у дом і займаўся сваёй справай без сведкаў, 12 а яна, схапіўшы яго за полы адзення, сказала: «Паспі са мной». А ён, пакінуўшы плашч у яе руках, уцёк і выйшаў вонкі. 13 Калі жанчына ўбачыла, што ён пакінуў плашч у яе руках і ўцёк вонкі, 14 паклікала дамоўнікаў сваіх і сказала ім: «Вось, прывёў ён мужчыну гебрая, каб ён здзекаваўся з нас; ён увайшоў да мяне, каб быць са мною. Калі я закрычала 15 і пачуў ён голас мой, пакінуў ён плашч, які трымала, а сам уцёк вонкі». 16 І затрыманы плашч паказала мужу, які вярнуўся дамоў, 17 і сказала падобныя гэтым словы: «Увайшоў да мяне паслугач гебрай, якога ты прыняў, каб ён насмяяўся з мяне; 18 а калі пачуў крык мой, пакінуў плашч, які трымала, і ўцёк вонкі». 19 Гаспадар, выслухаўшы гэтыя словы жонкі, моцна раззлаваўся 20 і пасадзіў Язэпа ў вязніцу, дзе знаходзіліся вязні фараона. І там яго зняволілі. 21 А Госпад быў з Язэпам і, пашкадаваўшы яго, даў яму ласку ў вачах начальніка вязніцы. 22 І ён аддаў у рукі Язэпа ўсіх вязняў, якіх трымалі пад вартай, і што толькі трэба было там зрабіць — ён рабіў. 23 А начальнік вязніцы не сачыў ужо за тым, што ў яго руцэ было, бо Госпад быў з ім і кіраваў усімі яго справамі. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)