Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ВЫХАД 16 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 І выйшлі яны з Эліма, і ўся супольнасць сыноў Ізраэля прыйшла ў пустыню Сін, якая знаходзіцца між Элімам і Сінаем, у пятнаццаты дзень другога месяца пасля таго, як выйшлі яны з зямлі Егіпецкай.

2 І пачала наракаць у пустыні ўся супольнасць сыноў Ізраэля на Майсея і на Аарона,

3 і сыны Ізраэля казалі ім: «Лепш бы мы паўміралі ад рукі Госпада ў зямлі Егіпецкай, калі сядзелі пры гаршках з мясам і калі мы елі хлеб уволю. Навошта ты вывеў нас у гэтую пустыню, каб вынішчыць голадам усю супольнасць?»

4 І сказаў Госпад Майсею: «Вось, Я спашлю вам хлеб з неба ў выглядзе дажджу; хай народ выходзіць і збірае тое, чаго на кожны дзень дастаткова, каб Я іх выпрабаваў, ці будуць яны хадзіць паводле Майго запавету, ці не.

5 А шостага дня хай згатуюць тое, што прынеслі, і хай гэта будзе ўдвая больш таго, што звычайна збіраюць яны штодзень».

6 І Майсей і Аарон сказалі ўсім сынам Ізраэля: «Увечары пазнаеце, што Госпад вывеў вас з зямлі Егіпецкай.

7 Раніцай убачыце славу Госпада. Бо Ён пачуў нараканні вашыя супраць Госпада. А хто ж мы, што вы наракаеце на нас?»

8 І сказаў Майсей: «Увечары дасць вам Госпад мяса есці, а раніцай — хлеба ўдосталь, бо чуў Ён нараканні вашыя, якімі наракалі вы супраць Яго. Бо хто такія мы? Не на нас наракалі вы, але на Госпада!»

9 І сказаў Майсей Аарону: «Скажы ўсёй грамадзе сыноў Ізраэля: “Станьце перад Госпадам; бо пачуў Ён нараканні вашы”».

10 І, калі Аарон гаварыў да ўсёй грамады сыноў Ізраэля, яны глянулі на пустыню, і вось, слава Госпада з’явілася ім у воблаку.

11 І прамовіў Госпад да Майсея, кажучы:

12 «Чуў Я нараканні сыноў Ізраэля. Скажы ім: “Увечары будзеце есці мяса, а раніцай будзеце насычацца хлебам, і даведаецеся, што Я — Госпад, Бог ваш”».

13 Так і адбылося: і ўвечары наляцелі перапёлкі, і накрылі лагер; а раніцай лягла раса вакол лагера.

14 І калі яна пакрыла паверхню пустыні, тады паказалася нешта дробнае і зярністае, накшталт шэрані на зямлі.

15 Калі ўбачылі гэта сыны Ізраэля, пыталіся адзін аднаго: «Мангу?» Бо не ведалі, што гэта было. І сказаў ім Майсей: «Гэта хлеб, які даў вам Госпад для спажывання.

16 Гэта слова, што сказаў Госпад: “Кожны з вас хай збярэ, колькі патрэбна для пражывання, гамор — на чалавека па колькасці вашых душ, што жывуць у палатцы, — так возьмеце”».

17 Так і зрабілі сыны Ізраэля, і сабралі адзін болей, другі меней.

18 І змералі гаморам; і ў таго, хто сабраў больш, не было лішняга, а ў таго, хто сабраў менш, не было нястачы, але кожны сабраў, колькі мог з’есці.

19 І сказаў ім Майсей: «Хай ніхто нічога з гэтага не пакідае да раніцы».

20 Некаторыя не паслухалі яго, але пакінулі штосьці з гэтага да раніцы, і пачало яно кішэць чарвякамі, і пачало смярдзець; і раззлаваўся на іх Майсей.

21 І збіраў раніцай кожны, колькі патрэбна для спажывання; а калі сонца прыпякала, яно раставала.

22 У шосты ж дзень сабралі падвоеную колькасць ежы, гэта значыць па два гаморы на кожнага чалавека. І сабраліся ўсе кіраўнікі супольнасці, і паведамілі Майсею.

23 Ён сказаў ім: «Гэта тое, што сказаў Госпад: “Заўтра супачынак, субота, святая для Госпада; і што маеце пячы — пячыце, а што маеце варыць — варыце; а што застанецца — пакіньце на раніцу”».

24 І зрабілі так, як загадаў Майсей, і не засмярдзела яно, і чарвяк у ім не завёўся.

25 І сказаў Майсей: «Ежце гэта сёння, бо гэта субота для Госпада, і ніхто хай не знаходзіцца ў полі сёння.

26 Шэсць дзён збірайце; але ў сёмы дзень — субота для Госпада, таму хай ніхто не знаходзіцца ў полі».

27 І надышоў сёмы дзень; і некаторыя з людзей выйшлі, каб збіраць, але нічога не знайшлі.

28 І сказаў Госпад Майсею: «Дакуль жа не будзеце хацець выконваць настаўленні Мае і закон Мой?

29 Бачыце, што Госпад даў вам суботу, і таму ў дзень шосты даў вам ежы ўдвая; дзеля таго кожны з вас хай застанецца ў сябе, і ніхто хай не выходзіць з месца свайго ў сёмы дзень».

30 І сёмага дня народ святкаваў суботу.

31 І назваў дом Ізраэля хлеб той «манна», бо была яна белая, як зерне каляндры, а смак мела падобны да мядовага.

32 І сказаў Майсей: «Гэта слова, якое сказаў Госпад: “Напоўніце гамор і захавайце яго для наступных вашых пакаленняў, каб ведалі яны хлеб, якім карміў Я вас у пустыні, калі ішлі вы з зямлі Егіпецкай”».

33 І сказаў Майсей Аарону: «Вазьмі які-небудзь посуд і пакладзі туды манны, колькі можа змясціць гамор, і пакладзі яго перад Госпадам, каб захаваць яе для будучых пакаленняў вашых».

34 Як загадаў Госпад Майсею, паклаў яго Аарон для захавання перад каўчэгам сведчання.

35 А сыны Ізраэля елі манну сорак гадоў, пакуль не прыйшлі ў зямлю заселеную; а: «Што гэта?» елі яны гэтую ежу, аж пакуль не прыбылі да межаў зямлі Ханаан.

36 А гамор — дзесятая частка эфы.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы