ЛІКІ 1 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 І ў першы дзень другога месяца, у другім годзе па выхадзе з Егіпта прамовіў Госпад да Майсея ў пустыні Сінай у палатцы сустрэчы, кажучы: 2 «Пералічыць усю грамаду сыноў Ізраэлевых па родах і па сем’ях іх, і па імёнах — усіх мужчынскага полу: 3 ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здатных да бою ізраэльцаў, палічыце іх па дружынах іх, ты і Аарон. 4 І з кожнага пакалення павінен быць з вамі чалавек, князь дому бацькоў яго, 5 вось гэтыя імёны: ад Рубэна — Элісур, сын Сэдэура; 6 ад Сімяона — Саламіэль, сын Сурысадая; 7 ад Юды — Наасон, сын Амінадаба; 8 ад Ісахара — Натанаэль, сын Суара; 9 ад Забулона — Эліяб, сын Гэлона; 10 ад сыноў Язэпа: ад Эфраіма — Элісама, сын Аміюда; ад Манасы — Гамаліэль, сын Падасура; 11 ад Бэньяміна — Абідан, сын Гедэона; 12 ад Дана — Ахіязэр, сын Амісадая; 13 ад Асэра — Пэгіэль, сын Акрана; 14 ад Гада — Эліясаф, сын Дэуэля; 15 ад Нэфталі — Ахіра, сын Энана». 16 Гэта людзі самыя знакамітыя ў грамадзе, кіраўнікі пакаленняў бацькоў сваіх і кіраўнікі тысяч Ізраэля. 17 Майсей і Аарон узялі іх, паімённа названых, 18 і першага дня другога месяца сабралі яны ўсю грамаду, пералічваючы іх па родах іх, і па сем’ях бацькоў іх, і кожнага па імені ад дваццаці гадоў і вышэй, па кіраўніках, 19 як загадаў Госпад Майсею. І былі палічаны яны ў пустыні Сінай. 20 Ад сыноў Рубэна, першароднага Ізраэля — пакаленні па плямёнах і па сем’ях бацькоў іх, па імёнах усіх людзей мужчынскага полу ад дваццаці гадоў і вышэй, здатных да бою. 21 Было налічана з пакалення Рубэна сорак шэсць тысяч пяцьсот. 22 Ад сыноў Сімяона — пакаленні па племёнах і па сем’ях родаў іх, былі палічаны па імёнах усе людзі мужчынскага полу, ад дваццаці гадоў і вышэй, здатныя да бою. 23 Было налічана з пакалення Сімяонавага пяцьдзесят дзевяць тысяч трыста. 24 Ад сыноў Гада — пакаленні па плямёнах і па сем’ях родаў іх, па імёнах усіх людзей мужчынскага полу ад дваццаці гадоў і вышэй, здатных да бою, 25 было налічана сорак пяць тысяч шэсцьсот пяцьдзесят. 26 Ад сыноў Юды — пакаленні па плямёнах і па сем’ях родаў іх, па імёнах усіх людзей мужчынскага полу ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здатных да бою, 27 было налічана семдзесят чатыры тысячы шэсцьсот. 28 Ад сыноў Ісахара — пакаленні па плямёнах і па сем’ях родаў іх, па імёнах усіх людзей мужчынскага полу ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здатных да бою, 29 было налічана пяцьдзесят чатыры тысячы чатырыста. 30 Ад сыноў Забулона — пакаленні па плямёнах і па сем’ях родаў іх, па імёнах усіх людзей мужчынскага полу ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здатных да бою, 31 было налічана пяцьдзесят сем тысяч чатырыста. 32 Ад сыноў Язэпа, сыноў Эфраіма — пакаленні па плямёнах і па сем’ях родаў іх, па імёнах усіх людзей мужчынскага полу ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здатных да бою, 33 было налічана сорак тысяч пяцьсот. 34 Ад сыноў Манасы — пакаленні па плямёнах і па сем’ях родаў іх, па імёнах усіх людзей мужчынскага полу ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здатных да бою, 35 было налічана трыццаць дзве тысячы дзвесце. 36 Ад сыноў Бэньяміна — пакаленні па плямёнах і па сем’ях родаў іх, па імёнах людзей мужчынскага полу ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здатных да бою, 37 было налічана трыццаць пяць тысяч чатырыста. 38 Ад сыноў Дана — пакаленні па плямёнах і па сем’ях родаў іх, па імёнах усіх людзей мужчынскага полу ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здатных да бою, 39 было налічана шэсцьдзесят дзве тысячы семсот. 40 Ад сыноў Асэра — пакаленні па плямёнах і па сем’ях родаў іх, па імёнах усіх людзей мужчынскага полу ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здатных да бою, 41 было налічана сорак адна тысяча пяцьсот. 42 Ад сыноў Нэфталі — пакаленні па плямёнах і па сем’ях родаў іх, па імёнах усіх людзей мужчынскага полу ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здатных да бою, 43 было налічана пяцьдзесят тры тысячы чатырыста. 44 Гэта тыя, каго палічылі Майсей і Аарон разам з дванаццаццю кіраўнікамі Ізраэля, па адным з сям’і бацькоў іх. 45 І поўны лік сыноў Ізраэля, здатных да бою, па сем’ях бацькоў іх, ад дваццаці гадоў і вышэй, 46 складаў шэсцьсот тры тысячы пяцьсот пяцьдзесят. 47 А левіты былі палічаны з імі ў пакаленні бацькоў іх. 48 І Госпад сказаў Майсею, гаворачы: 49 «Не лічы пакаленне Леві і не далучай колькасць іх да сыноў Ізраэля, 50 але даручы ім скінію сведчання, усе яе прылады і ўсё, што патрэбна для рытуалаў. Хай яны носяць скінію і ўсе яе прыналежнасці, і хай будуць пры ёй служыць, і навокал яе хай паставяць палаткі. 51 Калі трэба будзе пусціцца ў дарогу, хай разбяруць скінію левіты; калі трэба будзе размясціцца лагерам, хай паставяць яе; калі хто з чужых наблізіцца, будзе пакараны смерцю. 52 Сыны ж Ізраэля хай стануць лагерам: усе на сваім месцы ў лагеры, кожны пад сваім сцягам, пры сваіх дружынах. 53 А левіты хай паставяць палаткі вакол скініі сведчання, каб не было гневу на грамаду сыноў Ізраэля, і хай яны стаяць на варце скініі сведчання». 54 Такім чынам, сыны Ізраэля споўнілі ўсё, што Госпад загадаў Майсею. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)