БЫЦЦЁ 30 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 А Ракель, бачачы, што яна бясплодная, пазайздросціла сваёй сястры, і сказала мужу свайму: «Дай мне дзяцей, інакш памру». 2 Раззлаваны, адказаў ёй Якуб: «Хіба ж я Бог, Які пазбавіў цябе плода ўлоння?» 3 А яна сказала: «Вось, нявольніца мая, Більга. Дык увайдзі да яе, каб нарадзіла яна на маіх каленях, дык буду і я мець дзяцей з яе». 4 І дала яна яму сваю нявольніцу Більгу за жонку, якая 5 па тым, як увайшоў да яе Якуб, пачала і нарадзіла сына. 6 І сказала Ракель: «Судзіў мяне Бог, і выслухаў усё ж такі просьбу маю, даючы мне сына». І таму дала яму імя Дан. 7 І зноў Більга, нявольніца Ракелі, пачала, і нарадзіла Якубу другога сына, 8 і сказала Ракель: «Ваяваннем Божым ваявала я з сястрою сваёй і перамагла». І назвала яго Нэфталі. 9 А Лія, чуючы, што перастала нараджаць, узяла паслугачку сваю, Зільпу, і дала яе за жонку Якубу. 10 Тая нарадзіла Якубу сына. 11 І сказала Лія: «Шанец!» І дзеля таго дала яму імя Гад. 12 Нарадзіла таксама Зільпа, паслугачка Ліі, другога сына Якубу. 13 І сказала Лія: «На шчасце маё! Шчаслівай, бясспрэчна, мяне назавуць жанчыны». Таму назвала яго Асэр. 14 І выйшаў аднойчы Рубэн у час жніва пшаніцы, і знайшоў на полі мандрагоры, і прынёс іх Ліі, маці сваёй. І сказала Ракель: «Дай мне некалькі мандрагор твайго сына». 15 Тая адказала: «Не досыць табе, што ты ў мяне мужа выкрала, дык яшчэ хочаш забраць мандрагоры майго сына?» Ракель кажа: «Тады хай ён спіць з табой гэтай ноччу за мандрагоры твайго сына». 16 І калі Якуб вяртаўся з поля вечарам, Лія выйшла насустрач яму і сказала: «Увайдзі да мяне, бо я купіла цябе за мандрагоры майго сына». І ён спаў з ёй у гэтую ноч. 17 І выслухаў Бог Лію, і яна пачала, і нарадзіла Якубу пятага сына, 18 і сказала: «Даў мне Бог плату, бо я дала мужу свайму паслугачку сваю». І назвала яго імем Ісахар. 19 І зноў Лія пачала, і нарадзіла Якубу шостага сына, 20 і сказала: «Надарыў мяне Бог добрым падарункам, цяпер будзе шанаваць мяне муж мой за тое, што я нарадзіла яму шасцёра сыноў». І таму назвала яго імем Забулон. 21 Пасля таго нарадзіла дачку імем Дзіна. 22 І прыпомніў Бог таксама Ракель, і выслухаў яе Бог, і адкрыў улонне яе. 23 І яна пачала, і нарадзіла сына, і сказала: «Зняў Бог ганьбу маю». 24 І дала імя яму Язэп, і сказала: «Хай дасць мне Госпад яшчэ аднаго сына!» 25 Калі нарадзіўся Язэп, Якуб сказаў Лабану: «Адпусці мяне, каб я мог вярнуцца на бацькаўшчыну, у зямлю сваю. 26 Дай мне жонак і дзяцей маіх, за якіх я адслужыў табе, каб я сышоў. Ты ведаеш добра, як я табе служыў». 27 Кажа яму Лабан: «О, каб я знайшоў ласку перад абліччам тваім! Я пераканаўся, што Госпад дабраславіў мяне дзеля цябе. 28 Устанаві плату сваю, якую мушу даць табе». 29 А ён адказаў: «Ты ведаеш, як верна я служыў табе і якімі вялікімі сталіся статкі твае ў руках маіх. 30 Не многа ты меў перад тым, як я прыбыў да цябе, а цяпер стала намнога больш, і дабраславіў цябе Госпад з прыходам маім. І вось, цяпер калі ж я паклапачуся нарэшце пра дом мой?» 31 І сказаў Лабан: «Што маю табе даць?» А ён адказаў: «Нічога мне не давай! Калі споўніш, пра што цябе прашу, то зноў буду пасвіць і берагчы тваю жывёлу. 32 Я прайду сёння па ўсіх статках авечак тваіх; аддзялі з іх усякую жывёліну крапкаваную і плямістую, кожная чорная авечка, а таксама кожная плямістая і крапкаваная каза будзе маёй платай. 33 І праявіцца для мяне заўтра справядлівасць мая; калі ты прыйдзеш, каб паглядзець на плату маю: кожная каза, якая не будзе крапкаваная і плямістая, ды кожная авечка, якая не будзе чорная, хай будуць доказам украдзенага мною». 34 Сказаў Лабан: «Згаджаюся на тое, чаго просіш!» 35 І аддзяліў ён у той самы дзень пярэстых і плямістых казлоў ды ўсіх коз крапкаваных і плямістых, усіх, якія мелі крыху воўны белай, а таксама ўсіх чорных авечак, і перадаў іх у рукі сыноў сваіх. 36 І вызначыў ён адлегласць у тры дні шляху паміж сабой і Якубам, які пасвіў астатнія статкі Лабана. 37 А Якуб, назбіраўшы зялёных прутоў тапалёвых, міндалёвых і з платанаў, часткова абадраў з іх кару, так што на тых, што былі абадраныя, праступіла бель. 38 І паклаў ён пруты, якія часткова абадраў, у карытах, дзе збіралася вада, каб жывёла, калі збіралася на вадапой, глядзела на пруты і, гледзячы на іх, спарвалася. 39 І сталася так, што ў самым запале апладнення жывёла глядзела на пруты, і нараджала пярэстых, крапкаваных і плямістых. 40 І аддзяляў Якуб ягнят, і паставіў статак насупраць пярэстых і чорных у статка Лабана, а для сябе паставіў статкі асобна і не ставіў іх разам са статкам Лабана. 41 І кожны раз, калі апладняліся моцныя асобіны, Якуб клаў пруты ў карытах з вадою перад вачамі жывёлы, каб пачыналі, гледзячы на іх. 42 Калі ж жывёлы былі слабыя, не клаў іх. У Лабана [жывёла] сталася слабой, а Якубава — моцнай. 43 І так Якуб стаўся чалавекам дужа багатым; і меў ён многа статкаў, паслугачак і паслугачоў, вярблюдаў і аслоў. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)