МІХЕЯ 7:10 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года) І калі ўбачыць гэта непрыяцелька мая — засаромеецца, яна бо казала мне: «Дзе Госпад, Бог твой?» Вочы мае будуць глядзець на яе; цяпер будзе яна стаптана, як смецце на вуліцах. Біблія (пераклад А.Бокуна) І ўбачыць [гэта] вораг мой, і пакрые сорам таго, які сказаў мне: «Дзе ГОСПАД, Бог твой?» Вочы мае будуць глядзець на яго, цяпер патопчуць яго, як балота на вуліцах. Біблія (пераклад В. Сёмухі) І ўгледзіць гэта непрыяцелька мая, і сорам пакрые яе, якая казала мне: «дзе Гасподзь Бог твой?» Нагледзяцца на яе вочы мае, як яна будзе таптаная быццам бруд на вуліцах. |
Тыя, што шкодзяць мне, хай пакрыюцца ганьбай ды хай ахінуцца сорамам, быццам плашчом.
Хай пачырванеюць і збянтэжацца ўсе разам тыя, што цешацца з няшчасцяў маіх. Хай апрануцца ў сорам і ганьбу тыя, што шмат нагаворваюць на мяне.
Кажу я Богу: «Ты — мая скала. Чаму забываешся Ты пра мяне? Чаму я крочу засмучаны, а вораг чыніць мне пераслед?»
Адчула смагу душа мая да Бога моцнага, жывога: калі ж пайду я і з’яўлюся перад Богам?
Перш чым катлы вашыя адчуюць крушыннік, [што гарыць], быццам жывы, — так, быццам полымя гневу паглыне іх.
Чаму гавораць між паганамі: «Дзе іх Бог?» Хай стане вядомай між народаў перад вачамі нашымі помста крыві слуг Тваіх, якая вылілася.
Вока маё з пагардаю глядзела на непрыяцеляў маіх, ды пра загубу ліхотнікаў, што паўстаюць на мяне, пра ліхадзеяў радасна слухала вуха маё.
Госпадзе, Твая рука паднятая! Але не бачаць; хай, засаромленыя, убачаць руплівасць Тваю пра народ, ды агонь на ворагаў Тваіх праглыне іх.
«Узбудзіў Я з поўначы, і ён прыйшоў з усходу сонца; пазваў яго па імені; і ён стопча магнатаў, як балота, падобна, як ганчар топча гліну».
І Я аддам Бабілону і ўсім жыхарам Халдэі за ўсю іх ліхоту, якую яны зрабілі Сіёну на вачах вашых», — кажа Госпад.
Асаромленыя мы, бо чулі знявагу, і ганьба пакрыла твары нашы, бо ўвайшлі чужынцы ў свяцілішча дома Госпада.
І апрануцца ў рыззё, і апануе іх страх; і на ўсіх тварах з’явіцца сорам, і на ўсіх галовах іх — лысіна.
Ці цяпер гатовыя вы — у любую гадзіну, калі пачуеце гучанне рога, флейты, ліры, арфы, псалтэрыёна, дудаў і ўсякага роду музычных інструментаў, упасці і пакланіцца статуі, якую я зрабіў? Калі бо не аддасцё паклону, будзеце ў тую ж гадзіну ўкінуты ў распаленую печ; які бог зможа вас вырваць з маіх рук?»
Паміж прысенкамі і ахвярнікам хай плачуць святары, паслугачы Госпадавы, ды хай кажуць: «Пашкадуй, Госпадзе, народ Свой, і не давай спадчыны Сваёй на здзекі, каб не панавалі над імі пагане. Нашто ж, каб казалі між народамі: “Дзе ж Бог іх?”»
Дзеля забойстваў і дзеля ліхоты адносна брата твайго Якуба спадзе на цябе ганьба і ты будзеш знішчаны навекі!
І ты не зважай на дзень брата свайго, дзень няшчасця яго, і не смейся з сыноў Юды ў дзень загубы іх, і не хваліся вуснамі сваімі ў дзень уціску.
Цяпер жа сабралася супраць цябе мноства народаў, якія кажуць: «Хай будзе ён апаганены, і хай нагледзяцца вочы нашы на няшчасце Сіёна!»
Не цешся з мяне, непрыяцелька мая, што я ўпаў, я ўстану; калі сяджу ў цемры, то Госпад — святло маё!
Скасаваў Госпад твой прысуд, адвярнуў ад цябе ворагаў тваіх; цар Ізраэля, Госпад, пасярод цябе, не будзеш болей баяцца ліха.
І будуць яны — як мужныя ваяры, якія ў баі топчуць смецце дарогі, і будуць ваяваць, бо Госпад з імі; і вершнікі на конях будуць пасаромлены.
І вочы вашы будуць бачыць гэта, і вы скажаце: “Магутны Госпад і па-за межамі Ізраэля!”
і вы патопчаце бязбожнікаў, бо яны будуць, як попел пад ступнямі ног вашых у дзень, у які Я буду дзейнічаць, — кажа Госпад Магуццяў. —
Спадзяваўся Ён на Бога, хай жа вызваліць Яго цяпер, калі Ён спагадны да Яго. Бо Ён казаў: “Я – Сын Божы”».
Пачуюць хананеі і ўсе жыхары зямлі, і, сабраўшыся, абкружаць нас, і сатруць імя нашае з зямлі. І што Ты зробіш для вялікага імя Твайго?»
Цешцеся з гэтага, неба і святыя, і Апосталы, і прарокі, бо прысудзіў Бог прысуд ваш на яго”».