ПСАЛТЫР 42 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Кіраўніку хору. Маскіль. Сыноў Корэ. 2 Як алень імкнецца да водаў крынічных, так імкнецца душа мая да Цябе, Божа. 3 Адчула смагу душа мая да Бога моцнага, жывога: калі ж пайду я і з’яўлюся перад Богам? 4 Сталі хлебам слёзы мае днём і ноччу, калі кажуць мне штодня: «Дзе ж Бог твой?» 5 Прыпамінаю я гэта, і хвалююся ў душы маёй, бо я прыйшоў у грамадзе, у самы дом Божы, з голасам радасці і вызнання ў святкаванні ўслаўляючай працэсіі. 6 Чаму ты смутная, душа мая, і чаго трывожышся ўва мне? Май надзею ў Богу, бо я ўсё роўна буду вызнаваць Яго: «Збаўленне аблічча майго» і «Бог мой». 7 Ува мне самім душа мая маркотная, таму ўспамінаю Цябе з зямлі Ярдана і Гэрмону, з гары Мізар. 8 Бездань заклікае бездань пад шум вадаспадаў Тваіх. Усе віры Твае і хвалі Твае на мяне нахлынулі. 9 Калі ўдзень надзеліць мяне Госпад ласкаю Сваёю, то і ноччу песня для Яго ёсць у мяне: малітва да Бога жыцця майго. 10 Кажу я Богу: «Ты — мая скала. Чаму забываешся Ты пра мяне? Чаму я крочу засмучаны, а вораг чыніць мне пераслед?» 11 Уздрыгваюць косці мае, а тыя, што прыцясняюць мяне, зняважылі мяне і кажуць мне штодзень: «Дзе Бог твой?» 12 Чаму ты смутная, душа мая, і чаго трывожышся ўва мне? Май надзею ў Богу, бо я ўсё роўна буду вызнаваць Яго: «Збаўленне аблічча майго» і «Бог мой». |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)