2 ЦАРСТВАЎ 22 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 І заспяваў Давід словы гэтае песні Госпаду ў дзень, калі вызваліў яго Госпад з рук усіх ворагаў яго і з рукі Саўла, 2 і ён казаў: «Госпад — скала мая, і крэпасць мая, і Збаўца мой; 3 Божа мой, скала мая, у якой хаваюся, шчыт мой і рог збаўлення майго! Ты абарона мая і прыстанак мой. Збаўца мой, ад гвалту вызваліш Ты мяне. 4 Паклічу я Госпада, вартага хвалы, і ад ворагаў маіх уратаваны буду. 5 Бо агарнулі мяне хвалі смерці, віры Бэліяла ўстрывожылі мяне; 6 путы смерці ахапілі мяне, і смяротныя петлі душаць мяне. 7 У роспачы маёй клічу я Госпада і прызываю Бога майго; выслухаў Ён з храма Свайго голас мой, і вокліч мой дайшоў да вушэй Яго. 8 І здрыганулася і затрымцела зямля, і падваліны нябесныя зварухнуліся і захісталіся, бо запалаў Ён гневам. 9 Узняўся дым з ноздраў Яго і агонь знішчальны з вуснаў Яго; вуглі агністыя сыпаліся ад Яго. 10 І нахіліў Ён нябёсы, і сышоў, і змрок пад нагамі Яго. 11 І сеў на херубіна, і паляцеў, і ўзняўся на крылах ветру. 12 І ахінуўся ў цемру, як заслону, цёмнымі водамі ды густымі хмарамі ахутаў Сябе. 13 Перад бляскам позірку Яго загарэлася вуголле агністае. 14 Загрымеў на нябёсах Госпад, і Найвышэйшы даў пачуць голас Свой. 15 Ён пусціў стрэлы Свае і рассыпаў іх, мноствам маланак напалохаў іх. 16 І адкрыліся глыбіні мора, і адчыніліся фундаменты сусвету ад ушчування Госпада, ад подыху духу гневу Яго. 17 Даслаў Ён [руку] з вышыні і схапіў мяне, выцягнуў мяне з глыбокіх водаў. 18 Выратаваў Ён мяне ад ворага майго наймагутнейшага, ад тых, якія ненавідзяць мяне, якія дужэйшыя за мяне. 19 Яны нахлынулі на мяне ў дзень смутку майго, і Госпад стаў для мяне апораю. 20 І вывеў Ён мяне на прастор: уратаваў Ён мяне, бо спадабаўся я Яму. 21 І адплаціў мне Госпад паводле праўды маёй, і за чысціню рук маіх аддаў Ён мне, 22 бо я пільнаваў шляхі Госпада і не адступаўся нягодна ад Бога майго. 23 Усе прысуды Яго перада мной, і ад загадаў Яго я не адступіў, 24 і стаў я беззаганны з Ім, і высцерагаўся асабістай злачыннасці. 25 І адплаціў мне Госпад паводле праўды маёй і паводле чысціні рук маіх перад вачамі Яго. 26 Са святым Ты святы будзеш, і з чалавекам беззаганным беззаганны будзеш, 27 і з абраным абраны будзеш, і з заганным падступны будзеш. 28 І людзей бедных Ты ратуеш, а вочы ганарыстыя прыніжаеш. 29 Бо Ты, Госпадзе, светач мой, і Бог мой прасвятляе цемру маю. 30 З Табою я пайду ў наступ на варожыя войскі і з Богам маім пераскочу праз мур. 31 Божа, бязгрэшны шлях Яго, слова Госпадава агнём выпрабавана, Ён — шчыт для ўсіх, хто на Яго спадзяецца. 32 Бо хто бог, апрача Госпада? І хто скала, апрача Бога нашага? 33 Бог, Які падперазаў мяне сілаю і зрабіў дарогу маю беззаганнай, 34 зрабіўшы ногі мае такімі, як у аленя, і на вышыні падняўшы мяне; 35 навучыў рукі мае барацьбе, і рукі мае нацягваюць медны лук. 36 Ты даў мне шчыт збаўлення Твайго, і тое, што Ты слухаеш мяне, узвялічвае мяне. 37 Ты пашырыў крокі мае пада мною, і не хістаюцца ногі мае. 38 Я пераследаваў ворагаў маіх, і таптаў іх, і не вяртаўся, пакуль не знішчаў іх. 39 Я нішчыў іх і знішчаў так, каб яны не маглі падняцца: гінулі яны пад нагамі маімі. 40 Ты падперазаў мяне сілай да бою, тых, хто паўстаў супраць мяне, падпарадкаваў мне. 41 Ты прымушаў уцякаць ворагаў маіх, і я знішчаю ненавіснікаў маіх. 42 Крычалі яны, і не было нікога, хто б выратаваў іх, клікалі Госпада, і Ён не паслухаў іх. 43 Я расцярушыў іх, як пыл зямлі, як гразь вуліц таптаў я іх. 44 Ты выратаваў мяне ад бунтаў народа майго, паставіў мяне на чале плямёнаў. Народ, якога я не ведаў, служыць мне, 45 чужыя сыны ліслівяць перада мною, слухаюць мяне слухам вушэй сваіх. 46 Чужыя сыны адступаюць і дрыжаць ва ўмацаваннях сваіх. 47 Жыве Госпад, і дабраславёны будзь, скала мая, і будзь узвялічаны Бог, скала збаўлення майго. 48 Бог, Які дае мне збаўленне і Які падпарадкоўвае народы мне. 49 Ён вызваліў мяне ад ворагаў маіх і ўзнёс мяне над тымі, хто паўстае супраць мяне; ад чалавека гвалтоўнага Ты ўхаваў. 50 Таму буду славіць Цябе між народамі, Госпадзе, і буду спяваць на славу імя Твайго: 51 услаўляе Ён збаўленнем цара Свайго і аказвае міласэрнасць намашчэнцу Свайму Давіду і нашчадкам яго навекі». |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)