ЁІЛЯ 2 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Трубіце трубой на Сіёне, галасіце на святой гары Маёй. Хай дрыжаць усе жыхары зямлі, бо надыходзіць дзень Госпадаў, бо ён ужо блізка. 2 Дзень цемры і змроку, дзень хмарны і мглісты. Як зараніца ранняя над узгоркамі, народ шматлікі і моцны: падобнага да яго не было ад пачатку, і па ім болей не будзе аж да будучых пакаленняў. 3 Перад ім агонь пажырае, а за ім палае полымя. Як сад Эдэнскі зямля перад ім, а за ім — стэп пусты; і нічому не будзе ратунку ад яго. 4 Выгляд яго падобны да выгляду коней, і імчаць яны, як коннікі. 5 Узлятаюць яны над вяршынямі гор, быццам гоман калясніц, быццам гоман полымя агню, які паліць іржышча, як народ магутны, падрыхтаваны да бою. 6 Перад абліччам яго задрыжаць народы, ва ўсіх твары збялеюць. 7 Як барацьбіты, бягуць яны і, як ваяры, лезуць на мур; кожны ідзе сваёй дарогаю, і не збочваюць са сваіх сцежак. 8 Адзін аднаму не замінае, кожны ідзе сваім шляхам; яны прарываюцца праз стрэлы, і гэта ім не шкодзіць. 9 Урываюцца ў горад, падымаюцца на мур, узыходзяць на дамы, улазяць праз вокны, як злодзеі. 10 Перад абліччам яго трасецца зямля, дрыжаць нябёсы, цямнеюць сонца і месяц і зоркі губляюць свой бляск. 11 І Госпад падае Свой голас перад абліччам войска Свайго, бо надзвычай вялікі лагер Яго, бо ён магутны ў выкананні волі Яго; бо вялікі ёсць дзень Госпадаў і вельмі страшны. Хто вытрымае яго?! 12 «Дык цяпер, — кажа Госпад, — павярніцеся да Мяне ўсім сэрцам вашым праз пост, і плач, і бедаванне. 13 І раздзірайце сэрцы вашы, а не вопратку вашу, і павярніцеся да Госпада, Бога вашага, бо Ён ласкавы і міласэрны, цярплівы і шматлітасцівы, і спагадны ў нядолі». 14 Хто ведае, ці не адумаецца Ён, і ці не даруе, і ці не пакіне па Сабе дабраславенне — ахвяры хлебныя і вадкія Госпаду, Богу вашаму? 15 Трубіце ў трубу на Сіёне, прызначце пост, склічце сход. 16 Збярыце народ, абвясціце святы сход, запрасіце старых, збярыце дзяцей і немаўлят; хай выйдзе жаніх са святліцы сваёй і нявеста з пакоя свайго. 17 Паміж прысенкамі і ахвярнікам хай плачуць святары, паслугачы Госпадавы, ды хай кажуць: «Пашкадуй, Госпадзе, народ Свой, і не давай спадчыны Сваёй на здзекі, каб не панавалі над імі пагане. Нашто ж, каб казалі між народамі: “Дзе ж Бог іх?”» 18 І ўзгарэўся Госпад рупліва любоўю апекі да зямлі Сваёй, і пашкадаваў Ён народ Свой. 19 І адказаў Госпад, і сказаў народу Свайму: «Вось, Я пашлю вам збожжа, і віно, і алей, і будзеце вы насычаны імі; і не аддам вас больш на здзек паганам, 20 і таго, што з поўначы, Я аддалю ад вас далёка, і выганю яго ў зямлю сухую і спустошаную, пярэднюю дружыну яго — да ўсходняга мора, а заднюю — да мора заходняга». І падымецца ад іх смурод, і застанецца гнілізна па іх, бо ўчыніў Ён вялікае. 21 Не бойся, зямля! Радуйся і весяліся, бо вялікае ўчыніў Госпад. 22 Не бойцеся, звяры палявыя, бо зазелянелі пашы ў пустыні, бо дрэва прынесла плады свае, дрэва фігавае і вінаград далі плён свой. 23 І вы, сыны Сіёна, радуйцеся і цешцеся ў Госпадзе, Богу вашым, бо Ён даў вам паводле справядлівасці дождж і ўчыніў, каб праліўся на вас дождж ранні і дождж позні, як і раней. 24 І такі вашы будуць запоўнены збожжам, а тоўчні перапоўняцца вінаградным сокам і алеем. 25 «І Я ўзнагароджу вас за тыя гады, у якія нішчыла вас саранча, вусені, чэрві і жукі — вялікае войска Маё, якое Я паслаў на вас. 26 І тады будзеце есці, спажываючы, і наясцеся, і будзеце хваліць імя Госпада, Бога вашага, Які ўчыніў з вамі дзіўныя рэчы, і народ Мой не будзе асаромлены. 27 І будзеце ведаць вы, што Я ёсць сярод Ізраэля, і што Я — Госпад, Бог ваш, і няма іншага; і народ Мой не будзе больш асаромлены на векі. 28 А пасля гэтага будзе: вылью Я Духа Майго на кожнае цела, і будуць праракаваць сыны вашы і дочкі вашы, і старыя вашы будуць бачыць сны, і юнакі вашы будуць бачыць з’явы. 29 Ды нават на слуг Маіх і на служанак вылью ў тыя дні ад Духа Майго. 30 І дам цуды на небе ды знакі на зямлі: кроў, і агонь, і слупы дыму. 31 Сонца зменіцца ў цемру, і месяц — у кроў, перш чым прыйдзе дзень Госпадаў, вялікі і страшны. 32 І будзе: кожны, хто прызаве імя Госпада, будзе збаўлены, бо на гары Сіён і ў Ерузаліме будзе збаўленне, як сказаў Госпад, і сярод ухаваных — тыя, якіх Госпад паклікаў. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)