Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ПСАЛТЫР 35 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)


1 Давідаў.

1 Давідаў. Асудзі, Госпадзе, тых, што асуджаюць мяне; выйдзі супраць тых, што ідуць супраць мяне.

2 Схапі малы і вялікі шчыт і ўстань на дапамогу мне,

3 выцягні абсечны меч і сякіру супраць тых, што чыняць мне пераслед. Скажы душы маёй: «Ратунак твой — гэта Я».

4 Хай пасаромяцца і збянтэжацца тыя, што шукаюць душу маю. Хай адступяцца назад і пасаромяцца тыя, што задумваюць ліха на мяне.

5 Хай будуць яны, як попел на ветры, і анёл Божы, які праганяе іх.

6 Хай дарога іх будзе цемрай і слізгатой, і Анёл Божы, які чыніць ім пераслед.

7 Без прычыны бо нацягнулі яны на мяне сетку сваю, без прычыны выкапалі воўчую яму супраць душы маёй.

8 Хай на яго прыйдзе загуба, пра якую ён не ведае, і сіло, што ён схаваў, хай захопіць яго, і ў тую самую згубу хай ён уваліцца.

9 Душа ж мая будзе радавацца ў Госпадзе і цешыцца з Яго збавення.

10 Усе косці мае скажуць: «Госпадзе, хто падобны да Цябе? Ты вырываеш няшчаснага з рук дужэйшага за яго, абнядоленага і беднага — ад тых, што рабуюць яго».

11 Падняўшыся, фальшывыя суддзі дапытваліся ў мяне таго, пра што я не ведаю.

12 Адгаджалі яны мне ліхам за дабро: адзінотаю душы маёй.

13 Я ж, калі яны слабелі, апранаўся ў зрэбніцу, праз пост рабіў душу маю пакорлівай, і малітва мая ва ўлонні маім перамянялася.

14 Я паводзіў сябе, як у адносінах да сваяка ці да брата майго, тужлівы, хіліў галаву, быццам па маці смуткуючы.

15 А калі я пахіснуўся, яны ўзрадаваліся і сышліся разам, сышліся супраць мяне, наносячы раны, а я не ведаў.

16 Рабавалі і не спыняліся, спакушалі мяне, здзекаваліся з мяне з пагардаю, скрыгаталі зубамі сваімі супраць мяне.

17 Госпадзе, як доўга будзеш глядзець [на гэта]? Адвядзі назад душу маю ад ліхасці іх, ад ільвоў — адзіную маю.

18 Вызнаваць Цябе буду на вялікім сходзе, пры мностве людзей хваліць Цябе буду.

19 Хай не пацяшаюцца з мяне несправядлівыя ворагі мае, якія зненавідзелі мяне без прычыны і робяць знакі вачамі сваімі.

20 Бо не міралюбна размаўлялі яны і супраць пакорлівых на зямлі ліхое задумваюць.

21 І супраць мяне разявілі раты свае, кажучы: «Добра! Добра! Бачылі вочы нашы!»

22 Ты ўбачыў, Госпадзе, не маўчы; Госпадзе, не адступайся ад мяне!

23 Абудзіся і чувай дзеля суда майго, Божа мой і Госпадзе мой, дзеля справы маёй!

24 Судзі мяне па Сваёй справядлівасці, Госпадзе, Божа мой, хай не пацяшаюцца з мяне.

25 Хай не думаюць у сваіх сэрцах: «Ага! Гэтага і хацелі мы!» Хай не кажуць: «Добра, [гэта] нам па душы», хай не кажуць: «Праглынулі мы яго!»

26 Хай пачырванеюць і збянтэжацца ўсе разам тыя, што цешацца з няшчасцяў маіх. Хай апрануцца ў сорам і ганьбу тыя, што шмат нагаворваюць на мяне.

27 Хай радуюцца і цешацца тыя, што жадаюць справядлівасці маёй і хай заўсёды кажуць: «Хай узвялічаны будзе Госпад, які прагне супакою слугі Свайго».

28 А язык мой апяваць будзе справядлівасць Тваю, цэлы дзень — хвалу Тваю.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы