ІСАІ 26 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 У той дзень у зямлі Юдэйскай будзе спявана гэта песня: «Горад магутны — нам на збаўленне; паставіў Ён муры і вал. 2 Адчыніце брамы! І хай увойдзе народ справядлівы, які беражэ вернасць. 3 Намер яго — трывалы, захаваеш дзеля яго супакой, бо ў Табе мае надзею. 4 Спадзявайцеся на Госпада ў векі вечныя; Госпад — скала вечная. 5 Бо Ён скінуў тых, якія пражывалі на вышынях, упакорыць горад высокі, упакорыць яго аж да зямлі, сцягне яго ў самы пыл. 6 Стопча яго нага, ногі беднага, ногі няшчасных. 7 Сцежка справядлівага — правільная, Ты раўняеш правільную сцежку справядлівага. 8 Таксама на сцежцы прысудаў Тваіх, Госпадзе, спадзяёмся на Цябе. Да імя Твайго і да памяці пра Цябе — прагненне душы! 9 Душа мая прагне Цябе ноччу, але духам маім шукаю Цябе ў сэрцы маім. Калі заяснеюць прысуды Твае на зямлі, вучыцца будуць справядлівасці жыхары свету. 10 Аказаць міласэрнасць злачынцу — ён не навучыцца справядлівасці, на зямлі будзе чыніць ліхое ды не ўбачыць велічнасці Госпада. 11 Госпадзе, Твая рука паднятая! Але не бачаць; хай, засаромленыя, убачаць руплівасць Тваю пра народ, ды агонь на ворагаў Тваіх праглыне іх. 12 Госпадзе, Ты дасі нам супакой; бо ўсе нашы справы Ты ўчыніў для нас. 13 Госпадзе, Божа наш, не Ты, а іншыя гаспадары нас апанавалі, але мы толькі з Табой успамінаць будзем імя Тваё. 14 Памерлыя не ажывуць, пахаваныя не ўваскрэснуць. Таму наведаў Ты іх, і знішчыў, і сцёр усякі ўспамін пра іх. 15 Павялічыў Ты народ, Госпадзе, павялічыў народ, праславіўся; пашырыў усе межы зямлі. 16 Госпадзе, у нядолі шукалі яны Цябе, складалі малітвы, калі кара Твая засцігала іх. 17 Як тая, якая пачала, калі набліжаецца да родаў, балесна крычыць у пакутах сваіх, і падобнымі мы сталіся перад абліччам Тваім, Госпадзе! 18 Пачалі і пакутавалі родамі, нарадзілі ж быццам вецер. Не ўчынілі мы збаўлення на зямлі, таму і не нарадзіліся жыхары зямлі. 19 Ажывуць Твае памерлыя, забітыя мае ўваскрэснуць. Абудзіцеся і спявайце хвалебна вы, якія жывяце ў парахне, бо раса святла — раса Твая, і зямля выдасць на святло пахаваных сваіх. 20 Ідзі, народзе мой, увайдзі ў святліцы свае, зачыні дзверы свае за сабой! Схавайся на малую хвілінку, пакуль не праміне гнеў [Яго]. 21 Бо, вось жа, Госпад выйдзе са Свайго месца, каб караць разбэшчанасць жыхара зямлі супраць Яго. Тады зямля выявіць кроў сваю і не схавае больш забітых сваіх». |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)