АДКРЫЦЦЁ 18 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Пасля гэтага ўбачыў я іншага анёла, які сыходзіў з неба і меў вялікую ўладу, і зямля зазіхацела ад славы яго. 2 І ўсклікнуў ён магутным голасам: «Паў, паў Бабілон, вялікая распусніца, і стаўся паселішчам дэманаў і турмой усякіх духаў нячыстых, і турмой нячыстай птушкі, і ўсякага нячыстага і ненавіснага звера. 3 Бо віном шаленства распусты сваёй яна напаіла ўсе народы, і ўсе цары зямлі з ёю чужаложнічалі, і купцы зямлі ўзбагачаліся з яе вялікага багацця». 4 І пачуў я яшчэ іншы голас з неба, які казаў: «Выйдзі з яе, народ Мой, каб не стаўся ты ўдзельнікам яе грахоў і каб не прыняў плягаў яе. 5 Бо падняліся грахі яе аж да неба, і прыпомніў Бог яе нягоднасць. 6 Адгадзіце ёй, як і яна вам давала, і падвойце ёй удвая за яе ўчынкі; у чары, у якой яна змешвала напой, змяшайце ёй удвая. 7 Колькі ўзносілася яна і раскашавала, столькі дайце ёй і мукаў, і гора, бо кажа ў сваім сэрцы: “Сяджу, як царыца, і не ўдава я, і не пабачу гора”. 8 Дзеля таго зваляцца на яе ў адзін дзень плягі яе, смерць, і гора, і голад, і агнём будзе спалена, бо магутны Госпад Бог, Які асудзіў яе. 9 І плакаць будуць і галасіць дзеля яе цары зямлі, якія з ёй чужаложнічалі і жылі ў раскошы, калі ўбачаць дым пажару яе, 10 і, стоячы здалёк, дзеля страху яе мучэнняў будуць казаць: “Гора, гора, вялікі той горад, Бабілон, магутны той горад, у адну хвіліну прыйшоў суд твой”. 11 І гандляры зямлі будуць плакаць і лямантаваць дзеля таго, што іх тавараў ніхто ўжо не купіць, 12 тавараў залатых і срэбраных, і дарагіх каменняў, і перлаў, і вісону, і пурпуру, і шоўку, і парфіры, і рознага пахкага дрэва ды вырабаў са слановай косці, і ўсякіх рэчаў з найдаражэйшага дрэва, і медзі, і жалеза, і мармуру, 13 і карыцы, і духмянасцей, і фіміяму, і міра, і ладану, і віна, і алею, і чыстай мукі, і пшаніцы, і жывёлы, і авечак, і коней, і вазоў, і нявольнікаў, і душ людскіх. 14 І плады твае, пажаданне душы, прапалі для цябе, і ўсё тлустае і бліскучае знікла перад табою, і больш ужо яго не знайсці. 15 Гандляры гэтага, якія праз яе ўзбагаціліся, будуць стаяць здалёк з-за страху перад яе мукамі, плачучы і лямантуючы, 16 і кажучы: “Гора, гора табе, вялікі гэты горад, што апрануты ў вісон і пурпур, і парфіру, і багаты золатам, дарагімі камянямі і перламі, 17 бо ў адну гадзіну пагінулі такія багацці!” І ўсе стырнавыя, і перавозчыкі прыбярэжныя, і маракі разам з тымі, што на моры працавалі, здалёк стаялі, 18 уздыхалі і лямантавалі, гледзячы на дым пажару і кажучы: “Хто ж падобны да гэтага горада, такога вялікага?” 19 І пасыпалі пылам галовы сабе, і крычалі, плачучы і галосячы, і казалі: “Гора, гора табе, вялікі горад, у якім усе сталіся багатымі, хто меў караблі на моры, са скарбаў яго. У адзін момант ён быў спустошаны! 20 Цешцеся з гэтага, неба і святыя, і Апосталы, і прарокі, бо прысудзіў Бог прысуд ваш на яго”». 21 Тады адзін магутны анёл падняў вялікі, як млынавы, камень і кінуў яго ў мора, кажучы: «З такой сілаю будзе скінуты гэты горад Бабілон, і больш не паўстане. 22 І голасу гусляроў, і музыкаў, і жалейнікаў, і дудароў, і труб не пачуецца больш у табе; і не знойдзецца больш ніводнага мастака і ніякага мастацтва, і не будзе чутна голасу жорнаў, 23 і не зазіхаціць у табе больш святло светача, і галасоў жаніха і нявесты больш у табе не пачуеш, бо купцы твае былі магнатамі зямлі, бо ўсе народы былі падмануты тваімі чарамі, 24 і знойдзена ў ім кроў прарокаў і святых ды ўсіх тых, што закатаваны былі на зямлі». |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)