Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

САФОНА 3 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Гора бунтарнаму і спаганенаму гораду, прыгнятацелю!

2 Не слухае ён голасу, не прымае перасцярогі; не спадзяецца на Госпада, не туліцца да свайго Бога.

3 Князі яго пасярод яго — як ільвы рыкаючыя; суддзі яго — ваўкі пустынныя, што не пакідаюць да раніцы ніводнай косці.

4 Прарокі яго легкадумныя — людзі крывадушныя; святары яго зневажаюць святое, закон парушаюць.

5 Госпад справядлівы пасярод іх, не зробіць несправядлівасці, штораніцы выдасць рашэнне Сваё, як святло, што не гасне; але ліхотнік не ведае сораму.

6 «Я вынішчыў народы, разбураны ўмацаванні іх; пустымі зрабіў Я вуліцы іх, так што няма каму хадзіць; апусцелыя гарады іх, не засталося ані чалавека, ані жыхара.

7 Я казаў: “Бойся цяпер Мяне, прымі настаўленне! І не знікне з яго вачэй усё, за што Я яго пакараў”. Аднак спяшаліся яны апаганьваць усе ўчынкі свае.

8 “Таму чакай Мяне, — кажа Госпад, — у дзень, калі паўстану як сведка; бо вырашыў Я сабраць усе народы і склікаць царствы, каб выліць на іх лютасць Маю, увесь гнеў абурэння Свайго, бо агнём руплівасці Маёй будзе спалена ўся зямля.

9 Тады бо дам народам чыстыя вусны, каб усе прызывалі імя Госпада ды служылі Яму адзінадушна.

10 З-за рэк Этыёпіі, — адтуль тыя, што моляцца Мне, — дзеці расцярушаных Маіх прынясуць падарунак Мне.

11 У той дзень не пасаромеешся з-за ўсіх учынкаў сваіх, якімі зграшыў ты адносна Мяне; бо тады выкіну з пасярод цябе пыхлівых самахвальцаў тваіх, і не будзеш болей узвышацца на святой гары Маёй.

12 І пакіну ў цябе народ пакорны і просты. І будзе мець надзею ў імені Госпада

13 рэшта Ізраэля. Не будзе дапускацца злачыннасці, не будзе гаварыць ілжыва, і не знойдзецца ў вуснах іх падману; яны бо будуць пасвіцца і вылежвацца, і не будзе каму іх палохаць”».

14 Радуйся, дачка Сіёна! Гамані радасна, Ізраэль! Цешся і радуйся ўсім сэрцам, дачка Ерузаліма!

15 Скасаваў Госпад твой прысуд, адвярнуў ад цябе ворагаў тваіх; цар Ізраэля, Госпад, пасярод цябе, не будзеш болей баяцца ліха.

16 У той дзень будуць казаць Ерузаліму: «Не бойся, Сіён! Не апускай рук сваіх!

17 Госпад, Бог твой, пасярод цябе, Ён, магутны збавіць цябе; будзе цешыцца з цябе радасцю, узбуджаны любоўю Сваёю; будзе радавацца з цябе з песняю,

18 як у дзень урачыстага свята!» — «Я забяру загубу ад цябе, каб ужо не меў з-за гэтага ганьбы.

19 Вось, Я вынішчу ўсіх, што крыўдзілі цябе ў той час; і Я збаўлю кульгавых, і збяру выкінутых; і прыгатую іх на хвалу і славу на ўсёй зямлі, дзе ганьбілі іх,

20 у той час, калі Я прывяду вас, і ў той час, калі збяру вас. Бо дам вам імя і славу між усімі народамі на зямлі, калі змяню долю вашу на вачах вашых,» — кажа Госпад.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы