Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

МІХЕЯ 7 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Гора мне, бо сталася ў мяне, як пасля збору ўраджаю, як пасля збору вінаграду! Ані аднае ягады, каб з’есці, ані аднаго спелага плоду, якога прагне душа мая.

2 Знік з зямлі богабаязны, і няма між людзьмі праўдзівага; усе без вынятку цікуюць на кроў, кожны ставіць сетку на брата свайго.

3 На ліхоту рукі іх гатовыя; князь вымагае падарункаў, і суддзя судзіць за хабар, і магнат выказвае жаданне душы сваёй, скажае справу.

4 Найлепшы з іх — як цярніна, і праўдзівы — як шып з агароджы; дзень вартаўнікоў Тваіх, час наведвання Твайго прыйшоў: цяпер апануе сорам іх.

5 Не верце прыяцелю, не спадзявайцеся на блізкага, ды ад той, якая спіць у абдымках тваіх, сцеражы дзверы вуснаў сваіх;

6 бо сын зневажае бацьку, дачка працівіцца маці сваёй, нявестка — свекрыві сваёй: ворагі чалавеку — хатнія яго.

7 А я буду выглядаць Госпада, буду чакаць Бога, Збаўцу майго; Бог мой выслухае мяне.

8 Не цешся з мяне, непрыяцелька мая, што я ўпаў, я ўстану; калі сяджу ў цемры, то Госпад — святло маё!

9 Мушу цярпець гнеў Госпада, бо зграшыў я супраць Яго, аж пакуль Ён не вырашыць справу маю і не правядзе суда нада мной; выведзе Ён мяне на святло, і ўбачу я справядлівасць Яго.

10 І калі ўбачыць гэта непрыяцелька мая — засаромеецца, яна бо казала мне: «Дзе Госпад, Бог твой?» Вочы мае будуць глядзець на яе; цяпер будзе яна стаптана, як смецце на вуліцах.

11 Прыйдзе дзень, калі будуць адбудаваны муры твае; у той дзень будуць пашыраны межы твае.

12 У той дзень прыйдуць да цябе пражываючыя ад Асірыі аж да Егіпта і ад Егіпта аж да ракі, і ад мора аж да мора, і ад гары аж да гары.

13 А зямля будзе спустошана дзеля жыхароў яе і дзеля пладоў учынкаў іх.

14 Пасві народ Твой кіем Тваім, статак спадчыны Тваёй, пражываючых самотна ў лесе сярод садоў; хай пасвяцца яны ў Басане і Галаадзе, як у дні даўнія.

15 Як у дзень выхаду твайго з зямлі Егіпецкай, пакажу вам цуды.

16 Убачаць гэта народы і засаромеюцца, нягледзячы на ўсю моц сваю, паложаць руку на вусны, вушы іх стануць глухімі;

17 будуць пыл лізаць, як той вуж, як паўзуны зямныя. Выйдуць, дрыжучы, з умацаванняў сваіх перад аблічча Госпада, Бога нашага, і будуць яны калаціцца і баяцца Цябе.

18 Які Бог падобны да Цябе, Які прабачае правіннасць і не абвінавачвае ў злачынстве астатак спадчыны Сваёй? Не трывае Ён навекі ў абурэнні Сваім, бо спагадны ў міласэрнасці Сваёй.

19 Ён злітуецца і пашкадуе нас, сатрэ правіннасці нашы і ўкіне ў глыбіню марскую ўсе грахі нашы.

20 Ты выявіш Тваю вернасць Якубу, міласэрнасць — Абрагаму, як прысягаў бацькам нашым у дні старадаўнія.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы