ІСАІ 41 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 «Хай маўчаць астравы перада Мною, няхай народы адновяць сілы; хай прыходзяць і тады гавораць, паспяшым разам да суда!» 2 Хто падняў з усходу таго, за крокамі якога ідзе справядлівасць? Дасць перад абліччам яго народы і падпарадкуе яму валадароў, меч яго зробіць іх, быццам парахно, лук яго — як салому, падхопленую ветрам. 3 Ён будзе пераследаваць іх і ісці будзе ў супакоі; сцяжыны не будзе бачна пад яго нагамі. 4 «Хто дзейнічаў і здзейсніў, паклікаючы пакаленні спакон вякоў? Я, Госпад, першы, і з апошнімі таксама Я. 5 Убачылі астравы і спалохаліся, канцы свету аслупянелі, наблізіліся і адышлі. 6 Кожны будзе дапамагаць блізкаму свайму і скажа брату свайму: “Мацуйся!” 7 Узмацуе майстар залатара, а малатабоец таго, які куе, кажучы пра склейку: “Яна добрая”; і ўмацоўвае яе цвікамі, каб не рухалася. 8 Ты вось, Ізраэлю, слуга Мой, Якубе, якога Я выбраў, патомства Абрагама, сябра Майго, 9 якога спахваціў Я з канца зямлі, і з далёкіх ускрайкаў яе паклікаў цябе і сказаў табе: “Ты мой паслугач: Я выбраў цябе і не адкінуў цябе. 10 Не бойся, бо Я з табою: не збочвай, бо Я — Бог твой! Прыдам табе сілы і дапамагу табе, ды буду трымаць цябе Маёй правіцай справядлівай”. 11 Вось жа, засаромеюцца і пачырванеюць усе, якія злуюцца на цябе; будуць, як бы іх не было, і папрападаюць усе, хто гавораць насуперак табе. 12 Будзеш шукаць іх, і не знойдзеш людзей, якія спрачаюцца з табой; будуць, як бы іх не было, і быццам яны нішто, — людзі, якія ваююць супраць цябе. 13 Бо Я — Госпад, Бог твой, Які трымае цябе за руку і кажа табе: “Не бойся, чарвяк Якубе, Я дапамагу табе. 14 Не бойся, чарвяк Якубе, — людзі з Ізраэля, — Я дапамагу табе”, — кажа Госпад і Збаўца твой, Святы Ізраэлеў. 15 Я перамяню цябе, як бы малацільную цялежку новую, якая мае падвоеныя рады зубоў. Будзеш малаціць горы — і сатрэш іх, і ўзгоркі зробіш, быццам парахно. 16 Правееш іх, і вецер разгоніць іх, і бура рассыпле іх: а ты будзеш радавацца ў Госпадзе і цешыцца ў Святым Ізраэлевым. 17 Бедныя і ўбогія шукаюць вады — і няма! Язык іх высах ад смагі. Я, Госпад, выслухаю іх, не пакіну іх, — Бог Ізраэля! 18 Адрыю з голых скал рэкі, а на сярэдзіне лугоў — крыніцы; замяню пустыню на азёры, а сухую зямлю — на вадзяныя ручаі. 19 Пасаджу ў пустыні кедр, касію, мірт і аліўкавае дрэва; развяду на пустыні елку, вяз і разам кіпарысы, 20 каб бачылі і ведалі, разважалі і адначасна разумелі, што рука Госпадава зрабіла гэта ды Святы Ізраэлеў стварыў гэта». 21 «Прадстаўце справу вашу», — кажа Госпад, — і «Прывядзіце, калі маеце, доказы», — сказаў Валадар Якуба. 22 Хай прыйдуць і паведамяць нам, якая будучыня; паведаміце, што было раней, каб прыклалі мы сэрца наша і каб ведалі, што цяпер, ды, што будзе, выявіце нам. 23 Абвясціце, што мае стацца ў будучыні, каб пазналі мы, што вы багі. Зрабіце хоць што добрага або ліхога, каб разгледзелі мы і ўбачылі разам. 24 Вось жа вы — нішто, і праца ваша нічога не значыць, абрыда — той, хто вас выбірае. 25 «Узбудзіў Я з поўначы, і ён прыйшоў з усходу сонца; пазваў яго па імені; і ён стопча магнатаў, як балота, падобна, як ганчар топча гліну». 26 Хто абвясціў ад пачатку, каб мы ведалі, і намнога раней, каб сказалі мы: «Справядліва». Ніхто не аб’яўляў, ніхто не абвяшчаў, ніхто таксама не чуў слоў вашых. 27 «Першы [абвяшчаю] Сіёну: “Вось, прысутныя; і для Ерузаліма даю вестуна радасці”. 28 І глядзеў Я, і не было нікога, нікога з іх, здатнага да рады, каб адказалі слова, калі іх запытаю. 29 Вось, усе яны — брыдота, марныя справы іх; вецер і нішчымнасць — статуі іх. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)