Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ПСАЛТЫР 79 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Псальм. Асафа. Божа, увайшлі паганы ў Тваю спадчыну, зганьбілі месца святое Тваё, Ерузалім пераўтварылі ў руіны.

2 Трупы слуг Тваіх аддалі на ежу птушкам нябесным, целы святых Тваіх — звярам зямным.

3 Разлілі іх кроў, нібы ваду, вакол Ерузаліма, не было каму заняцца пахаваннем.

4 Сталі мы ганьбаю суседзям нашым, здзекам і пасмешышчам для тых, што нас акружаюць.

5 Дакуль жа, Госпадзе? Ці вечна будзеш гневацца? Няўжо ўспыхне, як агонь, рэўнасць Твая?

6 Вылі гнеў Твой на паганаў, якія Цябе не прызналі, і на царствы, якія не прызывалі імя Твайго.

7 Бо яны зжэрлі Якуба, і сталец яго кінулі.

8 Не ўспамінай правіннасці продкаў нашых, няхай апярэдзіць нас міласэрнасць Твая, бо сталіся мы вельмі беднымі.

9 Падтрымай нас, Божа збаўлення нашага дзеля славы імя Твайго і вызвалі нас; і будзь міласцівы да грахоў нашых дзеля імя Твайго.

10 Чаму гавораць між паганамі: «Дзе іх Бог?» Хай стане вядомай між народаў перад вачамі нашымі помста крыві слуг Тваіх, якая вылілася.

11 Хай дойдзе да Цябе стогн вязняў, згодна з магуццем рукі Тваёй пакінь жывымі сыноў смерці.

12 І адгадзі суседзям нашым у сем разоў у нутро іх знявагу, якою зняважылі Цябе, Госпадзе.

13 Мы ж, Твой народ і авечкі Тваёй пашы, вызнаваць будзем Цябе век, з пакалення ў пакаленне будзем апавяшчаць Тваю хвалу.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы