АМОСА 5:15 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года) Ненавідзьце ліхоту, а любіце дабро, ды ўсталюйце ў браме справядлівасць! Можа злітавацца Госпад, Бог Магуццяў, над астаткам Язэпа. Біблія (пераклад А.Бокуна) Ненавідзьце ліха і любіце дабро, і пастаўце ў браме суд. Можа, ГОСПАД, Бог Магуцьцяў, будзе ласкавы да рэшты Язэпа. Біблія (пераклад В. Сёмухі) Зьненавідзьце зло і палюбеце дабро і аднавеце каля брамы правасудзьдзе; магчыма, Гасподзь Бог Саваоф пашкадуе рэшту Язэпавую. |
І сказалі яму паслугачы яго: «Вось, мы чулі, што цары дому ізраэльскага міласцівыя, дык надзеньма рыззё на клубы свае і вяроўкі на шыі свае і выйдзем да цара Ізраэля: можа, ён збавіць душу тваю».
І не пакінуў Госпад Ёахазу з народа нікога, акрамя пяцідзесяці коннікаў, і дзесяці калясніц, і дзесяці тысяч пяхоты; бо забіў іх цар Сірыі, і зрабіў іх як пыл на дарозе.
У дні Фацэя, цара Ізраэля, прыйшоў Тэглатпаласар, цар Асура, і ўзяў ён Агіён, і Абэл-Бэт-Мааху, і Яноэ, і Кадэс, і Асор, і Галаад, і Галілею, усю зямлю Нэфталі, і перасяліў іх у Асур.
Можа, пачуе Госпад, Бог твой, усе словы Рабсака, якога паслаў гаспадар яго, цар асірыйцаў, каб зневажаць Бога жывога, і пакарае яго за словы, якія пачуў Госпад, Бог твой; і памаліся за астатніх, якія яшчэ жывуць”».
Словы вуснаў яго — несправядлівасць і хітрасць, перастаў ён разумець, як чыніць дабро.
Любіць Госпад тых, што ненавідзяць ліха; сцеражэ Ён душы святых, — з рукі грэшніка вызваліць іх.
І назаўтра прамовіў Майсей да народа: «Зграшылі вы найвялікшым грахом; я пайду да Госпада, можа, змагу як-небудзь перапрасіць Яго за вашае злачынства».
Калі раскаецца народ гэты ў ліхоце сваёй, за якую наканаваў Я [пакаранне] на яго, то і Я раскаюся ў ліхоце, якую задумаў учыніць яму.
Гэта кажа Госпад: “Чыніце суд і справядлівасць, вызваляйце прыгнечанага з рук крыўдзіцеля, чужынцу, сіраце і ўдаве не рабіце крыўды ані ўціску несправядлівага, ды крыві бязвіннай не пралівайце ў гэтым месцы.
Бо вось што кажа Госпад: “Спявайце радасна ў гонар Якуба, усклікайце перад першым між народамі! Абвяшчайце, спявайце і кажыце: “Збаў, Госпадзе, народ Твой, рэшту Ізраэля!”
Вось што кажа Госпад Бог: «Хопіць вам, валадары Ізраэля; кіньце гвалт і прыгнёт і спаганяйце закон і справядлівасць! Перастаньце абдзіраць народ Мой! — кажа Госпад Бог.
Даніэль жа папрасіў цара і паставіў над справамі правінцыі бабілонскай Сэдрака, Місака і Абдэнагу; Даніэль жа прабываў пры царскай браме.
Хто ведае, ці не адумаецца Ён, і ці не даруе, і ці не пакіне па Сабе дабраславенне — ахвяры хлебныя і вадкія Госпаду, Богу вашаму?
Шукайце Госпада і будзеце жыць; каб Ён часам не абрушыўся на дом Язэпа, як агонь, і не паглынуў яго, і не будзе каму яго загасіць у Бэтэлі.
Ці бягуць коні па скалах, або ці арэцца мора валамі; вы ж замяняеце закон на атруту, а плод справядлівасці — на палын.
І прыйшоў да яго стырнавы, і сказаў яму: «Што ты спіш? Устань і прызывай Бога твайго, можа, Бог успомніць пра нас, і мы не папрападаем».
Хто ведае, можа, раздумаецца і пашкадуе Бог, і спыніцца абурэнне гневу Яго, і мы не загінем?»
Сабраннем збяру цябе ўсяго, Якубе; збяру ў адно рэшту Ізраэля, размяшчу разам статак у аўчарні, як жывёлу пасярод пашы; і будзе гармідар дзеля мноства людзей.
Але вы ў нянавісці маеце дабро і любіце зло. Здзіраеце з іх шкуры сілаю і цела ад касцей іх аддзяляеце».
Таму Ён пакіне іх да часу, у якім народзіць Тая, Якая мае нарадзіць; і астатак братоў Яго вернецца да сыноў Ізраэля.
Шукайце Госпада, усе пакорныя зямлі, якія спаўняюць закон Яго; шукайце справядлівасці, шукайце пакоры, можа, як-небудзь схаваецеся ў дзень абурэння Госпада.
Зноў убачыце розніцу паміж справядлівым і бязбожнікам, паміж тым, хто служыць Богу, і тым, хто не служыць Яму.
Улюбёны, не наследуй ліхому, але таму, што добрае. Хто добрае робіць, ёсць ад Бога, а хто робіць благое, той не бачыў Бога.