АМОСА 5 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Слухайце слова гэтае, якое я ўздымаю над вамі, плач, о доме Ізраэля; 2 упала і не мае сілы падняцца дзяўчына Ізраэля; кінута на зямлю сваю, няма, хто б яе падняў. 3 Бо гэта кажа Госпад Бог: “Горад, з якога выходзіла тысяча, застанецца ў ім сто; ды з якога выходзіла сто, застанецца ў ім дзесяць перад домам Ізраэля”. 4 Бо вось што кажа Госпад дому Ізраэля: “Шукайце Мяне, і будзеце жыць; 5 ды не шукайце Бэтэль, і не ўваходзьце ў Галгал, і не наведвайце Бээр-Сэбы, бо Галгал пойдзе ў няволю, а Бэтэль будзе нічым”. 6 Шукайце Госпада і будзеце жыць; каб Ён часам не абрушыўся на дом Язэпа, як агонь, і не паглынуў яго, і не будзе каму яго загасіць у Бэтэлі. 7 О вы, якія закон пераварочваеце ў палын, а справядлівасць топчаце па зямлі 8 Гэта, вось, Той, Хто стварыў зоркі Пляяды і Арыёна, Хто перамяняе цемру ў раніцу, а дзень ноччу зацямняе, Хто прызывае воды мора і разлівае іх па паверхні зямлі; Госпад — імя Яго. 9 Ён робіць так, што знішчэнне пануе над волатам, ды наводзіць Ён знішчэнне на крэпасць. 10 А яны ненавідзяць таго, хто судзіць у браме, не церпяць таго, хто кажа праўду. 11 Такім чынам, за тое, што тапталі беднага і частку збожжа бралі вы ад яго, дык вы будуеце сабе дамы з цясанага каменя, але не будзеце ў іх жыць; закладаеце вінаграднікі найлепшыя, але віна з іх не будзеце піць. 12 Бо пазнаў я многія вашы збродні і многія вашы грахі, о вы, крыўдзіцелі справядлівага, хабарнікі і прыгнятальнікі бедных у браме! 13 Вось чаму ў гэты час мудры маўчыць, бо гэта — час нядолі. 14 Шукайце дабра, а не ліхоты, каб жылі так, каб быў з вамі Госпад, Бог Магуццяў, так, як вы казалі. 15 Ненавідзьце ліхоту, а любіце дабро, ды ўсталюйце ў браме справядлівасць! Можа злітавацца Госпад, Бог Магуццяў, над астаткам Язэпа. 16 Дзеля таго кажа Госпад, Бог Магуццяў, Валадар: “На ўсіх плошчах плач, на ўсіх вуліцах будуць крычаць: “Гора, гора!”; ды будуць прызываць земляроба да жалобы і да галашэння — тых, што ўмеюць галасіць. 17 І ва ўсіх вінаградніках будзе плач, бо прайду пасярэдзіне цябе”, — кажа Госпад. 18 Гора тым, хто чакае дня Госпадавага! Нашто вам дзень Госпадаў? Ён — цемра, а не святло. 19 Гэта так, як бы хто ўцёк перад ільвом, а натрапіў на мядзведзя; як бы схаваўся ў дом і абапёрся рукой сваёй аб сцяну, а ўкусіла яго гадзіна. 20 Ці ж не цемра — дзень Госпадаў, ды не святло? Ці ж не цемрадзь без яснасці ў ім? 21 “Ненавіджу, брыджуся вашымі святамі і не маю ўпадабання ў вашых урачыстасцях. 22 Калі, вось, будзеце складаць Мне цэласпаленні, то вашы ахвяры не прыму і не зірну на ахвяры з сытых быкоў вашых. 23 Аддалі ад Мяне гармідар песняў сваіх, ды песні гусляў тваіх не буду слухаць! 24 Хай, як вада, цячэ прысуд, а справядлівасць — як ручай вечны. 25 Ці ж не складалі вы Мне ахвяр крывавых і ахвяр з ежы на працягу сарака гадоў у пустыні, доме Ізраэля? 26 Але і насілі вы Сакута, вашага цара, ды Кайвана, баговішчаў вашых, зорку вашых баговішчаў, якіх зрабілі сабе. 27 Таму перасялю вас за Дамаск”, — кажа Госпад; Бог Магуццяў — імя Яго. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)