МІХЕЯ 3 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 І сказаў я: «Слухайце, князі Якуба і правадыры дому Ізраэля: ці ж не ваш абавязак ведаць закон? 2 Але вы ў нянавісці маеце дабро і любіце зло. Здзіраеце з іх шкуры сілаю і цела ад касцей іх аддзяляеце». 3 Яны ядуць цела народа Майго і здзіраюць шкуру з іх; і ламаюць косці іх, і крышаць, нібы сушанае мяса ў кацёл і нібы мяса ў сярэдзіну гаршка. 4 Тады будуць яны прызываць Госпада, і Ён не выслухае іх, і схавае аблічча Сваё ад іх у той час дзеля ўчынкаў найгоршых, якіх яны дапусціліся. 5 Вось што кажа Госпад пра прарокаў, якія зводзяць народ Мой, якія, калі маюць што пажаваць зубамі сваімі, абвяшчаюць супакой; і калі хто нічога не ўложыць у рот іх, абвяшчаюць вайну супраць таго: 6 «Дзеля таго будзе вам ноч без бачання, і будзе вам цемра без прароцтва; і зойдзе сонца над тымі прарокамі, і цёмным стане дзень над імі. 7 І пасаромяцца прадказальнікі, і пасаромяцца варажбіты, і закрыюць вусны свае ўсе, бо не будзе адказу ад Бога». 8 А я — поўны моцы Духа Госпадавага, справядлівасці і мужнасці, каб выяўляць Якубу злачынства яго і Ізраэлю — грэх яго. 9 Слухайце гэта, князі дому Якубава і суддзі дому Ізраэлева, якія паганіце справядлівасць ды крывіце ўсё простае, 10 якія на крыві будуеце Сіён і Ерузалім — на злачыннасці. 11 Князі яго судзяць за падарункі, і святары яго вучаць за плату, і прарокі яго прадказваюць за грошы ды спасылаюцца на Госпада, кажучы: «Ці ж няма Госпада паміж намі? Не спадуць на нас няшчасці». 12 Дзеля таго з-за вас Сіён будзе заараны, як поле, і, як куча камянёў, стане Ерузалім, і гара святыні будзе лясным узгоркам. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)