АМОСА 7 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Вось жа, гэта паказваў мне Госпад Бог: і вось, Ён ствараў саранчу напачатку, калі адрасталі розныя травы, а была гэта атава на пакосах царскіх. 2 І вось жа, калі яна скончыла з’ядаць траву на зямлі, я сказаў: “Госпадзе Божа, будзь міласцівы, малю, як застанецца Якуб? Ён жа малы”. 3 Пашкадаваў Госпад яго. “Не станецца гэта”, — сказаў Госпад Бог. 4 Вось што паказаў мне Госпад Бог: і вось, клікаў на суд праз агонь Госпад Бог, і ён паглынуў вялікую бездань, ды паглынуў таксама частку [зямлі]. 5 Я прасіў: “Госпадзе Божа, перастань, малю, як жа застанецца Якуб, бо малы ён?” 6 Пашкадаваў Госпад яго. “Не станецца гэта”, — сказаў Госпад Бог. 7 Вось што паказаў мне Госпад Бог: вось жа, Муж стаіць на муры тынкаваным, і ў руцэ Яго кельня мулярская. 8 Дык сказаў Госпад Мне: “Што ты бачыш, Амосе?” І я сказаў: “Кельню мулярскую”. Дык сказаў Госпад: “Вось жа, я пакладу кельню пасярод народа майго, Ізраэля; больш ім не дарую. 9 І знішчаны будуць капішчы Ізаака, ды святыні Ізраэля будуць спустошаны, і пайду з мечам супраць дому Ерабаама”». 10 І паслаў Амазія, святар з Бэтэля, Ерабааму, цару Ізраэля, кажучы: «Змаўляецца супраць цябе Амос сярод дому Ізраэля; не зможа знесці зямля ўсіх размоў яго. 11 Гэта вось кажа Амос: “Ад меча памрэ Ерабаам, а Ізраэль будзе нявольнікам пераселены з сваёй зямлі”». 12 Дык сказаў Амазія Амосу: «Правідцу, ідзі, уцякай у зямлю Юды, і там еж хлеб, і там будзеш праракаваць; 13 а ў Бэтэлі болей не праракуй, бо гэта царская святыня і дом царства». 14 І ў адказ сказаў Амос Амазіі: «Я не прарок і не сын прарока, але я пастух і збіраю сікаморы. 15 І ўзяў мяне Госпад, калі я пасвіў статак, і сказаў мне Госпад: “Ідзі, праракуй народу Майму Ізраэлю”. 16 А цяпер паслухай слова Госпада! Ты кажаш: “Не праракуй супраць Ізраэля і не прадказвай адносна дому Ізаака”. 17 Дзеля таго вось што кажа Госпад: “Жонка твая ў горадзе будзе распуснай. Сыны ж і дочкі ад меча папрападаюць. Зямля твая будзе вяроўкай падзелена. Ты ж на зямлі спаганенай памрэш, а Ізраэль нявольнікам будзе пераселены з зямлі сваёй”». |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)