2 ЦАРСТВАЎ 16 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 І калі Давід сышоў крыху з вяршыні гары, пераняў яго Сіба, паслугач Мэрыбаала, з наладаванымі двума асламі, на якіх нагрузілі дзвесце хлябоў, і сто звязак разынак, і сто пучкоў летніх пладоў, і бурдзюк віна. 2 І спытаўся цар у Сібы: «Што яны жадаюць сабе за гэта?» І Сіба адказаў: «Гэтыя аслы — для дома цара; і хлябы, і плады летнія — на ежу паслугачам тваім; а віно — каб піў той, хто зняможацца ў пустыні!» 3 І пытаўся цар: «Дзе сын гаспадара твайго?» І Сіба адказаў цару: «Ён застаўся ў Ерузаліме, кажучы: “Сёння верне мне дом Ізраэля царства бацькі майго”». 4 І сказаў цар Сібе: «Вось, тваё ўсё, што належала Мэрыбаалу». І Сіба сказаў: «Прашу, хай знайду я ласку ў цябе, гаспадар мой, цар». 5 І прыйшоў цар Давід у Бахурым, і, вось, выйшаў адтуль чалавек з роду дому Саўлава, на імя Сямэй, сын Гэра, і ішоў, на хаду праклінаючы яго, 6 і кідаў камяні ў Давіда і ва ўсіх паслугачоў цара Давіда. А ўвесь народ і ўсе ваяры наймагутнейшыя ішлі побач з царом з правага і з левага боку. 7 А Сямэй, калі праклінаў цара, гаварыў так: «Ідзі, ідзі прэч, крывавы чалавек і чалавек Бэліяла! 8 Аддаў табе Госпад усю кроў дому Саўла, бо забраў ты царства ў яго. Таму аддаў Госпад царства ў рукі Абсалома, сына твайго; і вось, прыціскаюць цябе ліхоты твае, бо ты — крывавы чалавек». 9 І сказаў Абісай, сын Сэруі, цару: «Чаму праклінае гэты здохлы сабака гаспадара майго, цара? Пайду і адсяку яму галаву». 10 І цар сказаў: «Што мне і вам, сыны Сэруі? Калі ён праклінае і калі яму Госпад загадаў, каб праклінаў Давіда, хто асмеліцца сказаць: “Чаму ты так зрабіў?”» 11 І сказаў цар Абісаю і ўсім сваім паслугачам: «Вось, сын мой, які выйшаў з нутра майго, цікуе на жыццё маё; тым больш зараз гэты сын Бэньяміна. Не перашкаджайце яму праклінаць па загадзе Госпадавым. 12 Можа, Госпад гляне на смутак мой і аддасць мне дабром за сённяшні праклён». 13 І ішоў Давід і людзі яго дарогаю далей; а Сямэй ішоў па горнай градзе збоку, праклінаючы, і кідаючы камяні ў яго, і абсыпаючы зямлёй. 14 І прыйшоў цар і ўвесь народ яго, змучаныя, аж да водаў, і там адпачылі. 15 А Абсалом і ўвесь народ яго, людзі Ізраэля, увайшлі ў Ерузалім, і Ахітатэл быў разам з ім. 16 А калі Хусай, арахеец, сябар Давіда, прыйшоў да Абсалома, то сказаў яму: «Хай жыве цар! Хай жыве цар!» 17 Сказаў яму Абсалом: «Ці такая твая ласка да сябра твайго? Чаму ты не пайшоў з сябрам тваім?» 18 Адказаў Хусай Абсалому: «Ніякім чынам; бо каго выбраў Госпад, і гэты народ, і ўвесь Ізраэль, таму чалавеку я і належу і з тым я застануся. 19 А да таго ж, каму я маю служыць? Ці ж не сыну царскаму? Як служыў я бацьку твайму, так буду паслухмяны і табе». 20 І сказаў Абсалом Ахітатэлу: «Дайце параду: што маем рабіць?» 21 І сказаў Ахітатэл Абсалому: «Увайдзі да наложніц бацькі свайго, якіх ён пакінуў пільнаваць дом; каб, калі пачуе ўвесь Ізраэль, што ты абняславіў бацьку свайго, умацаваліся рукі ўсіх прыхільнікаў тваіх». 22 І паставілі палатку Абсалому на даху; і ён на вачах усяго Ізраэля ўвайшоў да наложніц бацькі свайго. 23 А парада Ахітатэла, якую ён даваў у гэты час, была быццам слова Бога; такая была ўсякая парада Ахітатэла, і калі быў ён з Давідам, так і калі быў з Абсаломам. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)