Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ПСАЛТЫР 37 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)


1 АЛЕФ. Давідаў.

1 АЛЕФ. Давідаў. Не зайздросць ліхадзеям і не наследуй тым, што робяць несправядлівасць.

2 Бо высахнуць і ападуць яны хутка, як сена і быццам зялёная трава.

3 БЭТ. Спадзявайся на Бога і рабі дабро, і будзеш жыць на зямлі і даглядацца вераю.

4 Знайдзі радасць у Госпадзе, і дасць Ён табе тое, чаго патрабуе сэрца тваё.

5 ГІМЭЛЬ. Даручы Госпаду свой шлях і спадзявайся на Яго, і Ён здзейсніць.

6 І выявіць Ён, быццам зару, справядлівасць тваю, а суд твой — бы поўдзень.

7 ДАЛЕТ. Скарыся ў Госпадзе і ўскладзі на Яго ўсю надзею; не зайздросць таму, хто мае шанец на шляху сваім, чалавеку, які чыніць падкопы.

8 ГЭ. Перастань гневацца і апануй абурэнне, не будзь зайздросны да таго, што вядзе да ліха.

9 бо тыя, што чыняць ліха, будуць знішчаны, а хто спадзяецца на Госпада — зямлю ўспадкаеміць.

10 ВАЎ. Яшчэ нямнога і не будзе грэшніка; глянеш на месца яго — і не знойдзеш яго.

11 А вось пакорныя ўспадкаемяць зямлю і адчуюць асалоду ў бязмежнасці супакою.

12 ДЗАЙН. Настаўляе пастку грэшнік на справядлівага і скрыгоча супраць яго зубамі сваімі.

13 Але Госпад смяецца з яго, бо Ён ведае заўтрашні дзень яго.

14 ГЭТ. Вымаюць грэшнікі меч з похваў, нацягваюць лук свой, каб пасцінаць беднага і няшчаснага, каб знішчыць тых, што ідуць правільным шляхам.

15 Меч іх уваткнецца ў іх жа сэрца, а лукі іх паломяцца.

16 Лепшая дробязь у справядлівага, чым вялікі дастатак у грэшнікаў.

17 Бо рамёны грэшнікаў саслабеюць, а справядлівым Госпад надасць сілу.

18 ЁД. Вызначыў Госпад дні беззаганных, і спадчына іх будзе навечна.

19 Не пасаромеюцца яны ў ліхую часіну і ў дні голаду будуць насычаны.

20 КАФ. Бо грэшнікі згінуць, і ворагі Госпада змарнеюць, бы зяленіва палёў, змарнеюць, нібыта дым.

21 ЛЯМЭД. Грэшнік пазычае, але не вяртае, а справядлівы шкадуе і аддае.

22 Бо дабраславёныя Яго ўспадкаемяць зямлю, а праклятыя Ім будуць знішчаны.

23 МЭМ. Крок чалавека спасіляецца Госпадам, і ахвотна пойдзе той шляхам Яго.

24 Калі ж паваліцца ён, то не паб’ецца, бо Госпад падставіць руку Сваю.

25 НУН. Быў я малады і састарэў, і не бачыў я, каб справядлівы быў пакінуты і каб дзеці яго прасілі хлеба.

26 Цэлы дзень чыніць Ён міласэрнасць і пазычае, і дзеці яго ў дабраславенні будуць.

27 САМЭК. Ухіляйся ад ліха і рабі дабро, і будзеш ты жыць у вяках.

28 Бо Госпад любіць справядлівасць і не пакіне сваіх святых. АЙН. А несправядлівыя загінуць навечна, і нашчадкі бязбожнікаў будуць знішчаны.

29 А справядлівыя ўспадкаемяць зямлю і век будуць жыць на ёй.

30 ФЭ. Вусны справядлівага спяваюць праўду і язык яго гаворыць тое, што правільна.

31 Закон Бога яго ў сэрцы яго, і не хістаюцца яго ногі.

32 САДЭ. Сочыць грэшнік за справядлівым і імкнецца забіць яго.

33 Але Госпад не пакіне яго ў руках таго, не асудзіць яго, калі тыя будуць асуджаны.

34 КОФ. Чакай Госпада і пільнуй шлях Яго, і Ён узвысіць цябе, каб атрымаў ты ў спадчыну зямлю; калі будуць знішчаны грэшнікі, ты ўбачыш.

35 РЭС. Бачыў я бязбожніка, які надзімаўся ад пыхі і ўзвышаўся, быццам кедр зялёны,

36 і я прайшоў міма, і вось не было ўжо яго; і шукаў я яго, а ён не знайшоўся.

37 СІН. Назірай за бязгрэшным і глядзі на справядлівага, бо будучыня належыць чалавеку міратворцу.

38 А несправядлівыя згінуць разам, будучыня бязбожнікаў будзе знішчана.

39 ТАЎ. Збаўленне справядлівых у Госпада; і Ён абаронца ў час бяды.

40 І ўспамагае ім Госпад, і вызваляе іх, і вырывае іх ад бязбожных, і збаўляе іх, бо яны хінуцца да Яго.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы