МІХЕЯ 2 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Гора тым, якія задумваюць беззаконне і абдумваюць ліхоцце на ложках сваіх! На світанні здзяйсняюць задуманае, бо на тое стае моцы ў руках іх. 2 Захочуць яны палёў — і забіраюць іх сілаю, захочуць дамоў — і адбіраюць іх. І бяруць у няволю чалавека і дом яго, рабуюць чалавека і спадчыну яго. 3 Дзеля таго вось што кажа Госпад: «Вось, Я маю намер на род гэты навесці такое ліха, ад якога вы не ўхіліце каркаў вашых; і не будзеце хадзіць ганарліва, бо час прыйдзе самы жудасны. 4 У той час будуць казаць прыпавесць аб вас і бедаваць, галосячы: “Спусташэннем мы абрабаваныя; доля народа майго мяняецца; няма нікога, хто б нам яе вярнуў; палі нашы падзелены між іншаверцамі”. 5 Таму не будзеш мець нікога, хто кінуў бы жэрабя на сабранні Госпадавым. 6 “Не праракуйце!” Але яны праракуюць! “Не праракуйце гэтага, не дасягне нас ганьба!” 7 Ці будзе пракляты дом Якуба? Ці зменшыўся Дух Госпадаў, або ці такія ўчынкі Яго? Ці словы Яго не спагадныя да тых, хто справядліва робіць? 8 Вы ж паўстаеце супраць народа Майго, як ворагі. Вы здымаеце з яго верхнюю і споднюю вопратку; 9 Жанчын народа Майго выганяеце вы з іх утульных дамоў, дзяцей іх пазбаўляеце ласкі Маёй навечна. 10 Уставайце і ідзіце, бо не маеце тут супачынку! Дзеля нячыстасці сваёй будзеце вы знішчаны пакараннем самым страшэнным. 11 Калі які чалавек, ветрам узбуджаны, скажа хлусліва: “Я буду праракаваць табе пра віно і напоі”, той быў бы прарокам гэтага народа. 12 Сабраннем збяру цябе ўсяго, Якубе; збяру ў адно рэшту Ізраэля, размяшчу разам статак у аўчарні, як жывёлу пасярод пашы; і будзе гармідар дзеля мноства людзей. 13 Пойдзе бо перад імі правадыр; разбураць яны і пройдуць праз браму, выйдуць праз яе. І пойдзе цар іх перад імі, і Госпад на чале іх». |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)