ЕРАМІІ 31 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 «У той час, — кажа Госпад, — Я буду Богам для ўсіх плямёнаў Ізраэля, а яны будуць Мне народам». 2 Гэта кажа Госпад: «Знайшоў ласку ў пустыні народ, які ўратаваўся ад меча. Ізраэль пойдзе да месца супачынку свайго». 3 Госпад аб’явіўся мне здалёк: «Я ўзлюбіў цябе любоўю вечнаю, дзеля таго прыгарнуў цябе з міласэрнасцю. 4 Я зноў адбудую цябе, і будзеш ты адбудаваная, дзева Ізраэля. Ты зноў аздобішся бубнамі сваімі і выйдзеш у карагодзе вясёлым. 5 Ты зноў будзеш садзіць вінаграднікі на ўзгорках Самарыі, і будуць садзіць іх і збіраць вінаград земляробы. 6 Надыдзе бо дзень, калі вартаўнікі закрычаць на гары Эфраіма: “Уставайце, узыдзем на Сіён да Госпада, Бога нашага”. 7 Бо вось што кажа Госпад: “Спявайце радасна ў гонар Якуба, усклікайце перад першым між народамі! Абвяшчайце, спявайце і кажыце: “Збаў, Госпадзе, народ Твой, рэшту Ізраэля!” 8 Вось, Я прывяду іх з зямлі паўночнай і збяру іх з канцоў зямлі, між імі будуць сляпы і кульгавы, жанчына цяжарная і парадзіха разам: вялікая грамада тых, што вяртаюцца сюды. 9 Яны выйшлі плачучы, але Я прывяду іх з радасцю, Я павяду іх праз ручаі водныя, дарогай прамой, і не будуць яны спатыкацца на ёй, бо Я стаўся для Ізраэля бацькам, а Эфраім — першародны Мой”». 10 Народы, паслухайце слова Госпада, і абвясціце на астравах, што воддаль, і скажыце: «Той, Хто расцярушыў Ізраэля, збярэ яго; і будзе берагчы яго, як пастух статак свой». 11 Адкупіў бо Госпад Якуба і вызваліў яго з рукі дужэйшага за яго. 12 І прыйдуць яны, і будуць спяваць хвалу на гары Сіён, і прыгарнуцца да даброццяў Госпада: збожжа, і віна, і аліўкавага алею, ягнят і цялят; і душа іх станецца, як сад абводнены, і не будуць яны больш прагнуць. 13 «Тады будзе радавацца дзяўчына ў карагодзе, і юнакі, і старыя ўсе разам. І замяню Я смутак іх на радасць, і пацешу іх, і ўзвесялю па іх пакутах. 14 І насычу душу святароў тлустасцю, а народ Мой будзе напоўнены дабротамі Маімі», — кажа Госпад. 15 Гэта кажа Госпад: «Чуецца ў Раме голас ляманту, плач і галашэнне Ракелі, якая аплаквае сыноў сваіх і не хоча супакоіцца дзеля іх, бо няма іх». 16 Гэта кажа Госпад: «Хай супакоіцца твой голас ад плачу і вочы твае ад слёз, бо ёсць узнагарода за працу тваю, — кажа Госпад, — і яны вернуцца з зямлі варожай. 17 І ёсць надзея дзеля будучыні тваёй, — кажа Госпад, — і вернуцца сыны ў межы свае». 18 Слухаў Я і пачуў перасяленца Эфраіма: «Пакараў Ты мяне, і я навучаны, як нерахманае цяля. Навярні мяне, і я навярнуся, бо Ты — Госпад, Бог мой! 19 Як бо навярнуў Ты мяне, я пакаяўся, а калі паказаў Ты мяне, я ўдарыў па сцёгнах сабе, засаромеўся і пачырванеў, бо атрымаў я за ганьбу маладосці сваёй». 20 «Ці ты, Эфраім, не дарагі сын Мой і ці не мілае дзіця? Бо колькі разоў гаварыў Я пра яго, а ён усё прыгадваецца Мне? Таму знемаглося нутро Маё дзеля яго, і, шкадуючы, пашкадую яго», — кажа Госпад. 21 Пастаў сабе камяні, парасстаўляй сабе знакі на дарогах, звярні сэрца сваё на дарогу, на шлях, якім ішла; вярніся, дзева Ізраэля, вярніся да гэтых гарадоў сваіх! 22 Дакуль будзеш бадзяцца, дачка непакорлівая? Госпад бо стварыў навіну на зямлі: жанчына збавіць мужа. 23 Гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: «Дагэтуль будуць гаварыць гэтае слова ў зямлі Юдэйскай і ў гарадах яе, калі Я перамяню лёс іх: “Хай дабраславіць цябе Госпад, жытло справядлівасці, гара святая”. 24 І абжывуцца ў ёй Юда, і ўсе разам гарады яе, земляробы і тыя, што за статкам ходзяць. 25 Бо напаю Я душу знямоглую, і кожную душу згаладнелую накармлю». 26 На гэтым як бы ад сну я прачнуўся і глянуў, і сон мой быў мне прыемны. 27 «Вось жа, надыходзяць дні, — кажа Госпад, — і Я засею дом Ізраэля і дом Юды семем людзей і семем жывёлы. 28 І як рупіўся Я пра іх, каб вырываць і нішчыць, раскідваць, губіць і пераследаваць, так буду рупіцца пра іх, каб адбудаваць іх і засадзіць — кажа Госпад. 29 У тыя дні не будуць яны ўжо казаць: “Бацькі елі горкія ягады, а зубы сыноў здранцвелі”, 30 але кожны памрэ за сваю злачыннасць, і ў кожнага чалавека, які будзе есці горкія ягады, здранцвеюць зубы яго. 31 Вось, надыходзяць дні, — кажа Госпад, — і Я заключу з домам Ізраэля і з домам Юды новы запавет. 32 Не такі запавет, які заключыў Я з бацькамі іх, у дзень, калі ўзяў іх за руку, каб вывесці іх з зямлі Егіпецкай, запавет, які яны парушылі, а Я ж валадарыў над імі, — кажа Госпад. 33 Але вось якім будзе запавет, які Я заключу з домам Ізраэля па тых днях, — кажа Госпад, — Я размяшчу закон Мой у нутры іх ды ў сэрцы іх напішу яго, і буду ім Богам, а яны будуць Мне народам. 34 І не будзе вучыць болей чалавек блізкага свайго і брат брата свайго, кажучы: “Спазнай Госпада”, бо ўсе ад найменшага з іх аж да найбольшага будуць ведаць Мяне, — кажа Госпад, — бо Я прабачу злачынствы ім і пра грахі іх не буду больш узгадваць». 35 Гэта кажа Госпад, Які дае сонца, як свяціла дня, парадак месяцу і зоркам, як свяцілам ночы, Які хвалюе мора, што шумяць хвалі яго, імя Яму — Госпад Магуццяў: 36 «Калі б зніклі гэтыя законы перад абліччам Маім, — кажа Госпад, — тады б знікла і насенне Ізраэля і не было б перада Мною народам на ўсе дні. 37 Гэта кажа Госпад: “Калі магчыма будзе змерыць неба ўгары і даследаваць падваліны зямлі ўнізе, тады і Я адкіну ўсё семя Ізраэля за ўсё тое, што яны зрабілі”, — кажа Госпад. 38 “Вось, надыходзяць дні, — кажа Госпад, — калі будзе адбудаваны горад Госпада ад вежы Хананээль аж да вонкавай брамы. 39 І будзе цягнуцца далей шнур для мерання наўпрост, аж да ўзгорка Гарэб, ды зверне на Гоа. 40 І ўся лагчына трупаў і попелу, ды ўсё наваколле аж да ручая Цэдрон, да рога брамы Конскай на ўсход — святыня Госпада, і не будуць яны ўжо больш знішчаныя і зруйнаваныя навекі”». |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)